«Я такіх у армухе піз**іў гумовым дручком». Спецназавец пра ўдзельнікаў Свята Незалежнасці


Пасля 25 сакавіка па ўсім сеціве разляцеліся фатаздымкі таго, як беларусы святкавалі Дзень Волі. Вялкая колькасць здымкаў была зроблена на Свяце Незалежнасці, якое было санкцыянавана гарадскімі ўладамі.

У сацыяльнай сетцы «УКантакце» у суполцы «Падслухана | Пружаны» апублікавалі два фотаздымкі, якія былі зробленыя падчас святкавання.

У каментарыі пад пастом прыйшоў Антон Кісялевіч – спецназавец, які, па яго словах, раней удзельнічаў у разгонах масавых акцыяў.

 

Кісялевіч заяўляе, што абараняў закон і парадак у краіне, таксама распавядае і пра метады, якімі ён карыстаўся. Па нумару тэлефона, які пазначаны ў Кісялевіча на старонцы, звязацца з ім не атрымалася.

25 сакавіка кожнага году ў Беларусі адбываюцца мірныя акцыі пратэсту, якія часцей за ўсё суправаджаюцца разгонамі і перавышэннем службовых паўнамоцтваў з боку міліцыі. У мінулым годзе брутальна затрымалі каля 700 чалавек, на частку з іх былі складзеныя пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях, шмат каму прысудзілі адміністратыўныя арышты.

Менск, Дзень Волі 25 сакавіка 2017. “Працуюць” праваахоўнікі – па горадзе каля 700 затрыманых

У гэтым годзе таксама не абышлося без разгонаў. Праваахоўнікі сарвалі святочнае шэсце, якое мелася пачацца на Плошчы Якуба Коласа. Людзей, якія ішлі да плошчы затрымлівалі і садзілі ў аўтазакі. Па раздачу трапілі і звычайныя мінакі.

У адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь, людзі маюць поўнае права на свабоду мірных сходаў. Таксама мірныя сходы не павінныя рэгулявацца ўладамі і арганізатары не мусяць атрымліваць дазвол на правядзенне такіх акцыяў. Права на свабоду мірных сходаў – адно з асноўных правоў чалавека.

А Антону Кісялевічу і ягоным калегам, якія разганяюць мірныя сходы мы нагадаем, што можна адмовіцца ад выканання незаконных загадаў. Таксама трэба памятаць, што перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якое суправаджалася гвалтам, ужываннем зброі або балючымі і абражаючымі асабістую годнасць чалавека дзеяннямі, караецца пазбаўленнем волі ад 3 да 8 гадоў.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў