«Я – самая паслядоўная прыхільніца байкоту». Рэпартаж з пікету Ірыны Халіп


Журналістка, экс-палітзняволеная Ірына Халіп балатуецца ў дэпутаты па 110-й Партызанскай акрузе – і называе сябе «самай паслядоўнай прыхільніцай байкоту». Ці няма тут парадоксу і што думаюць пра гэта звычайныя людзі? Belsat.eu даведаўся, правёўшы дзень ля пікету, дзе ініцыятыўная група збірае подпісы ў падтрымку Халіп.

15-я гадзіна, занадта спякотны для верасня дзень. Каля выхаду з метро «Трактарны завод» натоўп: рабочыя скончылі змену і вяртаюцца дадому. Раён выглядае даволі эклектычна: палаткі з садавінай, выпечкай і півам (апошняя прыцягвае больш за ўсё народу), раскладзены на продаж проста на асфальце, як у 90-х, танны трыкатаж, кволая лаянка гандлярак. А пасярод гэтага мурашніку – самаробны стэнды з бел-чырвона-белым сцягам і сцягам «Еўразвязу».

Мужчына спачатку зняў стэнд і людзей вакол яго на тэлефон. Затым на невялікую відэакамеру. Стэнд «Белай Русі» ён не здымаў.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»
Ірына Халіп балатуецца па 110-й выбарчай акрузе Менску

«Вот все эці Польшчы, Еўропа – будучае ў іх не очэнь, там жэ прыродныя рэсурсы заканчываюцца», – спяшаецца падзяліцца думкамі першы ж мінак у спартовым касцюме.

У адказ чальцы ініцыятыўнай групы, пара сталага веку Валянціна Каралёва і Мікола Вязкоў у адзін голас спрабуюць патлумачыць, што такое «еўрапейскі выбар». Праўда, няўдала: «спартовец» толькі махае рукой і сыходзіць. Вязкоў і Каралёва – чальцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але збіраюць подпісы за Халіп, бо ведаюць яе асабіста і падзяляюць погляды.

«Мы былі ў групе Саннікава падчас выбараў 2010 году, а ў канкрэтнай такой апазіцыі – ад 1996-га, пасля рэферэндуму далучыліся. Навошта цяпер удзельнічаем? Проста, каб нагадаць Беларусі, што яна яшчэ трошкі жыве», – усміхаецца Вязкоў.

Hавiны
Фаварытка Лукашэнкі Марыя Васілевіч ідзе ў дэпутаты
2019.09.09 10:46

Больш за ўсё ўвагу да пікету прыцягвае нацыянальная сімволіка. Прычым, і ў негатыўным плане таксама. Асабліва бурна рэагуе мужчына гадоў 30. Называецца Максімам, кажа, што працуе на МТЗ.

«Халіп? Журналістка? Ой, апазіцыя неяк адпужвае. Гэта ж тыя, што заклікаюць падарваць рэстарацыю «Паедзем-паядзім», не? Ды што гэтыя дэпутаты зменяць, калі ў нас толькі адзін…лялькавод. Настрой упадніцкі ва ўсіх. Застаецца толькі чакаць, калі памрэ, вы зразумелі хто», – даверліва паніжае голас рабочы.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Здзіўляе, але часам людзі старэйшага веку настроены больш аптымістычна. Жанчына-пенсіянерка доўга ўглядаецца ў партрэт Халіп на стэндзе, чытае ўслых «Аўтар журналісцкіх расследаванняў…». і раптам выпальвае:

«Ну і цудоўна, даўно ўжо час! Колькі Лукашэнку можна заставацца? Гэта ж наўпроставы здзек з народу. Няхай праўда нарэшце возьме верх», – яна працягвае пашпарт і пакідае подпіс.

Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Чальцы ініцыятыўнай групы прызнаюць: за дзве гадзіны сабралі толькі 9 подпісаў, але цікаўных падыходзіла значна больш.

«Часта гэтыя людзі адмыслова прыходзяць з іншых акруг, не разумеючы, што так нельга, даводзіцца тлумачыць. Адна пара прыехала ажно з Зяленага лугу, бо даведаліся, што мы тут за Ірыну збіраем», – кажа Дзіяна Мікульская, якая замяніла пасля 2-гадзіннай варты папярэдніх зборшчыкаў.

Інфаграфіка
Хто ідзе на выбары? Гайд па кандыдатах ад апазіцыі
2019.09.06 11:29

Супернік – Думбадзэ

Тым часам праз дарогу тры маладыя дзяўчыны выстаўляюць акуратную белую тумбу «Белай Русі», і плакат з біяграфіяй суперніка Халіп па акрузе – журналіста дзяржаўнага тэлеканалу АНТ Тэнгіза Думбадзэ. На пытанне, што яны думаюць пра сваіх суседзяў, адна з дзяўчын кажа: «Вельмі добра, што ёсць канкурэнцыя». Яны працуюць у машынабудаўнічым каледжы і сцвярджаюць, што збіраюць подпісы за Думбадзэ па ўласным жаданні.

Пікет «Белай Русі».
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

– А як вы апынуліся ў ініцыятыўнай групе Думбадзэ?

– Быў сход актыву «Белай Русі» на працы, адкрытым галасаваннем абралі, хто будзе балатавацца па нашай акрузе. Потым прыходзіў сам Думбадзэ на гутарку з калектывам, нам ён падаўся чалавекам дасведчаным, абазнаным. Ягоная праца на тэлебачанні шмат гаворыць», – афіцыйным тонам адказвае дзяўчына, якая назвалася Наталляй.

На пікеце «Белай Русі» збіраюць подпісы за Тэнгіза Думбадзэ.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Да пікету Думбадзэ мінакі праяўляюць менш цікаўнасці. Пры нас хлопец нападпітку доўга разглядаў партрэт патэнцыяльнага кандыдата, а потым прапанаваў сябру падпісацца, бо «Грузія – цудоўная краіна», ён там адпачываў летась. Маладая жанчына пакінула подпіс, бо «твар знаёмы». «А ўвогуле я палітыкай не цікаўлюся», – дадае яна рэфрэн, блізкі многім беларусам. Кажуць, учора Думбадзэ асабіста стаяў у пікеце і «адказваў на пытанні грамадзян».

«Мне падаецца, няма ніякага сэнсу галасаваць за яго, гэта ж чалавек несвабоднага слова», – мімаходзь заўважае пенсіянерка з клумкамі.

Ірына Халіп: «Я хачу абудзіць людзей»

Пасля 17-й гадзіны да свайго стэнду падыходзіць Ірына Халіп, абдымае і цісні рукі паплечнікам. Зрэшты, нас цікавіць галоўнае пытанне: чаму чалавек, які шмат гадоў выступаў за байкот любых выбарчых кампаніяў у Беларусі, цяпер балатуецца ў Палату прадстаўнікоў. Што ж змянілася?

«У краіне змянілася шмат чаго, ува мне – абсалютна нічога. І парадоксу тут няма ніякага. Я б вельмі хацела выбраць сабе нешта раз і назаўжды. Я захапляюся байкотам! Я самая паслядоўная прыхільніца байкоту ў нашай краіне, але я разумею, што яго немагчыма прымяняць і ў кампаніях 10-гадовай або 3-гадовай даўніны, і цяпер.

Ірыне Халіп трэба сабраць на сваё падтрыманне не менш за тысячу подпісаў

У 2016 годзе байкот быў адзінай правільнай стратэгіяй, але сітуацыя змянілася. Менавіта ў гэты момант ад байкоту варта адмовіцца. Глядзіце, чаму: у 2016-м нас не спрабавалі прэсаваць з усходу, не прапаноўвалі поўную інтэграцыю. У наступным месяцы завязуць паліва на БелАЭС, дзе рэактары качаліся па зямлі, гэта таксама пагроза.

Ну і людзі губляюць надзею, пагружаюцца ў беспрасветную цемру застойнага савецкага жыцця, а-ля позні Брэжнеў-ранні Андропаў. Людзі размаўляюць на кухнях, разумеючы, што ад іх нічога не залежыць. І адсюль пачынаюцца самакацікі, Зыбіцкая, і падаецца, што жыццё наладжваецца. Але гэта як штучныя фрукты на вітрынах, унутры – пустэча. І я сама пачала адчуваць, што або трэба з’язджаць, або нешта змяняць.

Я праўда хачу, каб гэтая краіна змянілася, каб сюды маглі вярнуцца мае сябры, мой муж… Усё вельмі кепска, але варта выцягваць сябе з багны за валасы. Я не ведаю калі – зіма, вясна, наступны год, але я хачу, каб нас было шмат», – кажа Халіп.

Мужына аддае свой подпіс Ірыне Халіп.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Яна падкрэслівае, што гаворка не ідзе пра нейкую маштабную акцыю пратэсту прымеркаваную да дня выбараў – 17 лістападу. І нават не пра тое, каб «патрапіць у Палату». Для Ірыны Халіп кампанія гэтая не столькі электаральная, колькі інфармацыйная. «Я хачу абудзіць людзей», – прызнаецца журналістка.

– А што, калі б раптам вы ўсё ж сталі дэпутатам? Якія першыя крокі зрабілі б?

– Па-першае я там не апынуся. Тэарэтычна – патлумачыла б тым, хто там апынуўся – яны ніхто, іх зваць ніяк і калі яны хочуць вярнуць сабе імя, рэпутацыю, то варта вяртаць свабодныя выбары і адпраўляць у адстаўку таго, хто незаконна ўтрымлівае ўладу.

– Рэанімаваць ідэю імпічменту?

– Так! Але заўважце, гэта не я першай сказала.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў