«Я сам вадзіў каня». Лукашэнка з сынам праехаўся на камбайне і распавёў пра сваё дзяцінства


Сёння Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання гаспадарак у Шклоўскім і Аршанскім раёнах падзяліўся ўспамінамі з дзяцінства.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка прыбыў на пшанічнае поле ААТ «Александрыйскае» на квадрацыкле і адразу адзначыў, што сённяшнія месцы абраныя для наведвання не выпадкова.

«Я сёння прыехаў на працу. Гэта поле прэзідэнта. Калісьці хтосьці з лёгкай рукі гэта сказаў. Гэта сапраўды маё поле, дзе я працаваў», – растлумачыў ён.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на гэтым полі ён працаваў з малых гадоў, і ў сувязі з гэтым у яго захаваліся два найбольш яркія ўспаміны.

«Першае, калі я сам вадзіў каня, абганяючы бульбу. Поле было падзелена на тры часткі. Было 12 гадзін дня, спякота неймаверная, авадні, мухі». – распавёў ён.

«А потым ужо я сам абганяў бульбу (гэта другое ўражанне), а малодшы стрыечны брат вадзіў каня. Ён быў крыху меншы за мяне ростам, і яму ўвесь час трэба было ісці, трымаючы рукі ўверх, – каня весці», – падзяліўся ўспамінамі Аляксандр Лукашэнка, піша БелТА.

«Увогуле ўражання не цалкам добрыя па тых часах, але вельмі карысныя для цяперашняга часу», – дадаў ён.

Затым Лукашэнка прапанаваў выпрабаваць камбайн на хаду. Месца камбайнера заняў адзін з працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, а побач з ім размясціўся малодшы сын Лукашэнкі Мікалай. Сам Аляксандр Лукашэнка заняў месца на пляцоўцы ля кабіны: «Я хачу праверыць, які гэты камбайн у эксплуатацыі».

Лукашэнка на камбайне. У кабіне сядзіць ягоны малодшы сын Мікалай. Фота – president.gov.by

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў