«Я прыйшоў, цябе няма». Дэбаты Зяленскага і Парашэнкі на стадыёне не адбудуцца


14 красавіка кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі адмовіўся прыйсці на дэбаты з удзелам Пятра Парашэнкі.

«Я туды не паеду», – заявіў Зяленскі ў размове з агенцтвам «Новини Украины». Палітык патлумачыў сваё рашэнне тым, што на кіеўскім стадыёне «Олимпийский» супраць яго рыхтуецца правакацыя.

Пётр Парашэнка прыехаў на стадыён. Трансляцыя ягонага выступу з’явілася на афіцыйным «Facebookʼу» палітыка.



Дэбаты меліся адбыцца сёння а 14:00 паводле кіеўскага часу на стадыёне «Олимпийский» у Кіеве. 13 красавіка Пётр Парашэнка заклікаў Зяленскага прыйсці на дэбаты праз «Facebook».

12 красавіка заснавальнік музычнага агенцтва «Karabas» Максім Плахцій звярнуўся праз свой «Facebook» да Парашэнкі і Зяленскага з просьбаю не ўводзіць людзей у зман, бо а 14:00 14 красавіка на стадыёне маюць адбыцца іншыя дэбаты – дыскусія прадстаўнікоў білетных аператараў у межах «Kyiv Music Days 2019».

Ініцыятарам правесці дэбаты на стадыёне выступіў Уладзімір Зяленскі. Парашэнка прыняў ягоны выклік і прапанаваў 14 красавіка.

Hавiны
Дэбаты пра дэбаты. Украінцы вымагаюць ад кандыдатаў рэальнай сустрэчы
2019.04.05 16:03

Афіцыйныя дэбаты запланаваныя на 19 красавіка. 8 красавіка Уладзімір Зяленскі папрасіў сваіх падпісчыкаў з «Instagram’у» напісаць пытанні, якія яны хацелі б задаць ягонаму апаненту.

Палітык таксама заявіў, што возьме ўдзел у «стадыённых дэбатах» толькі 19 красавіка. У штабе Пятра Парашэнкі адзначылі, што такія дэбаты магчымыя, калі яны не будуць супадаць па часе з афіцыйнымі дэбатамі на тэлебачанні.

Паводле заканадаўства Украіны (пастанова Цэнтральнага выбарчага камітэту), дэбатамі лічыцца гадзінная сустрэча кандыдатаў у наўпроставым эфіры ў студыі грамадскага тэлебачання ўвечары перад днём цішыні. За арганізацыю ды трансляцыю ў гэтым выпадку будзе плаціць тэлебачанне.

Сустрэча на стадыёне, да якой рыхтуюцца кандыдаты, фармальна дэбатамі не будзе. Яе кандыдаты мусяць аплаціць з уласнай кішэні.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў