«Я проста міма праходзіў». Гісторыі палітвязняў, якія выпадкова апынуліся за кратамі


У Беларусі за гады незалежнасці больш больш за 200 асобаў прызналі палітычнымі зняволенымі. Частку з іх вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў ці ў неадпаведных графіці, а іншых «абазнаных» – у недаплаце падаткаў. Аднак сярод зняволеных ёсць людзі, якія апынуліся за кратамі ледзь не выпадкова. Belsat.eu прыгадвае гэтыя гісторыі.

Каго прызнаюць палітычнымі зняволенымі

Палітзняволеным чалавек лічыцца, калі ягонае ўтрыманне ў няволі адпавядае базавым фактарам:

  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна з-за яе палітычных, рэлігійных або іншых перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабодаў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў;
  • пазбаўленне волі было ўжытае ў адказ на выключна негвалтоўную дзейнасць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабодаў;
  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна паводле прыкметы полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах або зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, якія аб’ядноўваюць такія прыкметы.

Зважаюць таксама і на наступнае: падчас пазбаўлення волі, што падчас пазбаўлення волі следства вядзецца з выкарыстаннем сфальсіфікаваных матэрыялаў і дзеянняў, без права на справядлівы судовы разбор, а працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню.

Падрабязней аб статусе «палітвязень» можна прачытаць на старонцы ПЦ «Вясна».

Здаваў кватэру грамадзянам Швецыі

Мянчук Сяргей Башарымаў працаваў рыелтарам і, паводле словаў блізкіх, палітыкаю ніколі не цікавіўся. Мужчына займаўся спортам, у прыватнасці плаваннем. Хваля дзяржаўнага гневу паглынула яго нечакана.

Сяргей Башарымаў.
Фота: euroradio.fm

Сяргей здаў жытло на некалькі дзён шведам, адзін з якіх дапамагаў суайчыннікам скінуць з верталёту над Менскам плюшавых мядзведзікаў з заклікамі да свабоды слова. Мужчыну затрымалі 6 ліпеня 2012 года. Напачатку КДБ адмаўлялі, што ён знаходзіцца за кратамі, аднак праз два месяцы, 8 жніўня 2012 года, афіцыйна паведамілі пра ягонае абвінавачанне.

Hавiны
7-я гадавіна «плюшавага дэсанту». Прыгадваем, як гэта было
2019.07.04 21:59

17 жніўня 2012 года яго разам з фатографам Антонам Сурапіным вызвалілі з КДБ. У іх падтрыманне на старонцы change.org была створаная петыцыя. Яна набрала 1447 подпісаў.

Пасля вызвалення Сяргей з журналістамі не кантактаваў. Антон Сурапін, які разам з ім праходзіў па справе «плюшавага дэсанту», адзначыў, таксама не падтрымліваў сувязяў з Сяргеем.

Фатаграфаваў цацкі

У 2012 годзе Антон быў звычайным студэнтам журфаку БДУ і галоўным рэдактарам старонкі «Belarus News Photo». Ён і размясціў на сайце фотаздымкі плюшавых цацак з антыдыктатарскімі лозунгамі.

Антон Сурапін.
Фота: facebook.com

Антона Сурапіна кінулі ў СІЗА КДБ у ліпені 2012 года. На той момант яму было 20 гадоў. Некалькі тыдняў яму не выстаўлялі абвінавачванне, аднак 7 жніўня 2012 года ўрэшце абвінавацілі ў дапамозе нелегальнаму перасячэнню беларускай мяжы.

17 жніўня 2012 года ён разам з Сяргеем Башарымавым быў вызвалены пад падпіску аб нявыездзе. У 2014 годзе ён скончыў журфак БДУ. Зараз Антон мае ІП, ажыццяўляе інфармацыйныя паслугі.

Міма праходзіў

У Арцёма Брэуса цікавая біяграфія. Ён нарадзіўся ў Менску, але ўжо праз год пераехаў разам з матуляю ў Эстонію. Там скончыў школу і ўніверсітэт, атрымаў грамадзянства Расеі. Потым вырашыў вярнуцца ў Менск, на радзіму свайго бацькі.

Арцём Брэус.
Фота: svaboda.org

Палітыкаю Брэус не цікавіўся. Затрыманы быў 19 снежня 2010 года падчас акцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў. За ўдзел у акцыі спадара Брэуса пакаралі адміністрацыйным арыштам, а 29 снежня 2011 года завялі крымінальную справу паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых закалотаў.

Яго атрымалася вызваліць толькі дзякуючы ўмяшанню расейскага консула. У выніку ён атрымаў штраф у $ 3 тыс.

Далейшы лёс Брэуса невядомы. Звестак пра ягонае жыццё пасля суда 2011 году няма. У сацыяльных сетках таксама няма.

Яшчэ раз міма праходзіў

Іван Гапонаў – іншы грамадзянін Расеі, якога падазравалі ў арганізацыі масавых закалотаў пасля Плошчы 2010 года. Ён вырас у Беларусі, добра размаўляе па-беларуску. Захапляўся літаратураю і пісаў уласную кнігу.

Іван Гапонаў.
Фота: svaboda.org

У інтэрв’ю Lenta.ru ён казаў, што паехаў на станцыю метро Кастрычніцкая з цікавасці, паглядзець на шэсце па праспекце Незалежнасці. Там жа яго затрымалі, спачатку прысудзілі адміністрацыйны арышт, а потым ён стаў адным з абвінавачваных па справе.

На ўмовы ўтрымання ён не наракаў. Казаў, што няблага кармілі, а ў камеры быў тэлевізар. На Лукашэнку ён таксама не крыўдзіўся за чатыры месяцы, праведзеныя за кратамі.

«Не, я не магу ні на каго крыўдзіцца. Усе малайцы. І гэта праходзіць», – зазначаў Гапонаў.

Пасля 2011 года аб ім няма аніякіх звестак. У сацыяльных сетках (прынамсі, пад сваім імям) ён не зарэгістраваны.

Затрымалі проста на працы

Зміцер Даронін – былы працаўнік МАЗу, вырас у шматдзетнай сям’і, дзе быў кармільцам праз інваліднасць бацькі. Казаў, што палітыкаю зусім не цікавіўся, бо не было на гэта часу.

На Плошчу–2010 ён ішоў мэтанакіравана, як грамадзянін, які мае права на меркаванне.

«Мне было неабыякава тое, што адбываецца ў краіне, мне хацелася пераменаў да лепшага», – цытуе Дароніна кніга «Адзін дзень палітвязня».

Зміцер Даронін.
Фота: svaboda.org

Тады, 19 снежня, яго затрымалі на 3 гадзіны і адпусцілі. Ужо 14 сакавіка 2011 года да мужчыны прыйшлі на працу, а 12 траўня ў судзе Маскоўскага раёну Менску Зміцер атрымаў 3,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў тэрмін у папраўчай установе «Віцьба-3» каля Віцебску. Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу быў звольнены з заводу, на якім працаваў.

Ён напісаў прашэнне аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі і ў выніку быў вызвалены 1 верасня 2011 года. Пасля вызвалення яшчэ 5 гадоў заставаўся пад наглядам міліцыі.

«Усё тое, што адбылося ў мяне, цалкам знішчыла толькі адно – давер да дзяржавы. А ўзмацніла і памножыла – прагу да пераменаў і да свабоды. Цяпер я ўжо нічога не баюся», – так ён апісваў перажытае.

Ішоў па торт да дачкі – патрапіў у турму

Гарадзенец Уладзімір Навумік стаўся адным з фігурантаў сумнавядомай справы Сяргея Ціханоўскага. Ён быў адным з чальцоў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Фота: Баляслаў Журакоўскі / Belsat.eu

29 траўня пайшоў па торт для дачкі, але апынуўся ў СІЗА, бо спрабаваў зняць на тэлефон відэа тузаніны вакол Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 21:10

У выніку ён знаходзіўся ў СІЗА №1 у Менску 42 дні. За гэты час на ягоную жонку ціснулі сацыяльныя службы: пагражалі пазбавіць бацькоўскіх правоў на дачку.

Навуміка абвінавачваюць ў арганізацыі масавых закалотаў.

Фота
Як у Горадні сустрэлі палітвязняў, якія праходзяць у «справе Ціханоўскага»
2020.07.10 14:07

Стаяў на прыпынку

Васіль Баброўскі – яшчэ адзін гарадзенец, затрыманы па справе Ціханоўскага. Яму 45 гадоў, мае жонку і трох дзяцей, у той дзень пераходзіў з аднаго прыпынку да другога, дзе яго і затрымалі. У СІЗА № 1 у Менску ён правёў таксама 42 дні.

Фота: «Белсат»

«Аб сваім жыцці падумаў. Што ты зрабіў? Што ты мог зрабіць? Што не зрабіў? Наконт стаўлення да сям’і, стаўлення да дзяцей. Усё пераасэнсаваў», – распавёў belsat.eu Васіль Баброўскі.

Зараз ён жыве разам з сям’ёй у Горадні, намагаецца вярнуцца да звычайнага жыцця.

 

Ксенія Тарасевіч, belsat.eu

Стужка навінаў