«Я прадавала крышталь на рынку ў Польшчы». Дар'я Жук – пра 90-я, шклопакеты і любімыя месцы ў Менску


Упершыню ў гісторыі беларускі фільм вылучаны на «Оскар». Як мы ні прасілі, рэжысёр Дарʼя Жук не пагадзілася паказаць нам яго да прэмʼеры, затое падрабязна распавяла пра 90-я, у якіх адбываецца дзеянне стужкі «Хрусталь», і параўнала іх з сённяшнімі днямі.

Складана казаць пра фільм, які мы не глядзелі. Гэта твая асабістая гісторыя?

Гэтая гісторыя адбылася не са мной, а з маёй сяброўкай, але калі я пачала гэтым займацца, апынулася, што вялікая колькасць людзей перажыла нешта падобнае. У 90-х усё спрабавалі павандраваць або зʼехаць назаўжды. У нас была ўцечка мазгоў і масавы эксодус [ад анг. exodus зыход. – Заўв. Belsat.eu]. Цяпер я магу ездзіць па Еўропе і ўсюды будуць сябры, у якіх можна спыніцца. Я іду па Нью-Ёрку і бачу знаёмага з майго двара, з якім я вырасла, і нават не здзіўляюся, што ён жыве недзе побач.

Мне блізкія жаданні галоўнай гераіні і яе канцэпцыя субкультуры. Я ўдзельнічала ў рэйвах і імі натхнялася. Дыджэйскія вечарынкі ў Беларусі не былі велізарным рухам, на іх хадзіла 300 асобаў. Гэта была наша супольнасць, дзе ўсе адзін аднаго ведалі, а калі не ведалі, усё роўна былі вельмі блізкія. Мы разам тусаваліся, шукалі музыку, яскрава апраналіся.

У Маскве, напрыклад, гэта ўсё засталося – толькі цяпер усё ў чорным.

Дар’я Жук перад «Васьмёркай» – 8-м корпусам БНТУ, у актавай зале якога ў сярэдзіне 90-х гадоў адбываліся дыджэйскія вечарынкі. Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Фільм – ён у тым ліку і пра адносіны з радзімай. Жаданне галоўнай гераіні зʼехаць знаходзіцца ў канфлікце з блізкімі ёй людзьмі. Яе мама лічыць, што Беларусь – наша карма: ты тут нарадзіўся і, значыць, ты тут павінен жыць.

У гераіні ёсць сябар, наркаман і дыджэй, які думае, што зробіць цяпер самую лепшую вечарыну на свеце – і ўсё зменіцца. А яна лічыць, што свет круціцца вакол яе, што яна ўсяго дасягне – як у амерыканскім фільме, дзе ўсё атрымліваецца. Яе мара трохі абстрактная: у яе Амерыка ўнутры, а што ў самой Амерыцы – яна дрэнна разумее.

Калі б ты не паехала ў Амерыку, то кім бы стала тут?

Паступіла б у «нархох», «іняз», БДУ – не ведаю. Як сурʼёзная дзяўчына, я збіралася быць бізнесвумэн. Ідэя кіно была не з гэтага свету, яе проста не існавала, я не ведала нікога, хто б займаўся кіно. На «Беларусьфільме» здымалася шмат дзіцячага кіно, я памятаю варʼяцкія гісторыі пра тое, як нехта са знаёмых трапіў на здымкі «Чырвонага каптурыка», але гэта ўсё было далёка ад мяне.

«Хрусталь» – гістарычны фільм?

Дар’я Жук – на плошчы Якуба Коласа: «У 90-х пятнаццацігадовым даводзілася змагацца неяк, у нас было больш цяжкасцяў, чым у цяперашніх падлеткаў». Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Гэта гістарычная драма. Эпоха блізкая, але ўсё роўна трэба прадумваць кожны крок, кожны прадмет. Гэта была цяжкая праца для мастацкай групы: у Беларусі ёсць замарожаныя месцы, але знайсці іх усё роўна складана – трэба было ездзіць і літаральна адкопваць запушчаныя куткі.

Пасля здымак я глядзела толькі на вокны. Мне ўвесь час заміналі шклопакеты, якія давялося зафарбоўваць ужо ў спецэфектах. Мяне гэта сурʼёзна спыніла падчас мантажу.

А як ты тлумачыла сутнасць 90-х маладым акторам? Яны разумелі пра што гаворка ці гэта ўжо напалеонаўскія войны для іх?

Ім, сапраўды, было значна складаней. І мне было складана знайсці галоўную гераіню.

Неяк у Маскве я ўзяла адну актрысу за руку і пацягнула ў дзевяць раніцы на вечарыну, якая доўжыцца ўсю ноч і заканчваецца ў апоўдні. У яе, вядома, быў шок. Яна ніколі такога не бачыла, казала: «Wow!».

Я зразумела, што такім наскокам нельга падрыхтаваць чалавека, і, каб прайсці гэты шлях, мне патрэбен або хтосьці гатовы, або хтосьці, хто фібрамі душы падобны ў сваім стаўленні да свету, такога рэвалюцыйнага, які адрынае ўсё, што ёсць. Мне знайшла Аліну Насібуліну – яна грае Велю Сароку – якая акурат была ў стане, вельмі падобным на стан гераіні.

Пакаленне дваццацігадовых – яно ж не нарадзілася ў Савецкім Саюзе, для іх гэта космас. Яны такія лёгкія, паветраныя. А мы былі крыху прыземленыя, больш шчыльныя і нават у нейкіх момантах больш жорсткія – «падрапаю, толькі дакраніся».

Дар’я Жук: «Пасля здымак я глядзела толькі на вокны». Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

У 93-м мы ездзілі ў Польшчу, цягнулі, што маглі. Аднойчы я паўдня выстаяла на рынку – здаецца, у Лодзі – прадаючы крышталь, гэты тавар лічыўся экспартным, на Захадзе ён каштаваў больш.

У маім фільме крышталь – сімвал мары.

Усе жыхары глыбінкі з фільма працуюць на хрустальным заводзе. Яны надаюць крышталю форму – і дакладна гэтак жа яны надаюць форму галоўнай гераіні: «Так, ты думаеш, што ты такая, а мы думаем, што ты іншая». І сваймі павольнымі рухамі яны, вядома, перамагаюць. Немагчыма быць свабодным у грамадстве, дзе людзі пакутуюць побач з табой, дзе яны асабіста несвабодныя.

Наколькі 90-я адрозніваюцца ад сённяшніх дзён?

Мы сядзім пʼём каву – тады гэта было немагчыма, у нас не было кававай культуры. У нас было мала публічных месцаў, дзе можна было б тусавацца. Таму людзі тусаваліся і пілі піва каля філармоніі або ў парках. «Макдоналдс» толькі-толькі адкрываўся – гэта было месца, куды можна было збегаць нешта набыць, а потым вярнуцца пасядзець «пад гадзіннікамі».

Дар’я Жук: «У 90-х у Менску не было кававай культуры». Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Мне здаецца, з тых часоў шмат што змянілася, неяк устаялася. Тады мы абмяркоўвалі нацыянальную і іншыя ідэі, усё бурліла. У мяне былі сябры, якія гаварылі па-беларуску, у іх быў беларускі хіп-хоп гурт, яны прыходзілі на нашы рэйвы, але хацелі рабіць хіп-хоп. Вядома, гэта была бітва, але здавалася, што і тое, і іншае – атрымаецца.

У 90-я беларускую мову хацелі зрабіць абавязковай, і з гэтай нагоды таксама было шмат перажыванняў: як паступіць ва ўніверсітэт на беларускай? Гэта здавалася немагчымым. Мы абмяркоўвалі і іншыя ідэі, але цяпер я не бачу гэтага.

Рыхтуючыся да інтэрвʼю, мы пагаварылі з адным з удзельнікаў рэйваў тых часоў, які сказаў, што гэтая культура не развілася праз адсутнасць легальных лёгкіх і «чыстых» наркотыкаў.

У нас былі маладыя людзі, якія прыходзілі на ўсю ноч без наркотыкаў.

Мае сяброўкі проста тусаваліся. Яны былі заўзятымі прыхільніца здаровага ладу жыцця яшчэ да моды на яго, насілі з сабой на рэйвы арэхі і моркву.

Мне здаецца, культура рэйваў затармазілася таму што былі ганенні, рэйды на вечарынкі час ад часу. У нейкі момант ва ўсіх, у тым ліку ў дыджэяў, узнікалі праблемы з органамі.

А чаму клубы зачыняліся? Іх баялася ўлада ці яны былі камерцыйна нявыгадныя ўладальнікам?

Так ва ўсім свеце, на самай справе: лепшыя клубы існуюць два-тры гады, гэта такі ўсплёск цікавасці, а потым жыццё змяняецца, закругляецца. Чаму рэстараны так хутка зачыняюцца? Ёсць, вядома, культавыя месцы, але часта табе хочацца чагосьці новага.

«Цэнтральны» вось жыве.

«Цэнтральны» не памрэ ніколі.

Якое тваё любімае месца ў Менску?

Люблю кут побач з «Макдоналдсам», ён мне вельмі дарагі, мы там усе сустракаліся, перасякаліся і кудысьці далей ішлі, там было неяк страшна весела. Там да гэтага часу можна паглядзець на моладзь.

Калі б Дар’я Жук ня зʼехала ў Штаты, яна б паступіла ў «нархоз», «іняз» або БДУ, і займалася б бізнесам. Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Як ты сочыш са Штатаў за тым, што адбываецца з Беларуссю?

Фільм мы здымалі паўтара гады таму, у сакавіку, калі былі велізарныя дэманстрацыі «дармаедаў», і ўсё гэта нас вельмі кранула: гэта адчуваецца, нават калі ты не ўдзельнічаеш. Мы здымалі ў адной частцы гораду, але хтосьці не мог даехаць – яго спынілі. Памятаю, немагчыма было шторы павесіць, таму што іх нельга было аператыўна набыць у той дзень.

За Беларуссю я сачу праз бацькоў і сяброў, праз «Фэйсбук». У мяне ёсць цудоўныя сяброўкі, якія ў Нью-Ёрк пераехалі – напрыклад, пісьменніца Таццяна Заміроўская, яна піша на беларускія, на самай справе, тэмы.

Я наагул не палітычны чалавек, чытаю не навіны, а гісторыі – мне цікавыя гісторыі патэнцыйных персанажаў. Апошнія два гады ў мяне было нейкае тунэльнае бачанне: давялося займацца толькі фільмам, я знаходзілася ў чорнай дзюрцы фільма. Часам у мужа пытаюся – ён журналіст – «а што адбываецца, а раскажы мне хуценька…».

Дарэчы, ён зняўся ў мяне ў невялікай ролі амерыканскага консула. Ён акурат прыехаў у Беларусь, і так здарылася, што нам не хапала амерыканца. Яго так начасалі, што я яго не пазнала, калі ён выйшаў з макіяжу. Уся каманда была ўпэўненая, што гэта сапраўдны консул. Ён не проста адыграў – ён быў у гэтай ролі ўвесь час.

Амерыканская амбасада неяк дапамагала вам?

Я прасіла іх даць нам паздымаць сапраўдны плот каля амбасады – нам сказалі, што абʼект ахоўваецца, засакрэчаны, што там нельга здымаць. А цяпер яны зацікавіліся, і хочуць пасадзейнічаць з выпускам кіно.

Мяне падтрымалі амерыканскія падаткаплацельшчыкі – невялікім грантам ад «New York Council on the Arts». Я беларуска, але я пражыла там нейкі час, вучылася, плаціла падаткі – не галасую, але падтрымання прасіць у іх можна. Ну і амерыканская мара – зразумелая ім тэма.

А як дапамагла Беларусь?

Я ведала, што спачатку мне трэба зарэкамендаваць сябе там, каб паказаць тут. Такая ў нас рыса. Аднак, дзяржаўных грошай я не брала. Хацела, але ў той момант конкурс перанеслі з вясны на жнівень, а ўжо трэба было здымаць, усё было гатова. Можа, трэба было пачакаць, але тады здавалася, што цяпер жыццё скончыцца, а я не здыму – або цяпер, або ніколі.

Дар’я Жук на пляцоўцы перад былой школай № 65 (цяпер – гімназіяй № 30 ім. Барыса Акрэсціна), у якой яна вучылася да адʼезду ў ЗША. Фота – Дзяніс Дзюба / «Белсат»

Калі б мы перанеслі здымкі, каманду прыйшлося б збіраць зноўку: я выцягнула Караліну з Лос-Анджэлесу, яна не магла ў іншы час, у актораў таксама дзікая занятасць – тут два дні і там адзін дзень, а тут ужо рэпетыцыя.

Пра што будзе твой наступны фільм?

Я б хацела заняцца тэмай развалу Савецкага Саюзу. Мне цікава, як Беларусь гэта перажывала, як гэта адрознівалася ад іншых у межах адной вялікай краіны.

Размаўлялі Якуб Бернат і Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў