«Я не вінаваты! Мяне падставілі аператыўнікі». Бабруйскага пенсіянера прынеслі ў залу суда на руках


Аляксандр Каваленка, 71-гадовы бабручанін, абвінавачаны ў гандлі наркотыкамі, адмовіўся ўдзельнічаць у судовым працэсе. Яго даставілі сілаю і паклалі на лаву ў клетцы для падсудных.

Пракурор: прашу прызначыць пакаранне – 6 гадоў пазбаўлення волі

20-га лютага ў судзе Бабруйскага раёну і г. Бабруйску працягнуўся разгляд справы Аляксандра Каваленкі. Гэтым разам адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор заявіў, што віна Каваленкі цалкам даказаная следствам.

Аляксандр Каваленка.
Фота: Belsat.eu

Атрымаўшы інфармацыю пра тое, што пенсіянер распаўсюджвае забароненыя рэчывы, працаўнікі міліцыі 5-га красавіка 2019 года правялі кантрольны закуп з удзелам падстаўной асобы. Тады Каваленка прадаў 10 дозаў метадону за BR 440. З красавіка да кастрычніка за ім сачылі, а 17 кастрычніка затрымалі. Пры сабе падчас затрымання Каваленка меў пачак ад цыгарэтаў, у якім знайшлі метадон. Старэйшы аперупаўнаважаны аддзелу наркакантролю Вадзім Худавец заяўляў, што Каваленка «займаўся супрацьпраўнымі дзеяннямі сістэматычна».

Пракурор Аляксандр Дзмiтрыеў.
Фота: Belsat.eu

Пракурор падкрэсліў, што абцяжарвальныя абставіны ў гэтай справе – тое, што ў Каваленкі была мэта атрымання прыбытку. Змякчальныя – узрост і стан здароўя (пенсіянер перанёс два інфаркты, у яго рэгулярна здараюцца гіпертанічныя крызы).

«Прашу суд прызначыць пакаранне ў выглядзе 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі з узмоцненым рэжымам утрымання», – звярнуўся пракурор да суддзі.

Апроч таго, Каваленка мусіць сплаціць яшчэ BR 810, пакрыць судовыя выдаткі – BR 794,50 і вярнуць BR 440, якія атрымаў за продаж метадону. Пад арыштам застаюцца два мабільныя тэлефоны, тэлевізар, аўтамабіль падсуднага.

Адвакат: нельга выключаць нагавор на падсуднага

Адвакатка Аляксандра Каваленкі Людміла Аднамах, у сваю чаргу, заявіла: яна лічыць, што суд павінен апраўдаць пенсіянера і вызваліць з-пад варты наўпрост у зале. Яна сказала, што ўся крымінальная справа супраць Каваленкі выклікае вельмі шмат пытанняў, на якія следства не дало ўцямных адказаў.

Перш за ўсё, ні следства, ні суд не высветлілі, як і дзе Каваленка набываў метадон, які потым збываў. Падчас вобшуку ў доме сям’і Каваленкаў не знайшлі ніякіх наркатычных рэчываў. Таксама слядоў наркотыкаў не знайшлі на руках бабруйскага пенсіянера пасля затрымання. Незразумела, з кім ён мусіў сустрэцца, праз якія каналы сувязі дамаўляўся аб сустрэчы, бо ў арыштаваных тэлефонах не знайшлі інфармацыі, «якая мае значэнне для справы».

Аляксандра Каваленку заносяць у судовую залю.
Фота: Belsat.eu

Людміла Аднамах звярнула ўвагу, што суд не даў боку абароны магчымасці азнаёміцца з усімі матэрыяламі справы, а ў тых, якія агучылі, і ў паказаннях сведкаў шмат супярэчнасцяў. Гэтак, атрымліваецца, што ніхто наўпрост не бачыў, як Каваленка 17 кастрычніка выходзіў праз брамку свайго дому, аж да моманту, калі ён падышоў да міліцыянтаў, якія, атрымаўшы загад аб затрыманні, чакалі яго каля найбліжэйшага скрыжавання. Як яны самі заяўлялі на судзе, яны не бачылі, як Каваленка да іх ішоў, ім быў бачны толькі дах дому пенсіянера. Старэйшы аперупаўнаважаны Худавец, які вёў справу, сцвярджаў, што гэтую частку шляху назіраў нейкі чалавек, які не мае дачынення да міліцыі, ягоная асоба засакрэчаная ў мэтах бяспекі. Гэтую асобу не апыталі ў судзе.

Усё гэта, паводле адвакаткі, «можа выклікаць сумневы ў дакладнасці падзеяў, якія апісваюцца, і не дазваляе выключыць нагавору на Каваленку з боку сведкаў».

Паводле адвакаткі, здзіўляе, што Каваленку не затрымалі адразу пасля кантрольнага закупу, а таксама тое, што не былі прынятыя спробы вярнуць грошы. Гэтых купюраў, якія падсудны нібыта тады атрымаў за наркотыкі, не знайшлі ў яго падчас вобшуку, «лёс гэтых грошай невядомы і судом не высветлены».

Фота: Belsat.eu

«Аляксандр Каваленка – чалавек з вельмі складаным лёсам, аднойчы ён ужо сутыкнуўся з несправядлівасцю, быў асуджаны, пакараны, а ўрэшце прызнаны невінаватым, – зазначыла адвакатка. – Я лічу няправільным асуджаць старога чалавека на 6 гадоў».

Каваленка: я не вінаваты, мяне падставілі

Аляксандр Каваленка ўстаў, каб зачытаць сваё апошняе слова. Ён паўтарыў, што суд растаптаў ягоныя правы і тым самым прымусіў адмовіцца ад удзелу ў працэсе.

Пенсіянер яшчэ раз распавёў пра ўмовы ўтрымання ў СІЗА, у камеры, якая «адначасова і прыбіральня, і пральня, і сталовая, і спальня», пра тое, як яго прыкоўвалі кайданкамі да ложка ў шпіталі. Падсудны заявіў, што судовае разбіральніцтва нельга лічыць аб’ектыўным і справядлівым, бо ні суд, ні ён сам не бачылі ўсіх матэрыялаў справы. А нібыта засакрэчанай аудыя- і відэафіксацыі кантрольнага закупу не існуе ў прыродзе, упэўнены пенсіянер.

Hавiны
«Помсцяць за барацьбу за сына». У Бабруйску 71-гадовага пенсіянера судзяць за гандаль наркотыкамі
2020.02.17 19:50

«Вы хочаце, каб я назваў імя таго, з падачы каго гэта ўсё адбываецца? Я назаву!» – Каваленка распавёў пра свайго суседа Змітра, нібыта вядомага ў горадзе наркамана, які яго падставіў.

Зміцер ведаў, што Каваленку ўжо аднойчы судзілі паводле арт. 328. Тое, што потым пенсіянер быў апраўданы, суседа не хвалявала.

«Ён дастаў мяне – ну дапамажы, я ж ведаю, у цябе ёсць, – распавядаў Каваленка. – Я яму сказаў: ідзі лячыся. Ён на гэта адказаў: ах так, я цябе «ўкладу».

«Я не вінаваты! Мяне падставілі мой сусед і аператыўнікі. Больш мне няма чаго сказаць», – скончыў прамову падсудны. З судовай залы яго выносілі.

Прысуд будзе абвешчаны 21-га лютага.

Hавiны
«Ад сажы ў носе растуць ракавінкі». Асуджаныя па артыкуле 328 – аб працы на зоне
2019.12.04 10:08

НА belsat.eu

Стужка навінаў