«Я не палітык». Што гаварыла Святлана Ціханоўская на «Беларусь – 1»


Сёння на «Беларусь – 1» выступіла Святлана Ціханоўская, адна з кандыдатак на прэзідэнцтва. «Белсат» прыводзіць самыя яскравыя цытаты з ейнага выступу.

«Я не палітык. Мой муж – палітык», – так пачала свой выступ Святлана Ціханоўская.

Выступ Святланы Ціханоўскай на «Беларусь – 1». Скрыншот з «Беларусь – 1»

Яна распавяла, што ейны муж цяпер знаходзіцца ў СІЗА праз тое, што прагнуў справядлівасці для ўсіх беларусаў. Таму яна хоча стаць прэзідэнтам, каб аднавіць справядлівасць.

«Улады не зарэгістравалі моцных кандыдатаў: Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу. Але зарэгістравалі мяне. Бо не бачылі пагрозы. Але пагроза для ўладаў – народ, якім ужо не атрымаецца так кіраваць. І не вернеш яго ў звычайны стан».

Фота: ТК / Belsat.eu

«Я не буду нічога абяцаць»

Ціханоўская зазначыла, што ейная праграма адрозніваецца ад стандартных абяццаняў іншых кандыдатаў.

«Для гэтага ёсць іншыя людзі, якія 26 гадоў не стрымліваюць сваіх абяцанняў», – кажа кандыдатка.

Святлана прыводзіць прыклады хлусні дзяржавы, што не пакажуць праз тэлевізар. Прыгадвае маленькі рэйтынг Лукашэнкі. Чэргі і патрабаванні вызваліць палітзняволеных. Брутальныя затрыманні АМАПу. Галечу большасці беларусаў і багацце чыноўнікаў. Смерці праз каронавірус. Звальненне публічных асобаў, якія не пагаджаліся з бягучай уладай.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Святлана кажа, што яна прыйшла ў палітыку не дзеля ўлады, а каб зрабіць сумленныя выбары.

«Галоўны пункт маёй праграмы: новыя сумленныя выбары. Каб яны адбыліся, нам неабходна аб’яднацца. Што я заклікаю вас зрабіць? Станьце незалежнымі назіральнікамі. Галасуйце 9 жніўня. Галасуйце за мяне. Абараняйце мой голас».

Ціханоўская заклікае беларусаў галасаваць на выбарах, а не заставацца ўдома. Аднак кандыдатка перакананая, што выбары не будуць сумленныя. Таму кажа, што сістэму трэба змяніць, каб улада не была ў руках прэзідэнта. Абяцае, што калі яе выберуць, яна зробіць усё, каб Беларусь была свабоднай.

«Падумайце, упершыню за 26 гадоў у нас столькі сіл, што мы можам перамагчы».

Фота: ТК / Belsat.eu

«Цяпер я не баюся»

Ціханоўская кажа, што ёй не падабаецца, што моладзь зʼязджае ў горад, што паміраюць вёскі, што беларусы вымушаныя зʼязджаць за мяжу на заробкі, што хаваецца статыстыка каронавіруса.

«У нас ёсць два шляхі: жыць у беднасці і нязбыўных абяцаннях або пабудаваць Беларусь новага», — кажа яна.

Святлана прызналася, што кахае свайго мужа. Таму яна працягнула ягоную справу. Любіць сваіх дзяцей, таму хоча, каб яны жылі ў вольнай краіне. Любіць беларусаў, і таму хоча даць ім выбіраць.

Фота: ТК / Belsat.eu

«Мне было страшна. Але цяпер я не баюся, бо адчуваю вашыя падтрыманне і моц. Гэта мой доўг быць цяпер на гэтым месцы».

Святлана апісвае сябе як простую беларуску, жанчыну і маці, якая можа зрабіць Беларусь такой, якой яна хоча.

«Давайце разам будаваць краіну для жыцця», – так Святлана скончыла свой выступ.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў