«Я не хачу ў школу» і «Жыве Беларусь!». Берасцейцы пішуць каментары на вялікім бордзе


У Берасці з’явілася дошка, на якой кожны ахвотны можа павіншаваць горад з 1000-годдзем. Журналісты «Белсату» паглядзелі, якія пажаданні, скаргі і меркаванні пакідаюць берасцейцы і за што дзякуюць уладам.

Гэтае месца стала папулярным у моладзі.
Фота: Belsat.eu

Вялікі банер з’явіўся на пешаходнай вуліцы Савецкай у Берасці ў мінулыя выходныя. Яго паставілі гарадзскія ўлады да 1000-годдзя гораду, які будзе адзначацца 6-8 верасня. Кожны жадаючы можа напісаць нешта на сцяне і такім чынам павіншаваць Берасце са святам.

Фота: Belsat.eu

За некалькі дзён вольнага месца ўнізе фактычна не засталося. Цяпер, каб напісаць нешта сваё, спатрэбіцца лесвіца. Журналісты «Белсату» вырашылі паглядзець, якія надпісы пакідаюць людзі.

Новы банер прыцягвае мінакоў.
Фота: Belsat.eu
Плот размалёўваюць маркерамі, фламастарамі, асадкамі ды нават памадай. Вольнага месца ўнізе ўжо амаль не засталося.
Фота: Belsat.eu

«Шукаю дзеўчыну для сур’ёзных адносін»

Фота: Belsat.eu

Шмат прывітанняў пакідаюць турысты з іншых гарадоў і нават краін. Вось, якую геаграфію мы заўважылі: Менск, Ворша, Янава, Рыга, Адэса, Уладзівасток, Ноўгарад, Марʼіна Горка. Усе надпісы з прывітаннямі ад замежнікаў зроблены па-расейску, за адным выключэннем: турысты з паўднёвакарэйскага Сеулу зрабілі надпіс па-ангельскі.

Плот на пешаходнай вуліцы ўпрыгожылі банерам, на ім кожны можа пакінуць віншаванні да юбілею Берасця.
Фота: Belsat.eu

Сярод віншаванняў ужо з’явіліся і прыватныя аб’явы: хтосьці шукае жытло, а хтосьці – дзеўчыну для сурʼёзных стасункаў. Напрыклад, 28-гадовы хлопец піша: «Пазнаёмлюся з дзеўчынай для сурʼёзных адносін з любімага гораду». Побач – нумар тэлефона.

Некаторыя пачалі выкарыстоўваць прастору для прыватных абвестак.
Фота: Belsat.eu

Мы патэлефанавалі Віктару, які пакінуў гэту аб’яву, каб даведацца: ці спрацавала ягоная прапанова. Хлопец спачатку ўсцешыўся, што тэлефануе дзяўчына, але журналістам так і не прызнаўся, ці дасягнуў ён сваёй мэты, ці сустрэў тую самую.

Фота: Belsat.eu

Шмат падлеткаў пакідаюць адрасы сваіх акаўнтаў у сацыяльных сетках – хіба, таксама каб пазнаёміцца. Ёсць нават нешта падобнае да размовы на форуме. Хтосьці піша: «Не хачу ў школу». Побач – адказ: «А я – на працу (Косця)». Яшчэ ніжэй напісана: «Тата, як я цябе разумею (дачка Косці)».

Пераклічка тых, каму не хапіла летняга адпачынку.
Фота: Belsat.eu

«Берасце, зрабі ніжэй цэны»

Некаторыя просяць падабаек і каментароў, іншыя – ухваляюць ці крытыкуюць творчасць папулярнага карэйскага гурта «BTS». Большасць жадае гораду і берасцейцам квітнець, кахаць, развівацца, шчасця для кожнага і мірнага неба.

Імаверна, хтосьці падзякаваў за краму фіксаваных цэнаў «Fix Price».
Фота: Belsat.eu

На гэтым фоне вылучаюцца пажаданні «не хадзіць па роварных сцежках», «Берасце, зрабі ніжэй цэны» і падзякі гораду за краму па фіксаваных коштах «Fix Price».

Пад пажаданнем знізіць цэны пачалі з’яўляцца каментары «+1».
Фота: Belsat.eu
Турысты з Расеі зычаць берасцейцам мірнага неба над галавой.
Фота: Belsat.eu

Адметна, што за гэты час на месцы віншавання не з’явілася ніводнага пратэставага надпісу, і нават такога папулярнага ў Берасці лозунгу «Не заводу АКБ!». Затое ёсць надпіс: «Жыве Беларусь! Жыве вечна!»

Хтосьці звярнуў увагу на стан будынкаў, якія затуляе плот.
Фота: Belsat.eu

Цікава, што банер затуляе дамы якія з’уяўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, даўно ўжо знаходзяцца ў занядбаным стане, і з кожным годам руйнуюцца ўсе болей. Нехта на банеры напісаў прапанову адрамантаваць іх.

Будынак замаскірованы банерам са зваротнага боку.
Фота: Belsat.eu

AC Belsat.eu

Стужка навінаў