«Я не думала, што людзі захочуць мне дапамагчы»: каго беларусы гатовыя падтрымаць рублём?


За апошнія некалькі гадоў у Беларусі сталі вельмі папулярнымі краўдфандынгавыя пляцоўкі. Беларусы актыўна збіраюць грошы на рэалізацыю шматлікіх праектаў. Але на што людзі больш ахвотна ахвяруюць?

Мы праглядзелі спіс дзеючых праектаў на двух самых папулярных краўдфандыгавых пляцоўках і ўзгадалі самыя паспяховыя кампаніі па збору грошаў.

Дапамога людзям

Беларусы вельмі ахвотна дапамагаюць адзін аднаму.

Напрыканцы мінулага году нашыя журналісты распавялі гісторыю Алены Куколь, якая выхоўвае сына-інваліда. Мясцовыя чыноўнікі пагражалі забраць сына, калі яна не адрамантуе хату. Грошай на рамонт у спадарыні Алены не было і яна абвесціла ў сеціве пра продаж ныркі. Каманда праграмы «Людскія справы» абвесціла збор сродкаў, неабыякавыя людзі пералічылі грошы.

«Шчыра кажучы, я была ў шоку. Я не думала, што людзі захочуць мне дапамагчы. Я не даведаюся шмат пра каго з тых, хто мне дапамагаў, але я ніколі не забуду, што яны для мяне і для майго сына зрабілі», – праз слёзы казала Алена Куколь.

Восенню 2016 году анлайн-часопіс «Імёны» апублікаваў артыкул пра дзяцей з інтэрнату, каторым праз хваробу неабходнае адмысловае харчаванне, а ў інтэрнаце яго няма. За содні было сабрана больш за $ 15 000, а пасля яшчэ столькі ж.

Адзін з паспяхова рэалізаваных праектаў – набыццё ровара-тандэму для людзей з парушэннямі зроку.

«Сумесныя паездкі на тандэме дазволяць як невідушчым людзям так і людзям з нармальным зрокам абзавесціся новымі знаёмствамі, знайсці аднадумцаў, пашырыць веды пра горад і пра свет у цэлым», – тлумачаць свае мэты стваральнікі кампаніі.

Ушанаваць памяць

Адны з самых гучных кампаніяў па збору сродкаў датычыліся ўшанавання памяці гістарычных падзеяў і дзеячаў.

12 кастрычніка мінулага году людзі пачалі збіраць грошы на ўсталяванне першага ў Беларусі помніка Тадэвушу Касцюшку. За месяц сабралі неабходную суму, пасля было вырашана крыху змяніць макет помніка, на што спатрэбіліся дадатковыя грошы. Але, нягледзячы на гэта, усё роўна праект сабраў амаль на 5 тысячаў больш, чым было патрэбна.

Працы ў ліцейным цэху,дзе адлілі шыльду да #БНР100. Фота – Ірына Арахоўская/Белсат

Самая хуткая краўдфандынгавая кампанія – грошы на дошку да 100-годдзя БНР.

Раніцай 2 сакавіка быў абвешчаны збор сродкаў на выраб і ўсталяванне памятнай дошкі да 100-годдзя БНР. Сума была не малая – Br 6 000. Ужо праз 3 гадзіны ўсе грошы былі сабраныя.

Што праўда, нягледзячы на абяцанні гарадскіх уладаў усталяваць дошку, яе дагэтуль так і не павесілі.

Скінуцца на музыку

Шмат хто з беларускіх музыкаў выкарыстоўваў краўндфандыг, каб выдаць новы альбом.

Гурт Ілюжан такім чынам выдаў на CD-дысках другую частку музычнай трылогіі.

«Выданне яшчэ аднаго дыска з якаснымі запісамі разгорне перад намі новыя магчымасці ў распаўсюджванні нашай музыкі і дазволіць перайсці да запісу апошняй часткі нашай музычнай трылогіі, а таксама падрыхтоўкі новай музычнай праграмы і стварэння новых кампазіцыяў. Такім чынам у свеце стане яшчэ больш добрай беларускай музыкі!», – тлумачылі музыкі.

Чацвёрты альбом фолк-гурта Vuraj – «Lito» таксама пабачыць свет дзякуючы краўдфандынгу. Альбом заснаваны на старажытных песнях беларускага Палесся.

Гурт Стары Ольса, напэўна, мае самую паспяховую гісторыю збору сродкаў сярод беларускіх музыкаў. Грошы на выданне плыты сусветных хітоў у сярэднявечнай апрацоўцы яны збіралі на амерыканскай пляцоўцы Kickstarter. Каб зрабіць рэліз патрабавалася крыху меней за $ 6 000. Праект быў настолькі папулярным, што музыкі сабралі ў пяць разоў болей – $ 29 890. Дарэчы з тых, хто падтрымаў праект, большасць была з ЗША.

Кнігі для сябе і для дзетак

Вялікая колькасць праектаў звязаная з выданнем кніг. Адна з апошніх гучных кампаніяў – збор сродкаў на выданне серыі «Галасы Утопіі». «Галасы Утопіі» – гэта пяць кніг Святланы Алексіевіч на беларускай мове і без цэнзарскіх правак.

Для рэалізацыі праекту патрабавалася Br 40 000, агулам сабралі 231 950 – 580% ад неабходнай сумы.

Адзін з варыянтаў вокладкі кнігі «Радзіва Прудок»

Поспех якога не чакалі – вынікі збору сродкаў на выданне кнігі Андруся Горвата «Радзіва Прудок». Спачатку гісторыі пра жыццё вёскі Прудок з’яўляліся на старонцы Горвата на Facebook. Калі аўтару гісторый прыйшла думка пра выданне кніжкі, ён запытаўся ў сваіх чытачоў, ці набылі б яны расказы пра Прудок. Рэакцыя чытачоў была пазітыўная. Быў арганізаваны збор сродкаў на падрыхтоўку макета і друк кнігі. 364 чалавекі падтрымалі праект, сабралі больш 5 тысячаў рублёў з трох патрэбных. Ажыятаж вакол кніжкі быў такі, што спатрэбілася дадрукоўваць тыраж.

Яшчэ адзін праект, які сабраў 196 % ад патрабаванай сумы – перавыданне трылогіі медычных апавяданняў Паўла Гушынца. У трылогію ўвайшлі зборнікі «Годы в белом халате», «Мысли из-под фуражки», «Сообразим на троих или срочно требуется пожарный». У кніжках сабраныя рэальныя гісторыі з практыкі лекараў і студэнтаў медычных ВНУ.

Выдавецтва «Янушкевіч» зладзіла збор сродкаў, каб даслаць у бібліятэкі краіны кнігу гісторыка Андрэя Чарнякевіча «БНР. Трыумф пераможаных». Удзельнікі краўдфандынгу маглі замовіць кнігу сабе, але да гэтай замовы дадаваліся і кніжкі, якія выдаўцы мусілі даслаць у бібліятэку. Да таго ж ахвярадаўцы самі маглі вызначыць, у якую бібліятэку будзе дасланая кніга.

«Гэтая кніга – своеасаблівы адказ на тую прапаганду з боку некаторых СМІ і »экспертаў«, якія імкнуцца навязаць меркаванне пра БНР як пра нязначны факт нашай гісторыі. Гэта не так, і кніга Чарнякевіча аргументавана разбівае падобныя здагадкі», – было напісана ў апісанні праекту.

Тое ж выдавецтва даволі паспяхова правяло кампанію выдання дзіцячай кніжкі на беларускай мове «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў». 137 чалавек выдаткавалі Br 3131.

Збор сродкаў яшчэ не скончыўся, але ўжо сабрана 141 %. 129 чалавек атрымае дзіцячую кніжку «Дом цікаўных казак» з папяровымі ілюстрацыямі, якія выразаныя ўручную.

Адзенне не толькі ў крамах

На краўдфандынгавых пляцоўках можна і апрануцца. Праект «Zhart. Усё будзе фаўна» прапаноўвае цішоткі з нацыянальнай сімволікай. Таксама карыстаецца папулярнасцю і другі праект гэтых жа аўтараў «Zhart. Дэнамінацыя»: цішоткі з жывёламі, якія ў 90-я гады былі на беларускіх купюрах.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў