«Не дазволю прыніжаць сябе і сваю прафесію», – адвакатка Ганна Бахціна, якую пазбавілі ліцэнзіі, абскардзіць рашэнне


Адвакатка з 38-гадовым стажам, вядомая абаронца палітвязняў Ганна Бахціна не прайшла кваліфікацыйную камісію пры Міністэрстве юстыцыі. Паводле рашэння камісіі, Бахціна будзе пазбаўленая ліцэнзіі на дзейнасць праз «недастаковую прафесійную кваліфікацыю». У размове з карэспандэнтам belsat.eu яна сцвярджае, што камісія проста «выканала замову пэўных ведамстваў».

Бахціна абараняла Саюз беларускіх пісьменнікаў у 2006 годзе, журналістку Ірыну Халіп у 2011-м, пазней прадстаўляла ў судзе інтарэсы блогера Эдуарда Пальчыса, антыфашыста Іллі Валавіка і першага фігуранта «справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага.

Шэсць год таму яе ўжо пазбаўлялі ліцэнзіі на кароткі тэрмін, але пасля вярнулі. Цяпер жа склікалі пазачарговае паседжанне, на якім Бахціну абвінавацілі ў неналежным выкананні некаторых інструкцый Мінюста.

«Гаворка ідзе пра інструкцыю № 37 аб выдачы, уліку і храненні ордэраў. Напрыканцы снежня я запоўніла бланкі, якія былі выдадзеныя нам у 2016-м, а яны мусілі датавацца ўжо студзенем 2017-га. Гэта звычайная фармальнасць. Груба кажучы, проста паперка. І яшчэ прычапіліся да афармлення дамоваў з кліентамі. Але ніводнага доказу майго непрафесіяналізму як адваката яны прывесці не здолелі», – распавядае Ганна Віктараўна.

Паводле слоў Бахціной, камісія зладзіла ёй сапраўдны іспыт.

«Яны задавалі пытанні, як нейкай студэнтцы! Пасля папрасілі выйсці ў калідор, а калі запрасілі назад, то паведамілі: большасцю чальцоў прынята рашэнне аб тым, што працаваць адвакатам я не магу. Прычына – недастатковая кваліфікацыя. Пры гэтым я не маю ніводнай скаргі ад кліентаў, ніводнага дысцыплінарнага парушэння альбо вымовы. Я не паставіла свой подпіс, паклала асадку і сыйшла», – гаворыць Бахціна.

Сітуацыю, што склалася не на яе карысць, адвакатка звязвае з пастаяннай абаронай палітвязняў.

«Камісіі я сказала адкрыта: вы выконваеце замову пэўных ведамстваў, якія не задаволеныя маёй працай. І, ведаеце, гэта толькі так падаецца, што сёння абставіны мягчэй, чым пасля Плошчы-2010. Для адваката яны вельмі жорсткія. Я давала падпіску аб неразгалошванні, але… Так, на мяне аказвалі ціск. І нават калі Следчы камітэт задавальняў хадайніцтвы, КДБ – адмаўляў. Я выстаяла тады, трываю і цяпер. А адваката, які не здраджвае прафесіі яны называюць «неуправляемый», – эмацыйна распавядае Бахціна.

Цяпер Бахціну чакае звальненне з Менскай калегіі адвакатаў. І як толькі адвакатка атрымае на рукі адпаведныя дакументы, распачне абскарджванне.

«Я не дазволю прыніжаць сябе і прыніжаць прафесію адваката. Я буду змагацца. Буду супрацьстаяць».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў