«Я не чалавек надзвычайнай волі, але вытрымаў…» Правілы жыцця ў зняволенні ад Міколы Дзядка


Анархіст, былы палітвязень, а сёння журналіст і студэнт ЕГУ Мікалай Дзядок прэзентаваў кнігу «Фарбы паралельнага свету» у Горадні ды распавёў, навошта яе напісаў.

Кніга складаецца з 13 эсэ, прысвечаных часу знаходжання Дзядка за кратамі. Міколу арыштавалі ў 2010-м годзе разам з некалькімі паплечнікамі ды абвінавачаны ў некалькіх эпізодах, найгучнейшы з якіх – падпал машыны на тэрыторыі пасольства Расеі. У выніку Дзядок атрымаў 4,5 гады зняволення.

Пра кніжку, працэс яе напісання, турму як інстытут ды правілы жыцця ў ёй, Мікола распавёў падчас камернай прэзентацый выдання ў Горадні.

Трэба падзяліцца… але з кім?

Прэзентацыя кнігі былога палітвязня Міколы Дзядка “Фарбы паралельнага свету”. Горадня 13 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Турма – гэта настолькі спецыфічная сітуацыя для чалавека, які там не быў, што міжволі з’яўляецца неймаверная колькасць эмоцыяў. Разам з тым, з’яўляецца патрэба імі падзяліцца. Калі побач людзі, з якімі дзяліцца ты не вельмі хочаш, застаецца толькі рэфлексаваць усё ўнутры сябе або – даверыцца паперы.

Ігар Аліневіч, які праходзіў са мной па адной справе, так і зрабіў – пачаў пісаць у турме. Гэта рызыкоўна, бо ўсе твае запісы могуць забраць у любы момант ці на выхадзе. Я вырашыў пісаць ужо па вызваленні, калі, у дадатак, змог зірнуць на свой турэмны досвед з адлегласці. Так паўстала кніга.

Праўда, але без крыві і кішак

Былы палітвязень Мікола Дзядок. Горадня 13 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Шмат хто пытаецца: «Як там?» Чакаюць, што ёсць нейкая інструкцыя або курс па выжыванню ў турме.

Патлумачыць гэта ўсё немагчыма, толькі перажыць, адчуць асабіста. Калі коратка, то турма – нешта сярэдняе паміж арміяй, паводле кантролю, ды псіхушкай, паводле ступені ірацыянальнасці таго, што бачыш знутры.

У кнізе няма момантаў, якія б выклікалі шок: крыві, кішак, гвалту… Я адмыслова вырашыў не апісваць найбольш брутальныя эпізоды, бо мы і так жывем у запалоханым грамадстве. Падымаць градус страху сярод людзей не ў маіх інтарэсах.

Следчыя не паўбагі, іх можна абыграць

Прэзентацыя кнігі былога палітвязня Міколы Дзядка “Фарбы паралельнага свету”. Горадня 13 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Адзін з самых страшных момантаў у турме – перманентная атмасфера невядомасці. Чалавек, які туды трапляе ўпершыню, наўпрост не ўяўляе ані метадаў следства, ані ўнутраных правілаў ды небяспекаў, ані аспектаў побыту.

Гэтым удала карыстаюцца аператыўнікі, каб «калоць» падследных без ужывання гвалту, наўпрост пужаючы ды нагнятаючы атмасферу… і людзі «колюцца»! Насамрэч, я вельмі хацеў у кнізе зняць сакральную фіранку з метадаў следчых, паказаць, што яны не паўбагі, іх методыкі даволі прымітыўныя. Карацей, мы можам іх абыграць.

«Блатная рамантыка» і харчовы ланцужок

Кінга Міколы Дзядка “Фарбы паралельнага свету”. Горадня 13 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

У кніжцы я таксама хацеў паспрыяць дэрамантызацыі крымінальнага свету. Справа ў тым, што бандыты ў нас традыцыйна акружаныя рамантычным арэолам: творцы ад Гюго да Высоцкага з Кругам гэтаму паспрыялі. Маўляў, крымінальнікі злыя, але жывуць «па-справядлівасці», кожны з іх «трошкі Робін Гуд» і г.д. Насамрэч, усё не так.

Уся выбудаваная зняволенымі іерархія ў турмах нагадвае харчовы ланцужок, у якім чым вышэйшы ў цябе статус, тым менш у цябе маральных якасцяў: ты гатовы пераступаць праз людзей, падстаўляць, здаваць. Гэта своеасаблівы адмоўны адбор. Таму прыстойных людзей нашмат больш шанцаў сустрэць сярод «мужыкоў», чым сярод т.зв. «блатных».

«Петуха» нават кулаком не б’юць – або нагой, або зэдлікам

Мікола дзядок падпісвае ўласную кнігу.Горадня 13 жніўня 2017 Васіль Малчанаў/ Белсат

Турма – гэта каставая сістэма. Ёсць, напрыклад, каста «петухов», да якіх нельга дакранацца, ад якіх нельга нічога браць, на нары якіх нельга сядаць. «Петухов» нават не б’юць кулакамі – адно нагамі або прадметамі мэблі, зэдлікам, напрыклад. Іхныя абавязкі самыя брудныя, чыстка прыбіральняў у тым ліку.

Любы кантакт з «петухом» пераводзіць цябе ў той жа статус. Я ведаю пра некалькі выпадкаў, калі «палітычных» наўмысна следчыя спрабавалі ў гэты статус перавесці праз сваіх агентаў з ліку вязняў. Гэта вельмі моцны ціск. Калі будзе загад следчых – туды, у «петушатню», могуць закінуць практычна кожнага… Па мне, відаць, наўпрост не было загаду.

Як супраціўляцца? Тры парады

Як супраціўляцца ўсяму гэтаму? Як не прадацца за ўмоўна-датэрміновае вызваленне, тэлефанаванне дадому ці лішнюю перадачку? Я ведаю некалькі тактыкаў.

Па-першае, варта агалошваць любыя факты гвалту і бясчынстваў з боку адміністрацыі. Бо любы злачынца робіць сваю справу ў цемры, а іх трэба выводзіць на святло. Хай ваша скарга ў пракуратуру нават не выйдзе за межы зоны, усё адно яны будуць ведаць, што ты не збіраешся маўчаць.

Па-другое, не паддавацца страху. Страх – наймагутнейшы інструмент кантролю, бо ў зоне не столькі б’юць, колькі зэкі баяцца быць пабітымі. Навошта адміністрацыі ўжываць гвалт, калі можна працаваць на стварэнне атмасферы страху? Калі ты паддаўся гэтаму – ты зломлены, з табой можна рабіць што заўгодна.

Па-трэцяе, памятаць пра кошт дабрабыту. Чалавек мае патрэбы: сон, ежа, статус, бяспека, кантакты з блізкімі і г.д. Усё гэта за кратамі, як не дзіўна, размяркоўваюць супрацоўнікі адміністрацыі. Калі будзе загад – цябе будуць пазбаўляць кожнага з гэтых пунктаў: пазбавяць перадачак з волі, спатканняў з жонкай…

Галоўнае, памятаць пра рэчы вышэйшыя за дабрабыт. Сёння ты адмовішся ад перадачкі ці спакойнага сну, але захаваеш сябе як асобу – гэта стратэгічна важна.

Вытрымаць можа кожны

Зараз за кратамі ў Беларусі прыкладна 40-45 тысяч асобаў. Нічога, вернуцца, хай нават моцна папсаваўшы здароўе. Насамрэч, вытрымаць можа кожны. Я ж не чалавек надзвычайнай волі, але вытрымаў. Змог я, значыць, зможаце і вы.

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Стужка навінаў