«Я не адзін». Блогер распавёў пра сваё першае затрыманне

Менскі блогер Анатоль Чылік, вядомы сваімі коміксамі, 14 ліпеня выйшаў прагуляцца па цэнтры Менску. Шпацыр скончыўся ў аўтазаку. У сваім Twitter ён распавёў пра АМАП, першы аўтазак і антысептыкі ў РАУС.

Анатоль Чылік 14 ліпеня стаў адным з тых, каго брутальна затрымаў АМАП. Затрыманне адбылося, калі ён знаходзіўся каля цырку на праспекце Незалежнасці.

«Проста паглядзеў навіны і вельмі захацелася ўвечары развеяцца, пагуляць па цэнтры любімага гораду. Магчыма нават крыху парадавацца надвор’ю і пахлопаць яму», – тлумачыць ён.

Аднак доўга радавацца надворʼю блогеру не ўдалося: хутка яму насустрач пайшоў натоўп АМАПаўцаў. Анатоль іх апісвае як «азвярэлых ад усёдазволенасці». Ён быў настолькі здзіўлены затрыманнем, што нават спачатку не зразумеў, за што яго пачалі хапаць. Падумаў, што перайшоў дарогу на чырвонае святло.

Дыхаць было немагчыма

«Запіхнулі ў аўтазак. Пачалі крычаць, каб усе выключылі тэлефон. Пазней, калі аўтазак забіўся, тэлефоны атрымалася дастаць».

Потым Анатоля перасадзілі ў іншы аўтазак з вельмі цеснымі камерамі, дзе было 4 чалавекі. У яго забралі тэлефон.

«Учацвярых дыхаць было немагчыма. Грудзі сціскаліся. З-за спёкі і духаты мы літаральна задыхаліся. Тыя, хто былі каля дзвярэй, уткнуліся ў шчыліны і хапалі паветра. Пот выпарваўся, кандэнсаваўся на столі і падаў кроплямі».

Анатоль Чылік. Фота: архіў героя

Хлопец кажа, што было настолькі душна, што ён нават хацеў быць адвезеным у лес. У такой спёцы іх пратрымалі 40 хвілінаў, а потым адвезлі ў Першамайскі РАУС, дзе апрацавалі рукі антысептыкам і на 7 гадзінаў адвялі ў спартовую залю. Там сфатаграфавалі, апыталі, склалі пратакол і адпусцілі.

«Дзякуй усім, хто ўчора выйшаў. Вы гонар гэтай краіны і для мяне было пашанаю заняць месца ў душагубцы, якое не дасталася яшчэ камусьці. Апынуўшыся без сувязі са знешнім светам, лёгка забыць, што ты не адзін. Але зараз я дакладна ведаю, што я не адзін», – кажа Анатоль.

Менск выйшаў на мірны пратэст. Фотарэпартаж

Учора пасля нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкала як кандыдатаў на прэзідэнцтва на вуліцах розных беларускіх гарадоў выйшлі тысячы людзей на мірныя пратэсты.

Паводле звестак праваабаронцаў, па ўсёй Беларусі было затрымана 286 чалавек, у тым ліку і журналісты.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Hавiны