«Я магла там лёгка памерці». Затрыманая доктарка – пра катаванні сілавікоў, якія ведаюць, «што ім нічога не будзе»


У гэтую нядзелю, 8 лістапада, медык Ірына Маркелава разам са сваймі суседкамі гуляла па Менску. Але вечар скончыўся зусім не паводле плану: яе затрымалі ў раёне Нямігі. Доктарка распавяла «Белсату» пра газ у аўтазаку, дагляд з распрананнем і катаванні голадам.

Лекарка Ірына Маркелава распавядае пра перажытыя катаванні ў Жодзіна.
Фота: архіў гераіні

Жыццё падзялілася на «да» і «пасля»

Ірына Маркелава разам са сваімі сяброўкамі пайшла гуляць у нядзелю 8 лістапада на Нямігу. Дайшлі туды яны ў раёне 15-ай гадзіны.

«У нас быў добры гумор, мы спявалі песні. Ішлі ў бок ГУМа. Але там ўсё перакрылі, таму мы вярнуліся на праспект Пераможцаў», – прыгадвае Ірына.

Калі Ірына разам з сяброўкамі вярталася ў бок Нямігі, пачаўся дождж, і яны раскрылі бела-чырвоныя парасоны. У гэты момант ззаду пад’ехалі аўтазакі, адтуль выгрузіліся мужчыны ў чорным.

«Яны падышлі да мяне і сказалі: «Пройдемте!». А потым ўсіх нас загрузілі ў аўтазак, 32 чалавекі», – распавядае суразмоўца.

У аўтазаку адбыўся эпізод, які перакуліў жыццё Ірыны.

«Мы адчулі нейкі пах, нібыта газ пусцілі. Усе сталі кашляць. А потым я не здолела дыхаць. У мяне ўпершыню ў жыцці адбыўся ларынгаспазм – такі стан, калі галасавыя звязкі смыкаюцца і ты не можаш зрабіць ані ўдых, ані выдах. Суседкі пачалі крычаць, што мне кепска, але дзверы былі зачыненая і аніхто з сілавікоў не чуў. Мяне падвялі да дзвярэй, прыадкрылі рашотку, стала лягчэй. Але потым ізноў пусцілі газ».

Пасля дзверы адчынілі, а аўтазак праветрылі. Туды зайшлі АМАПаўцы, і яны пачалі літаральна закідваць хлопцаў. іх моцна збівалі, ставілі ў ганебныя позы: так, каб яны ўтыкаліся тварам ў задніцы іншых. Таксама пастаянна білі дручкамі.

«Я зразумела, што магла там лёгка памерці», – кажа яна са слязамі ў голасе.

Ірына Маркелава.
Фота: архіў гераіні

БЧБ-сцяг выкарыстоўвалі як анучу

Аўтазак некалькі гадзінаў ехаў ў Завадскі РУУС. Лекарка кажа, што па прыездзе яны хвілінаў 15 стаялі на вуліцы, павярнуўшыся тварам да сцяны. Потым затрыманых завялі ў актавую залю.

«Там было прыкладна сто чалавек: і мужчынаў, і жанчын. У РУУСе я заўважыла, што некаторыя былі збітыя, некаторыя – кульгалі. У часткі затрыманых твары былі адзначаныя фарбаю, абрэзаныя валасы. У мяне забралі завушніцы і крыжык. Упрыгожванні так і не вярнулі», – апісвае перажытае Ірына.

Афармленне ў РУУСе скончылася каля 12 гадзінаў ночы. Далей людзей пагрузілі ў аўтобус і павезлі ў Жодзіна.

На ўваходзе ў аўтазак, як і на ўваходзе ў турму, ляжаў бел-чырвона-белы сцяг – яго выкарыстоўвалі як анучу. Адна жанчына спрабавалі не наступіць на сцяг, дык яе ўдарылі дручком.

Ірына кажа, што ў Жодзінскай турме вельмі груба размаўлялі з затрыманымі. Лаяліся, пагражалі ўжыць фізічную сілу пры любым выпадку. Персанал турмы змушаў хадзіць у прысядку,у каго не атрымлівалася з-за хворых ног – палохалі і здзекаваліся.

Перапаноўненыя камеры, недахоп паветра

На гэтым катаванні не скончыліся. У Жодзінскай турме затрыманых змусілі стаяць са заведзенымі за спіну рукамі, далонямі да верху. Праз нязручнасць позы вельмі хутка пачалі зацякаць рукі.

Далей затрыманых агледзелі.

«Нас распранулі дагала, нават прасілі паказаць прамежнасць», – дрыжачым голасам распавядае Ірына.

Каля 4-х гадзінаў раніцы затрыманых адвялі ў камеры. Там было 6 металічных паверхняў для ляжання, зробленыя з металічных пласцінаў, без матрацу. Ірына кажа, што ёй пашанцавала з вопраткай – яна апранула лыжны касцюм. Але іншыя вельмі пакутавалі: на такіх «ложках» балюча і холадна ляжаць.

Прыкладна а 5:30 у камеру прывялі яшчэ 13 затрыманых жанчын. Агулам у камеры стала 25 чалавек на 6 месцаў, нават не было як сесці. У душным памяшканні не хапала паветра.

Hавiны
«Білі па кісцях рук, ламалі пальцы, шмат ЧМТ». Лекары параўноўваюць разгон 8 лістапада cа жнівеньскімі падзеямі
2020.11.09 19:14

«У камеры мы чулі, як здзекаваліся над затрыманымі хлапцамі. Раздаваліся ўдары дручкамі, яны бегалі, але нібыта без абутку або нават на каленях. Мы чулі тупат, але ён быў занадта ціхі».

Прыкладна а 7-ай раніцы адной жанчыне, якая хварэе на цукровы дыябет, стала блага. Праз асаблівасць хваробы і лячэння яна мусіць кожныя 2-3 гадзіны есці. Але затрыманых аніхто не карміў.

«Грукалі ў дзверы, спрабавалі выклікаць дапамогу для жанчыны. Але аніхто не прыйшоў. Там можна было памерці і нічога не было б! – абураецца Ірына. – У выніку мы дакрычаліся да нейкага супрацоўніка і той прынёс жанчыне тры дробны кавалкі хлеба. Астатніх жа так і не пакармілі».

Суразмоўца кажа, што камеры ў Жодзіна зараз перапоўненыя – бачыла на падлозе ў турме вельмі шмат рэчаў.

Суд

На наступную раніцу пачаўся суд. Шмат каму давалі штрафы. У Ірыны ёсць непаўнагадовы сын, таму соднямі яе пакараць не маглі. На судзе яна казала, што разам з іншымі ішла ў царкву. У выніку справу вярнулі на дапрацоўванне – наступнае паседжанне адбудзецца 23 лістапада.

Нават падчас суду з затрыманымі вельмі груба размаўлялі.

«Быў такі мужчына, які казаў: «Калі вы не заткнецёся, я буду змушаны ўжыць сілу!» Яны размаўлялі з нам нібыта мы статак баранаў», – прыгадвае Ірына.

Калі Ірыну вызвалілі, на выхадзе яе сустрэлі валанцёры ў Жодзіна. З турмы дадому яе адвезла суседка.

АМАП падчас «Маршу народаўладдзя» у Менску. 8 лістапада 2020 года.
Фота: АВ / Vot Tak TV / belsat.eu

Задавальненне ад здзекаў і ўлады

Яна перакананая, што аніякай мэтазгоднасці ў катаваннях не было.

«Яны хочуць нас запужаць, зламаць. Бачна, што некаторыя ад гэтых здзекаў над намі атрымліваюць задавальненне. Не толькі ад здзекаў, але яшчэ ад улады. Яны ўсведамляюць, што могуць рабіць з намі што заўгодна, і ім за гэта нічога не будзе», — падкрэслівае жанчына.

Пасля перажытага Ірына кажа, што пакуль не плануе гуляць на акцыях пратэсту.

«Буду адпачываць», – кажа яна.

Ірына была ў адным аўтазаку і РУУСе з затрыманай у нядзелю «Міс Беларусь» Вольгай Хіжынковай. Яна кажа, што была ў шоку, таму не звяртала ўвагу. Але іншыя жанчыны потым перадавалі ёй, што Вольгу пазналі.

«Нейкія маладыя міліцыянты абмяркоўвалі яе як мадэль, казалі, што «яна ж ужо старая».

Hавiны
«Спачатку мы не паспявалі ратаваць ахвяраў каронавірусу, цяпер – гвалту сілавікоў». Медыкі – пра тое, чаму выходзяць на пратэсты
2020.11.04 09:14

Актывізм – справа сямейная

Сям’я Маркелавых даўно займаецца грамадзянскім актывізмам. Сын Ірыны, Пётр Маркелаў, – сузаснавальнік некалькіх грамадскіх рухаў, яго неаднаразова затрымлівалі сілавікі.

Hавiны
Актывіст Пётр Маркелаў аб соднях на Акрэсціна: «Гэта сапраўдны здзек!»
2020.05.23 14:19

Ейны муж, таксама лекар, Зміцер Маркелаў, быў затрыманы 2 лістапада за ўдзел у акцыі салідарнасці медыкаў з адлічанымі студэнтамі. За выражэнне сваёй грамадзянскай пазіцыі ён быў арыштаваны на 8 содняў. На волю Зміцер выйдзе 10 лістапада.

Сям’я Маркелавых на святкаванні БНР-100.
Фота: архіў гераіні

Ірына падкрэслівае, што зараз шмат людзей пратэстуе сем’ямі.

«Я размаўляла са шматлікімі людзьмі, калі шпацыравала, была ў аўтазаках і РУУСах, чакала каля РУУСаў звестак, перадавала перадачы, чакала судоў. Яны распавядалі гісторыі сваіх сем’яў. Усе змагаюцца семʼямі. Хто не можа выходзіць — падтрымлівае іншымі спосабамі, пералічвае грошы, вывозіць людзей з небяспечных месцаў. Быць сярод такіх людзей – галоўная крыніца натхнення», – кажа яна.

Даведка

  • Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», за ўсю выбарчую кампанію ў Беларусі затрымалі не меней за 16 тысячаў чалавек.
  • Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі 121 чалавека.
  • Паводле звестак праваабаронцаў, 8 лістапада затрымалі 1055 чалавек. Гэта была самая масавая хваля рэпрэсіяў у Беларусі пасля жніўня.
  • Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў патрабуе ў Следчага камітэту распачаць крымінальныя справы за ўжыванне спецсродкаў і акты гвалту на Маршы народаўладдзя.
  • Генеральная пракуратура Беларусі 9 лістапада абвясціла, што перадала ў суд больш за 100 спраў звязаных з масавымі закалотамі і гвалтам у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Разам з гэтым, аніводная справа ў пытаннях катаванняў не была распачатая.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў