«Я...лівая ліцвінка», чэлесы на сценах і таямніцы заляцання ў ВКЛ


Адкуль нашыя продкі 300-400 гадоў таму даведваліся пра секс? Як заляцаліся? Ці магла шляхцянка пайсці сама ў карчму, каб выпіць і патанчыць? Што ў час ВКЛ думалі пра сексуальны тэмперамент розных нацыянальнасцяў? Пра ўсё гэта – у новай кнізе даследчыцы Наталлі Сліж.

Аўтарка кнігі, гісторык Наталля Сліж.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Гісторык Наталля Сліж прэзентавала ў Горадні сваю кнігу «Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVII стст». Прэзентацыя анансавалася адначасна як «практыкум 18+», але прысутныя госці – збольшага студэнцкая моладзь – вырашылі зладзіць практычныя заняткі ў асобным парадку ў якасці «спецкурсу». Зрэшты, восьмы раздзел кнігі так і называецца: «Практыка старабеларускага сексу».

Кніга ў цвёрдай вокладцы ды з якаснай паліграфіяй выйшла ў выдавецтве «Тэхналогія».
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Сама ж кніга адлюстроўвае шырокі спектр пытанняў, якія віравалі вакол тагачаснага сексуальнага жыцця: прастытуцыя, кантрацэпцыя, згвалтаванні, пазіцыя царквы, заляцанні, цяжарнасць і г.д. «Секс – гэта не толькі фізіялогія, але і культура, – кажа пані Наталля. – Я б назвала гэта філасофска-фізіялагічнай з’явай…»

Вось, што распавядала на прэзентацыі Наталля Сліж.

Эратычныя матывы на гравюрах Скарыны.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Чэлесы на сценах ды сіфіліс з вандроўкі па «святых мясцінах»

Пра секс нашыя продкі маглі даведвацца як у асяроддзі, так і ў царкве, доме распусты, з кніжак ці падчас падарожжаў. Напрыклад, шляхцічаў-студэнтаў, што ехалі навучацца ў Італію, шакавалі малюнкі… чэлесаў на сценах універсітэтаў. Сёння тое самае можна ўбачыць на школьных ці студэнцкіх партах у аўдыторыях, але на той момант юнакі шчыра здзіўляліся. Далёкае падарожжа, зрэшты, магло скончыцца і не вельмі ўдала: той жа Мікалай Радзівіл Сіротка з вандроўкі па «святых мясцінах» прывёз сіфіліс.

Рэнесансныя храмы Італіі часам больш нагадвалі мастацкія галерэі са шматлікай аголенай натурай, чым дамы малітвы, што таксама здзіўляла нашых продкаў. Тут жа, на радзіме, шляхта і магнаты часцяком збіралі свае прыватныя галерэі з карцінамі, далёкімі ад пурытанскіх канонаў. Такая калекцыя, напрыклад, была ў Людвікі Караліны Радзівіл. На жаль, большасць такіх калекцыяў былі вывезеныя ў часы Расейскай імперыі ў XIX ст.

На прэзентацыю завіталі збольшага маладзёны.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Зрэшты, усё гэта пра тагачасную каталіцкую культуру. У праваслаўнай візантыйскай традыцыі выява аголенага цела доўгі час была табуяванай і выяўлялася хіба ў канатацыі з грахом ці сорамам. Фрэскі з аголенымі фігурамі ў Полацку выяўляюць грэшнікаў у пекле, а мініяцюра з Радзівілаўскага летапісу, дзе за кіеўскім князем стаіць аголены персанаж, – сімвал бруднай непрыстойнай палітыкі. Акурат гэтыя моманты фармавалі шмат комплексаў адносна ўласнага цела, якое прынята было лічыць апрыёры «нячыстым» і «грэшным».

«І Маскву пабіць, і дзіцё ўрабіць…»

Што сімвалізуе сексуальную моц мужчыны ў часы ВКЛ? Наяўнасць дзяцей? Грошы? Вусы ці жывот? Варта адно зірнуць на партрэты нашых гетманаў, шляхты і ваяводаў. Шабля, даспехі, булава – усяго толькі знешнія элементы патэнцыі, але галоўнае – прыналежнасць да вайсковага саслоўя, блізкія адносіны з вайной як са з’явай. Калі мужчына праяўляе сябе ў бітве – значыць, будзе і добрым каханкам.

Эратычныя малюнкі ад рукі часта суправаджалі асабістае шляхецкае ліставанне.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Нешта падобнае ёсць і ў філасофіі даасізму, дзе чакра, адказная за вайну ў мужчын, адначасна адказная і за сексуальнае жыццё. Лічылася таксама, што вайсковец абавязкова мае рэалізаваць сваю сексуальную моц пасля бітвы: гэтым тлумачыліся і шматлікія згвалтаванні падчас паходаў. Мікалай Радзівіл Сіротка, напрыклад, піша ў лісце да гетмана ВКЛ Крыштафа Радзівіла:

«Гэта амаль мастацтва: і Маскву пабіць, і дзіцё ўрабіць. Не кожнаму тое можна». І вайна, і секс сплятаюцца ў адну мадэль рэалізацыі мужчыны.

«Плача лянівая ў ложку полька»

Нацыянальныя асаблівасці тэмпераменту часцяком ілюстраваліся ў тагачаснай літаратуры. Напрыклад, паэт Андрэй Морштын напісаў верш «Надмагілле чэлесу», дзе, паводле сюжэту, дзяўчаты розных нацыянальнасцяў ідуць ледзьве не на паломніцтва, каб аплакваць прадмет свайго задавальнення.

Палавы акт у мастацтве часоў ВКЛ вельмі часта меў інфернальную афарбоўку.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Плача лянівая ў ложку полька», – піша Морштын, а далей: «Плача руская, якая яго да сябе чарамі яднала». Галоўная гераіня вершу – «я…лівая ліцвінка», якая плача найбольш голасна і эмацыйна.

Дзіўна, канешне, бо паводле даследаванняў тэмпераменту заўжды больш там, дзе больш сонца. Але ў Морштына, як і ў іншых тагачасных аўтараў, ліцвінкі абыходзяць і францужанак, і італьянак, і немак… Нават папскія нунцыі ў часы ВКЛ пісалі, што ў нас тут занадта шмат прастытутак. Зрэшты, хто б казаў, калі ў Ватыкане прастытуткі жылі ажно да XVI ст.

Аўтарка кнігі, гісторык Наталля Сліж.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Вызначыць тэмперамент па грудзях і валасах

Тагачасныя аўтары спрабавалі і навукова абгрунтоўваць нейкія моманты, звязаныя з сексам, прынамсі ўпарадкаваць інфармацыю згодна свайму бачанню. Так, Альберт Вялікі пісаў пра тыпажы гарачых і халодных жанчынаў, тлумачачы, як адных адрозніць ад іншых.

Гарачая жанчына, згодна аўтару, з радасцю кантактуе з мужчынам, мае цвёрдыя і поўныя грудзі, шмат грубых валасоў на целе, смелая з мужчынамі, вясёлая, любіць выпіць. А яшчэ – прыгожа апранаецца і шмат бывае ў грамадскіх месцах. Халодная жанчына, у сваю чаргу, мае мала валасоў на целе і мяккія грудзі. Цела мае падобнае да мужчынскага, бледны твар ды «слаба гаворыць».

На прэзентацыю завіталі збольшага маладзёны ды студэнты.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пікап у часы Вялікага Княства

Схема заляцання таксама апісаная ў тагачаснай літаратуры. Спачатку, канешне ж, алкаголь, калі размова пра баль ці карчму. Пасля – танцы. Зрэшты, таму царква і выступала супраць танцаў: гэта быў метад спакусы і блізкі тактыльны кантакт. Пасля хлопец мог паказаць дзяўчыне эратычныя малюнкі. Ясна, што альбомы з сабой не насілі, а былі гэта асобныя карткі ці кішэнныя кніжачкі. Пасля маглі спявацца «распусныя песні». Ну а далей ужо працавалі рукі: ідзе мацанне і паступовае распрананне… Калі вярнуцца на самы пачатак схемы, то прапанова дзяўчыне выпіць – гэта прапанова да сексу.

Падобныя апісанні сустракаюцца і ў рэлігійных творах, зразумела, з асуджаючымі рэмаркамі. Такая схема кахання для жанчыны малюецца як «нешчаслівая». Яна магла зацяжарыць ад невядомага шляхцюка, будучы самотнай. А калі была замужняй, то аб прыгодах мог даведацца муж… То бок, наступствы маглі быць вельмі сумныя.

Дэтальныя малюнкі палавых органаў маладыя шляхцічы часцяком упершыню бачылі падчас навучання ў Еўропе.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Масковія і ВКЛ – цалкам розныя сусветы

Думка пра тое, што тое грамадства было максімальна рэлігійным, а жанчына сядзела ўвесь час дома як мыш – гэта міф. Рэлігійнасць была вонкавай, а пад ёю віравалі жарсці. Міхалон Літвін, напрыклад, пісаў, што ўдовы-шляхцянкі (а іх было багата, асабліва пасля войнаў) не хочуць зноўку замуж, ездзяць па корчмах, прымушаюць падданых да сексу.

Жанчына ў ВКЛ магла спакойна пайсці сама ў карчму або сядзець на прыёме разам з мужам, піць, гутарыць, танчыць. У Масковіі пра такое нельга было падумаць: мужчыны сядзелі асобна, жонкі – асобна. У гэты ж час да маскавітаў-мужчынаў яшчэ і прастытутак маглі прыводзіць. Цалкам розныя сусветы, карацей.

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў