«Я хацеў паказаць, які Шуневіч смешны». Блогер Павел Спірын напісаў аповесць пра кіраўніка МУС


Юрыст і відэаблогер Павел Спірын, аўтар фільму «Айчым», напісаў аповесць «Лаўрэнцій». Твор прысвечаны міністру ўнутраных справаў Ігару Шуневічу.

У аповесці ў сатырычнай форме апісваюцца прыгоды міністра. Фігуруюць таксама і іншыя вядомыя ў Беларусі сілавікі – камандзір менскага АМАПу Дзмітрый Балаба і намеснік кіраўніка МУС Аляксандр Барсукоў. Персанажы Балабы і Барсукова, напрыклад, у творы Паўла Спірына настойваюць на тым, каб прыцягнуць да адміністратыўнай або крымінальнай адказнасці птушку, што нагадзіла на помнік царскаму гарадавому. Балаба ў аповесці называе гэты інцыдэнт «тэрарыстычным актам».

Цытата з аповесці:

«Не дазволім, – завішчаў генерал Барсукоў, – я гэтую птушку даўно ведаю. Ды на ёй кляйма няма дзе ставіць. Звычайны хуліган, толькі з крыламі. Я яе тройчы да гэтага бачыў ля помніку, а таксама быў сведкам як яна дзюбай псавала дзяржаўную маёмасць. Гэтыя ўчынкі ўжо неяк гэтую птушку характарызуюць.

Барсукоў распальваў сам сябе, і з кожнай секундай яго гаворка станавілася ўсё больш упэўненай. Нават міністр мімаволі злавіў сябе на думцы, што не дарма паставіў такога патрыятычна чалавека сваім намеснікам».

Згадваецца ў творы і пра мундзір НКВД, які носіць Ігар Шуневіч – галоўны персанаж замаўляе сябе залатыя гузікі да гэтай формы.

«Маёр глядзеў на гэтага золатапагоннага гіганта думкі з гонарам. Цяпер ён дакладна ведаў, у Рэспублікі Беларусь ёсць два чалавекі, якія за дзень, у адзіночку, могуць раскрываць асабліва цяжкія злачынствы: Лукашэнка і Шуневіч».

Ігар Шуневіч. Фота – «Наша Ніва»

А вось пра што думае сам міністр у аповесці Спірына:

«Ці можа гэты вераломны народ быць настолькі няўдзячным? Здаецца, можа. Бо тыя шэсцьдзесят тысячаў фашысцкіх недабіткаў, якія выйшлі 19 снежня 2010 на плошчу, асмеліліся выказаць сваю незадаволенасць законна абранай уладаю. І, калі б не ён, не яго калегі з КДБ? Так, калі б не зладжаная праца кіраўнікоў абласцей і гораду Менску, то гэтых падонкаў на плошчы было б пад мільён чалавек. А так атрымалася выратаваць краіну, выратаваць Аляксандра Рыгоравіча».

Адна з ключавых думак аповесці – гэта тое, што Ігар Шуневіч і сённяшні МУС Беларусі з’яўляюцца ідэйным нашчадкамі Лаўрэнція Берыі і НКВД.

«Галоўны сэнс аповесці ў тым, каб паказаць наколькі Шуневіч смешны і недарэчны. Ягоныя словы нічога не значаць – ён кажа адно, а робіць іншае. Ён проста не адказвае за свае словы. Ну і натуральна ён чалавек старой сістэмы. І я не здзіўлюся, калі сапраўды ў яго сваякі працавалі ў НКВД і таму выхавалі яго ў такім ключы», – распавёў belsat.eu Павел Спірын.

Блогер збіраецца даслаць тэкст сваёй аповесці не толькі ў незалежныя СМІ, але і ў дзяржаўныя органы – МУС, пракуратуру і суд.

«Няхай пачытаюць. Я шмат з міліцыянтамі размаўляў і ведаю, што многія з іх таксама ставяцца з пагардай да Шуневіча. Таму я хачу паказаць такім міліцыянтам, што яны не адзінокія, што мы ўсе бачым, хто міністар такі».

Помсты з боку МУС Павел Спірын не баіцца:

«Аповесць атрымалася даволі жорсткая, там ёсць за што зачапіцца (у сэнсе падставаў для пераследу – заўв. belsat.eu). Але я ўсё ж хачу, каб міліцыянты гэты твор прачыталі».



Нагадаем, Паўлам Спірыным зацікавіліся праваахоўныя органы пасля таго, як апублікаваў фільм «Айчым», прысвечаны Аляксандру Лукашэнку і цяперашняму дзяржаўнаму ладу. Фільм у YouTube паглядзелі больш за 630 тыс. чалавек.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў