«Я гатовы сесці ў турму, каб закон працаваў»


Прадстаўнікі апазіцыі, незалежныя журналісты і папросту нязгодныя. Усіх накрыла новая і больш рашучая хваля рэпрэсіяў у Расеі. Праваахоўнікі грукаюць у дзверы да журналістаў. А за краты на тры гады кінуты грамадскі актывіст Ільдар Дадзін. Гэта першы чыста палітычны прысуд – за ўдзел у акцыях пратэсту.

З рэчамі – у залу суда. Грамадскі актывіст Ільдар Дадзін быў больш як упэўнены, што выйсці адсюль на свабоду будзе немагчыма. Яшчэ да пачатку судовага разбіральніцтва ён паўтараў тое, што казаў не аднойчы.

«Я гатовы сесці ў турму, каб закон працаваў» – зазначае Ільдар Дадзін.

Абвешчання выраку доўга чакаць не давялося. Дадзіна прызналі вінаватым у неаднаразовым парушэнні парадку арганізацыі або правядзення мітынгаў, дэманстрацыяў, шэсцяў і пікетаў.

«Прызначыць яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі» – выносіць вырак суддзя. Прысуд выклікаў абурэнне прысутных у зале.

Яшчэ адзін з пікетаў стаўся падставаю жорсткага выраку. Летась у траўні група актывістаў выйшла на вуліцы Масквы з украінскім сцягам на знак пратэсту супраць расейскай збройнай агрэсіі ва Украіне. Акцыя скончылася затрыманнямі. На рахунку Дадзіна таксама шэраг адзіночных акцыяў у розных месцах сталіцы. Як вынік – штрафы ды адміністратыўныя Арышты. Але апошні прысуд…

«Дадзіна пасадзілі на 3 гады, хоць пракурор прасіў толькі два. Суд пайшоў вышэй за пракурора. Гэта безпрэцэдэнты прысуд. Гэта першы сапраўдны палітычны зняволены ў Расеі. Гэта першы чалавек якога пасадзілі за ўдзел у пратэстах. Дагэтуль усіх палітзняволеных саджалі па крымінальным справам: за махлярства ці збіццё паліцыянтаў» – зазначае Марыя Макарава, грамадская актывістка, Расея.

Не выключана, што ў хуткім часе на лаву падсудных трапяць іншыя расейскія актывісты паводле тых жа артыкулаў. У той самы час ціск ды пераслед закрануў таксама і незалежных журналістаў. Паліцыя загрукала ў дзверы да Аляксандра Сотніка. Вядомага журналіста спрабавалі выклікаць на размову ў Следчы камітэт. Ён не выключае, што прычына – у ягоных апошніх матэрыялах, прысвечаных пратэсту дальнабойшчыкаў у Маскве.

«Вымалёўваецца жудасная карціна. Я гэта звязваю з тым, што Крэмль у тупіку. Пацук кідаецца і кадаецца на людзей. Кошты на нафту падаюць, грошай у краіне няма, дальнабойшчыкі незадаволеныя. А гэта першая ластаўка, далей будзе толькі горш» – мяркуе расейскі журналіст Аляксандр Сотнік.

А на незалежным тэлеканале «Дождь» пачалося пракурорскае правяранне. Чыноўнікі высвятляюць, ці канал не патурае экстрэмістам і тэрарыстам. У тое, што гэтае правяранне далёка не выпадковае, пасля гучных карупцыйных скандалаў вакол высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў ды іхных сем’яў – сумнявацца не даводзіцца.

«Тэлеканал »Дождь« быў звязаны з расследаваннем вакол карупцыі. Гэта было гучнае расследаванне па справе сувязі сямʼі генеральнага пракурора Расеі Юрыя Чайкі і ягоных сыноў з велізарнаю карупцыйнаю сеткаю і крымінальным светам» – тлумачыць Марыя Макарава.

Пад пераслед жа Крамля, імаверна, трапілі і іншыя яго апаненты. Расейскія медыі са спасылкаю на крыніцы ў праваахоўных органах Расеі паведамілі, што экс-кіраўнік «Юкасу» Міхаіл Хадаркоўскі аб’яўлены ў федэральны вышук паводле справы забойства мэра Нефціганску Уладзіміра Петухова.

Следчы камітэт пакуль не пацвердзіў гэтай інфармацыі. Але прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна намякнуў на новыя крымінальныя абставіны, што могуць узнікнуць вакол асобы Хадаркоўскага.

Віталь Бабін, Belsat.eu

Стужка навінаў