«Я гатовая да гадоў»: 23-гадовая Соф’я чакае вяртання свайго хлопца-палітвязня


Калі сем чалавек у цывільным прыйшлі затрымліваць Івана Андрушойця, ягоная дзяўчына Соф’я была побач. Іх паклалі тварамі да падлогі, сказалі: «Вы дабегаліся», – і вывелі Івана ў наручніках у невядомым кірунку. Ужо два месяцы, як Соф’я займаецца справамі свайго палітзняволенага хлопца і стараецца не ўяўляць ягонага вяртання, каб дарэмныя мары не прывялі да расчаравання. «Белсат» працягвае расказваць пра тое, як гэта, калі рэжым несправядліва скрадвае твайго блізкага чалавека.

Соф’я, дзяўчына Івана Андрушойця.
Фота: ТК / Белсат

Івана затрымалі 5 лістапада праз падазрэнне ва ўзломе камп’ютарнае сістэмы Менгарвыканкаму, а да 349-га артыкулу Крымінальнага кодэксу дадалі 342-і, што прадугледжвае арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

Паводле тае самае справы ўзлому праходзяць Павел Дрозд і актывіст Кім Самусенка – усе трое жывуць у адным раёне і сябруюць з падлеткавага ўзросту. Таксама затрыманы брат Кіма Аляксей.

«П***уй дадому, б***зь малалетняя»

Калі затрымалі Паўла, а пазней Кіма, Іван з Соф’яю пастанавілі, што па іх прыйдуць таксама. «Кім паведаміў, што яго забіраюць, і мы пакінулі кватэру, а праз тры гадзіны туды прыйшлі з ператрусам. Сябар Вані, які жыве над намі, сядзеў у гэты час удома, еў марозіва і пачуў шум – ламалі дзверы. Ён спусціўся паглядзець, што адбываецца, і ў выніку стаўся панятым».

З кватэры забралі тэхніку, мадэм, некаторыя дакументы, банкаўскія карткі, сім-карткі, а таксама газавы балон, які пара выкарыстоўвала на дваровых імпрэзах, каб смажыць дранікі. Калі Івану з Соф’яй паведамілі пра вобшук, яны з’ехалі з гораду і пастанавілі чакаць навінаў у Салігорску, дзе жыве маці Соф’і.

«Нас знайшлі праз содні, адкрылі дзверы ключом – відаць, папрасілі яго ў сына сужыхара маёй мамы, і вельмі ветліва ўвайшлі. Мы тады сядзелі на канапе, размаўлялі і думалі схадзіць па прадукты і што-небудзь з адзення, бо з’ехалі без анічога. Я чую, як адчыняюцца дзверы, гляджу на Ваню, Ваня глядзіць на мяне, мы маўчым – і я разумею, што ўсё. Я дагэтуль памятаю твар чалавека, які зайшоў першым: вельмі неразумна надзяваць баф, які цалкам абцягвае твае рысы. Сямёра зайшлі, паглядзелі, што ў кватэры больш нікога няма, і паклалі нас тварам да падлогі. У Вані спыталі прозвішча, а калі ён яго назваў, сказалі: «Вы дабегаліся», – а таксама, што «на кожнага айтышніка знойдзецца тры айтышнікі, лепшыя за яго». А ў мой бок прагучалі не вельмі далікатныя словы: «П***уй дадому ў Менск, б***зь малалетняя». Але, на вялікае, я і была ўдома».

Падчас затрымання Соф’і не было страшна: самым яркім пачуццём сталася злосць.

«На пытанне, чаму яны забіраюць сыноў, мужоў, хлопцаў, а не ганяюць рэальных злачынцаў, няма адказу. Тыя, хто арыштоўвае звычайных людзей, хутчэй за ўсё нават не разумеюць, з якой мэтаю гэта робяць, і не думаюць, як потым будуць з гэтым жыць».

У хаце Івана Андрушойця.
Фота: ТК / Белсат

Хутка дзяўчына ўбачыла каханага чалавека ў спісах Акрэсціна, а праз пару дзён яго перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага, дзе ён застаецца дагэтуль.

Выпрабаванне ў 23 гады

Соф’я і Іван разам ужо тры гады. Яны пазнаёміліся ў агульнай кампаніі, зблізіліся на пахаванні сябра і амаль адразу пачалі жыць разам – з бацькам хлопца і сабакам Штырліцам, які цяпер на шпацырах выглядвае свайго гаспадара ў мінаках.

Штырліц Івана Андрушойця.
Фота: ТК / Белсат

Паводле адукацыі Іван электрык: пайшоў слядамі бацькі. Апошнім часам, калі Соф’я адкрыла ІП у мантажы слабатокавых сетак, ён вучыў яе неабходным рэчам, але афіцыйна на момант затрымання быў беспрацоўным. Без яго прадпрыемства давядзецца замарозіць: навучыць дзяўчыну ўсяму, што неабходна, Іван не паспеў.

Маці хлопца жыве ў Бярозаўцы. 5 лістапада яна казала, што не ведае, ці то перажываць за сына, ці то радавацца за дачку – сястра Івана нарадзіла якраз у гэты дзень, магчыма нават, не без дапамогі навінаў пра брата.

Соф’я тым часам вярнулася ў Менск. «Гэта было цяжка: звычайна, калі я прыходжу дадому, мяне сустракае Ваня, а тут нікога няма. І што рабіць далей – разбірайся сама. Па першым часе я ўсё чакала, што ён вернецца, абдыме і пацалуе. Два тыдні я старалася не заставацца адна, а тым больш не заставацца ўдома, бо без Вані гэтыя сцены моцна ціснулі. А потым у мяне ўключыліся мазгі і я зразумела, што ў прынцыпе нічога такога ў гэтым няма: вы жывяце, у вас ёсць пэўныя праблемы, а гэта проста адна з праблемаў. Таму я пастанавіла браць сябе ў рукі і неяк яму дапамагаць».

Соф’я, дзяўчына Івана Андрушойця.
Фота: ТК / Белсат

Усю адказнасць за надзённае палітвязня Соф’я ўзяла на сябе: камунікацыя з адвакатам, развязванне побытавых пытанняў, маральнае падтрыманне ўсіх і кожнага – неслабое выпрабаванне ў 23 гады.

Цяпер яна мусіць клапаціцца не толькі пра сябе і нават не толькі пра Івана: яна падтрымлівае бацьку свайго хлопца, які за апошнія месяцы перажыў два інсульты, наведвае і супакойвае маці Івана, абмяркоўвае сітуацыю са сваймі бацькамі (яны перажываюць і кажуць, што «не трэба было лезці ў палітыку»), паведамляе сябрам і бацькам затрыманых паводле тае самае справы апошнія навіны, а таксама штодня двойчы выгульвае Штырліца.

«Ваня прасіў мяне супакоіць бацькоў: маўляў, усё нармальна, ён проста ў не вельмі добрым санаторыі. Чатыры дні на тыдзень я займаюся побытавымі пытаннямі, звязанымі з Ванем, а напачатку гэта займала амаль увесь мой час. Цяпер маё галоўнае перажыванне – дачакацца ліста».

Соф’я ў лістах піша, што чакае Івана і калі ён выйдзе, пара сыграе вяселле і народзіць мноства дзяцей. Пра свае перажыванні і праблемы дзяўчына стараецца не гаварыць: маўляў, хлопец і так увесь час пад замком са сваймі думкамі.

Лісты ад Івана Андрушойця.
Фота: ТК / Белсат

«Ён мне піша, што кахае, сумуе, апісвае свой побыт. Настрой у яго баявы, у камеры яны адзін аднаго падтрымліваюць, бо разумеюць, што сядзець, імаверна, яшчэ доўга, а ў выпадку канфлікту ты нікуды не дзенешся».

Пад усе гэтыя імклівыя перамены дзяўчыне цяпер трэба падладзіць сваё жыццё і графік будучае працы: з былой, у больніцы, яна тэрмінова сышла, калі з’язджала з Іванам з гораду.

«Адчуванне, што за мной могуць у кожны момант прыйсці проста так»

Абвінавачванне тым часам, як лічыць Соф’я, максімальнага ўзроўню абсурднасці: нічога, за што можна было б затрымаць чатырох сяброў, яна ўявіць не можа.

«Мы сустракаліся, размаўлялі, абмяркоўвалі палітыку, але цяпер такі час – усе абмяркоўваюць палітыку і ўсе незадаволеныя. Відаць, ёсць нейкі план-мінімум на колькасць людзей, якіх трэба арыштаваць, і тут некаму шанцуе, а некаму – не. Асабіста ў мяне яшчэ са жніўня захоўваецца пастаяннае адчуванне, што за мной могуць у кожны момант прыйсці проста так. Або, калі маршы толькі пачаліся, я ведала, што адносна іх пачнуць працаваць: выглядваць і вышукваць людзей, якія ў іх бралі ўдзел».

Выпрабаванне дзяўчына ўспрымае надзвычай цвяроза: лічыць гэта жыццёвым урокам, які трэба прайсці з годнасцю.

Соф’я, дзяўчына Івана Андрушойця, і ягоны сабака Штырліц.
Фота: ТК / Белсат

«Так ці інакш гэта ўмацавала мяне і нашыя стасункі з Іванам. Цяпер я буду больш лаяльнаю да ягоных «хачу» і «не магу» і пачну лягчэй успрымаць рэчы, якія раней мне здаваліся сур’ёзнымі. Сітуацыяў, калі я пасля сваркі сыходжу з кватэры, больш не здарыцца, а калі ён будзе на мяне злавацца, проста скажу: «Ты сядзеў, а я цябе падтрымлівала». Надалей нашыя стасункі дакладна будуць суправаджацца турэмнымі жартачкамі».

Соф’я спадзяецца, што да суда справа не дойдзе: судзіць Івана няма за што, таксама як Паўла, Кіма і Аляксея, следчыя зробяць правільныя высновы і ўсіх адпусцяць.

Соф’я, дзяўчына Івана Андрушойця.
Фота: ТК / Белсат

«Тым не менш варта не забываць, што так можа не здарыцца, – і я гатовая да гадоў. Ёсць сем’і, якія чакаюць мужоў або дзяцей па дзесяць ці дваццаць, а нам пагражае не такі тэрмін, каб расстройвацца. Тым больш за гэтыя артыкулы нам дакладна не будзе сорамна».

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Стужка навінаў