«Я ганаруся, што я беларус» – Былы міністр культуры і дырэктар «Купалаўскага» падтрымаў пратэст беларусаў


Былы дыпламат і міністр, а таксама дзейны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы Павел Латушка выступіў з крытыкай катаванняў затрыманых.

«Мне стала сорамна, калі я сёння раніцай пабачыў сведчанні простых людзей, над якімі адбываліся катаванні, якія рабілі над імі таксама беларусы», – заявіў Латушка.

Дырэктар Купалаўскага тэатру Павел Латушка.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Разам з тым ён адзначыў, што ганарыцца тымі, «хто прагне мець сваё ўласнае меркаванне і хоча, каб яго паважалі, чулі і нарэшце пачулі».

«Я ганаруся, што я беларус», – падкрэсліў Латушка.

З такім зваротам да медыяў дырэктар Купалаўскага тэатру зрабіў на акцыі працаўнікоў тэатру супраць міліцэйскага гвалту.

Павел Латушка ў 2000-2002 гадах быў прэс-сакратаром МЗС Беларусі, затым – амбасадарам Беларусі ў Польшчы (да 2008 года), міністрам культуры (у 2009-2012 гадах) і амбасадарам у Францыі, Іспаніі ды Партугаліі па сумяшчальніцтве (у 2012-2019 гадах). Летась яго прызначылі дырэктарам Купалаўскага тэатру.

Работнікі Нацыянальнага мастацкага музея і неабыякавыя да мастацтва Людзі на акцыі салідарнасці. Мінск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г. фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Між тым дзейны міністр культуры Юрый Бондар, наведваючы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, якім ён кіраваў раней, заявіў прысутным, што ніякіх забастовак у Беларусі няма, а ўсё, што адбываецца – флэш-моб.

Каля 80 актораў беларускіх тэатраў з ім не пагадзіліся і прыйшлі з пратэстам да Міністэрства культуры. Сярод пратэстоўцаў быў і Павел Латушка.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў