«Я – эксперт у мяшках на галаве». Гутарка з выдвараным з Беларусі Антонам Раднянковым


Хіпстары таксама не засталіся ўбаку ад беларускага пратэсту. Антон Раднянкоў кіраваў «Цэнтрам новых ідэй», ганяў у лоферах на ровары, фоткаў «лукі» для «Інстаграма», адпачываў на модных пляжах і атрымліваў асалоду ад жыцця. А калі быў створаны штаб Віктара Бабарыкі, прыйшоў туды дапамагаць.

Антон Раднянкоў.
Фота: Яна Пракапчук / Белсат

Усё закруцілася вельмі па-заліхвацку. Ужо хутка ад мінулага жыцця, як кажа сам Антон, засталося тры працэнты – ён стаў актыўным сябрам Каардынацыйнай Рады і ўрэшце разам з Іванам Краўцовым быў «выкінуты» уладамі на тэрыторыю Украіны. З імі магла аказацца і Марыя Калеснікава, але яна тады падрала свой пашпарт.

Мы сустрэліся ў цэнтры Варшавы, дзе цяпер знаходзяцца офісы рознымі спосабамі выдвараных з краіны сябраў Рады. Аб уражаннях ад сілавых структур, відах мяшкоў на галаве, філасофіі мірнага пратэсту і двух камплектах адзення ў Варшаве – у гутарцы з «Белсатам».

– Пасля таго, як апынуліся ў Кіеве, вы пабывалі таксама ў Вільне, Маскве. А размаўляем мы ў Варшаве. З чым звязаныя частыя пераезды?

– Задача нашай службы – зрабіць так, каб усё працавала. Каб ажыццяўляліся праекты, каб дзейнічалі працоўныя групы, каб распаўсюджвалася інфармацыя і каб усе разумелі агульную стратэгію. Таму час ад часу трэба ездзіць. Першы тыдзень мы наладжвалі працу каманд, якія знаходзяцца ў Кіеве: частка партнёрскіх праектаў пераехала туды яшчэ да выбараў. Потым мы накіраваліся ў Вільню да Святланы, а па дарозе заехалі ў штаб Каардынацыйнай Рады ў Варшаве.

Hавiны
Каардынацыйная рада праз свае крыніцы атрымала праект паправак у Канстытуцыю
2020.11.03 18:24

– А што ў Маскве?

– У Расеі часта няправільна бачаць працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, а з гэтым трэба нешта рабіць. Перад выбарамі ў нас было багата расейскіх журналістаў, але пасля большасць выданняў адклікала сваіх карэспандэнтаў, пачалі з’яўляцца новыя тэмы кшталту Карабаху, і ніякай камунікацыі фактычна не засталося. І вось, прыйшлося ляцець. Гэта не была лёгкая паездка: супраць Рады вядзецца крымінальная справа, я хадзіў на допыты яшчэ ў статусе сведкі, а які мой цяперашні статус, не ведаю, таму пэўную трывогу я адчуваў.

– Як вы думаеце перабудаваць парадак дня пра Беларусь у Маскве?

– Мы сустракаліся з экспертамі, аналітычнымі цэнтрамі, і я ўбачыў, што там ёсць вялізны попыт на дакладную інфармацыю з Беларусі. Адзін з іх галоўных запытаў сёння – эксперты, а іх не хапае. Раней звычайнай практыкай, калі ўзнікалі пытанні, было сустрэцца з беларускім амбасадарам. Сёння ён кажа, што ўсё добра, сітуацыя пад кантролем, на вуліцы выйшла 3700 чалавек. У іх з’яўляецца адчуванне дэжавю: у 2013 годзе Януковіч таксама казаў, што ўсё добра, і прасіў крэдыт. Да таго ж расейскія аналітычныя цэнтры працуюць не толькі на грамадзянскую супольнасць: якасная экспертыза патрэбна і дзяржслужачым.

– Чаму важна спрыяць аб’ектыўнай карціне беларускіх падзей у Расеі?

– Беларусы глядзяць расейскае тэлебачанне. Паводле сацыялагічных даследаванняў, расейскаму тэлебачанню яны давяраюць больш, чым беларускаму. Калі там зменіцца рыторыка, гэта паўплывае, напрыклад, на беларускіх сілавікоў. Заўважце, калі на НТВ прайшліся па Лукашэнку, нават даволі нейтральна, на гэта ўсе адразу звярнулі ўвагу. Калі Лаўроў кажа пра неабходнасць агульнанацыянальнага дыялогу ўсіх палітычных сіл у Беларусі, гэта ўспрымаецца як мэсідж. Такіх мэсіджаў павінна быць больш.

Калі нехта ў Расеі запытае: «А што чуваць пра расследаванне гвалту з боку сілавікоў?», – у нас зразумеюць, што там да гэтага ставяцца неадназначна, а большасць сілавікоў так ці інакш глядзіць на ўсход.

– Вы ўжо два месяца за мяжой: ці захавалася рэфлекторная рэакцыя на бусы і людзей у форме?

– Ужо прайшло, дзякуй Богу, але напачатку было. У Беларусі на дарозе я бачыў толькі бусікі. У мяне было некалькі фільтраў. Першы – бусік гэта ці не бусік. Калі бусік, то спераду адзін чалавек ці два. Калі два, гэта жоўты ўзровень пагрозы. Трэці фільтр: у масках гэтыя людзі ці не. Калі ў масках, усё – код чырвоны. У Менску я толькі так і глядзеў на навакольны свет. У дзень, калі затрымалі Марыю, мы знаходзіліся пад яе пад’ездам, бо думалі, што ў яе кватэры будзе вобшук. Калі мы выйшлі з пад’езда, да яго пад’ехаў бусік. Я, канешне, падумаў, што гэта прыехалі на ператрус, паглядзеў на іх, пачаў пісаць у «Тэлеграм», падняў вочы, а там ужо бягуць мяне затрымліваць. У Кіеве я спачатку шугаўся, але зараз усе прайшло. Апроч аднаго: у Менску мы перад важнымі размовамі выносілі ўсе тэлефоны, таму дагэтуль, калі я бачу на стале тэлефон падчас сур’ёзных перамоў, мне супернекамфортна.

Hавiны
З СІЗА КДБ вызвалілі палітзняволеную Лілію Уласаву
2020.10.19 14:34

– Як гэта – перамяшчацца з мяшком на галаве?

– Я – эксперт у мяшках на галаве. На мне былі розныя мяшкі: ГУБАЗіК вазіў мяне ў адным, КДБ перавозіла ў іншым. Ёсць мяшкі як калготкі – праз іх нават штосьці бачна, але праблема, што цяжка дыхаць, у ГУБАЗіКу я ў такім прабыў гадзіны чатыры. А калі мяне везлі ў ДФР, начапілі мяшок са шчыльнай тканіны – праз яго нічога не бачна, але дыхаецца прасцей. Агулам, канешне, страшна, хоць я чамусьці адчуваў сябе спакойна – напэўна, таму, што асаблівага ціску на мяне не было. Мяне недзе вазілі альбо я проста сядзеў. Крыху стрыкотна было, калі ноччу нас ужо везлі на мяжу – такі картэж з некалькіх машын – і заехалі на ўзлесак. Усе выключаюць фары, пэўны час нічога не адбываецца, потым у адным з бусікаў адкрываюцца дзверы і бачу нейкія ўспышкі, пасля дзверы закрываюцца і бусік з’язджае ў адваротны бок. А потым было прасцей.

– Якія ў вас самыя выразныя адчуванні ад камунікацыі з прадстаўнікамі сілавых структур розных узроўняў?

– Магу распавесці пра ГУБАЗіК. ГУБАЗіК мне не спадабаўся. Калі мяне завялі ў яго аддзяленне ля плошчы Свабоды, было, канешне, дзіўнае адчуванне: на прахадной стаялі шэрагі шчытоў, гарой навалены шлемы – узнікла ўражанне, што будынак пад асадай альбо недзе адбываюцца ваенныя дзеянні. Мне надзелі кайданкі і мяшок на галаву і перавезлі ў іншае аддзяленне. Там таксама дзіўная атмасфера: ты ідзеш, а вакол чэлы ў спартыўным адзенні і масачках. Выглядае як штаб бандыцкай групоўкі. Пры гэтым яны прыходзілі паглядзець на мяне: ім прывезлі нейкага чалавека з мяшком на галаве, ім было цікава. Ідэалагічныя заводзілі размовы пра гульню Захаду і «заганялі» увесь гэты канспіралагічны наратыў.

Я заўважыў таксама, што ім непрыемны кантэнт, дзе іх звязваюць з гвалтам. Яны казалі: «Ну вось, нас называюць жывёламі, мы ж цябе тут не б’ем». А я сяджу ў наручніках з мяшком на галаве. Адчуваецца, што гэты вобраз ім моцна некамфортны, прычым я сустракаў гэта ў розных сілавых структурах.

Потым мяне адвезлі ў ДФР. Я быў здзіўлены: гляджу, а там стаяць чувакі ў гальштуках. Думаю: «Нічога сабе, што гэта за структура». У ДФР, карацей, моднікі з айфонамі, зусім не ГУБАЗіК, але яны таксама нічога не ведаюць. Калі мы ўжо сядзелі, мне кажуць: «Дык ты раскажы, ты хто? Можа, снайпер?». Там кожны знаходзіцца ў вузкім калідоры задач, усе пытаюцца адно ў аднаго, што адбываецца. Парадку там няма.

Антон Раднянкоў.
Фота: Яна Пракапчук / Белсат

– Чаму паспяховы чалавек ідзе ў штаб Бабарыкі і становіцца апазіцыянерам – гэта была перадусім амбіцыя ці пазіцыя?

– Эдуард казаў, што да штаба далучаюцца тыя, хто верыць у перамогу. І ўсе, хто далучаўся, рабілі гэта добраахвотна, ім гэтага хацелася, там не плацілі ніякія грошы. Той неверагодны ўздым у грамадстве, тая эмоцыя, тая надзея сапраўды натхнялі ўсіх.

Вядома, я не мог уявіць, што адбудзецца ўсё тое, што адбываецца цяпер. Я для сябе вызначыў, што магу выдзяляць штабу дзве гадзіны ў дзень, з чатырох да шасці. Потым пачаў прыходзіць у дзве, пазней у дванаццаць, а ўрэшце прыйшлося прыходзіць ужо на ранішнія планёркі. У нас была класная атмасфера і класныя людзі – па сутнасці, у штабе стварылася сям’я. Спецслужбы не могуць гэтага зразумець: на допытах іх першым пытаннем было, хто нас фінансуе, яны адразу думаюць пра канспіралогію, ім няясна, як гэта магчыма, што людзі, знаёмыя пару месяцаў, настолькі адно аднаго падтрымліваюць.

Марыя Калеснікава і Антон Раднянкоў.
Фота: babariko.vision

– А чаму вы паверылі, што перамены магчымыя?

– Я памятаю наш першы мітынг у Менску – падавалася, што прыйшло шмат людзей. Мы яшчэ не ведалі, што пазней будуць збірацца цэлыя праспекты.

Я праездзіў усе нашы «гастролі», і мяне здзівіла Глыбокае: у абед працоўнага дня на мітынг прыйшло паўтары тысячы чалавек, на горад у трынаццаць тысяч. Я падумаў тады, што ў Лукашэнкі праблемы, і вялікія. Самае цікавае было глядзець на людзей: многія з іх, каму ўжо за сорак ці пяцьдзясят, упершыню ў жыцці былі на палітычным мітынгу, і яны так уважліва слухалі, літаральна сачылі за кожным словам.

– Вы тады зразумелі, што ў Лукашэнкі праблемы. У яго ўсё яшчэ праблемы ці ён перамагае пратэст?

– Усё вельмі проста. Сяргея Ціханоўскага «закрылі» ў маі, каб Лукашэнка перамог. Сёння лістапад, а ён усё яшчэ намагаецца перамагчы. Мне падаецца, тут няма пра што хвалявацца, пытанне толькі часу. Гэтыя працэсы немагчыма вярнуць назад, забыць, выкрэсліць, пераламаць, настрой у грамадстве прынцыповы, нават калі ў нейкія дні на вуліцу выходзіць менш людзей. У Лукашэнкі вельмі кепскі прагноз на пенсію.

ВІДЭА
Павел Латушка: Будуць эканамічныя санкцыі
2020.10.19 14:06

– Як гэта – быць у палітычным выгнанні?

– Мне вельмі непрыемны гэты «лэйбл». Спадзяюся, што хутка вярнуся назад. Я ніколі доўга не жыў за межамі, але ў мінулым годзе паўгады правёў у Кіеве і ў Менск мне не хацелася, але як толькі мяне вывезлі з Беларусі, так моцна захацелася… Мне хочацца быць там, са сваімі людзьмі. Калі мы з Максімам Баграцовым пабачыліся ў Маскве, гэта быў эмацыйны момант, хоць мы штодня стэлефаноўваемся. Цяпер я вымушаны нейкім чынам працаваць з Варшавы.

– Думаеш, калі б ты працаваў у Менску, быў бы больш карысны?

– Ёсць два канцэптуальныя погляды на мірны пратэст. Першы кажа: мы пакажам, што нас шмат, той бок спужаецца і ўцячэ. Раней хадзілі выразы, маўляў, калі на Плошчу выйдзе столькі тысяч чалавек, гэта ўжо не апазіцыя, а працадаўцы. Паводле другога падыходу, палохаць праціўніка не варта, бо ў такім выпадку ён пачынае бараніцца – лепш перацягнуць яго да сябе.

Шмат людзей, якія галасавалі за Лукашэнку, калі пабачылі гвалт у паслявыбарчыя дні, сказалі: «Мы больш не з ім». Таму, нам падаецца, важна паказваць маральную перавагу, што праўда за намі. Таму Марыя Калеснікава і падрала пашпарт, таму Максім Знак, калі прыйшлі штурмаваць яго офіс, спакойна ўзяў чамадан і пайшоў у турму, таму Максім Баграцоў з Масквы вярнуўся ў Менск.

– КР і пратэст фактычна занялі ўсё ваша жыццё. Вы на гэтым зарабляеце?

– Не зарабляю, гэта мой унёсак у будучыню Беларусі – я так гэта ўспрымаю. А Максім Знак ці Максім Баграцоў хіба зарабляюць? А Марыя Калеснікава ўдзельнічала ў гэтым, таму што ёй паабяцалі нейкія грошы? Яно так не працуе.

– Як ты арганізаваў сваё жыццё ў Варшаве?

– Мы тут здымаем кватэру і жывем у ёй учацвярых. Я жартую, што вярнуўся ў часы інтэрнату. Палова рэчаў захоўваецца ў сумцы. У мяне два камплекта адзення – адны красоўкі, адны туфлі, дзве вадалазкі, дзве кашулі, двое штаноў і шмат шкарпэтак. Калі мяне вывезлі, у мяне з сабой было толькі тое, што на мне, пашпарт і трыста долараў. Так у Кіеў улегцы і заехалі.

Але за апошні час я намацаў дзіўную гармонію з жыццём: хоць у мяне няма сталага месца пражывання і грошай, мяне гэта ўсё не хвалюе, я з гэтым «окей».

– Ты адчуў падтрымку падчас усіх гэтых падзей?

– Каласальную. Калі мы прыехалі ў Кіеў, нас сустракала куча людзей, нам адразу далі тэлефоны, «сімкі», некуды адвезлі – я не мог уявіць, што беларусы такія класныя. Калі мне трэба было тэрмінова перадаць нешта бацькам у Гомель, гэта зрабілі за пару гадзін. Беларусы цудоўныя – цяпер увесь свет на нас глядзіць і так думае.

Гутарыла Ірэна Кацяловіч, Belsat.eu

Стужка навінаў