«Я думаў, што проста памру там», – менскі мастак распавёў пра здзекі ў міліцыі


У Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуўся менскі мастак-ілюстратар Аляксей Жаліба, які распавёў пра здзекі з боку супрацоўнікаў міліцыі з РУУС Кастрычніцкага раёну Менску.

Ноччу 31 студзеня хлопец з сябрам засядзеліся ў бары, вырашылі выклікаць таксі, каб дабрацца да дому. Акрамя таго, Аляксей стаў сябе не вельмі добра адчуваць, бо мае захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы. Сеўшы ў таксі, хлопец патлумачыў кіроўцу, што спачатку трэба адвесці дадому яго, а потым ягонага сябра, бо аплочваць паездку будзе апошні.

Аднак, па невядомай прычыне кіроўца таксі спачатку адвёз сябра, той падняўся ў кватэру за грашыма, але не вярнуўся – як потым высветлілася, ён заснуў. Грошай жа ў Аляксея не аказалася, і таксіст спачатку адвёз хлопца ў апорны пункт, але ён аказаўся зачынены, а потым наўпрост выклікаў міліцыю.

«Гэта выглядала, як рэйдарскі захоп: пад’ехаў УАЗік і пад’ехаў таксіст, мяне перахапілі і кінулі ў міліцэйскую машыну, павезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёну. Ніхто мне не прадстаўляўся, у аддзяленні пасадзілі побач з бамжом і нават не апыталі», – дзеліцца ўражаннямі Аляксей Жаліба.

Праз некаторы час да хлопца падышоў супрацоўнік міліцыі, які таксама не прадстаўляўся, і, паводле слоў Аляксея, пачаў лаяцца. Хлопец папрасіў ручку і аркуш паперы, каб напісаць заяву, а таксама выклікаць яму хуткую дапамогу, бо ў яго рэзка падняўся ціск. У адказ на гэта – супрацоўнікі міліцыі пасмяяліся і пачалі хлопца ігнараваць.

«Я нікога не абражаў, не лаяўся, а прасіў выклікаць хуткую. Аднак, мяне пачалі цягнуць да жалезнага стула, прыпаянага да падлогі, пасадзілі на яго і так туга закавалі ў кайданкі, я нават парухацца не мог. І гэта пры тым, што я гіпертонік. Цяпер у мяне засталіся крывападцёкі на руках», – распавёў Аляксей.

Адзін з супрацоўнікаў прынёс хлопцу нейкія паперы, якія прапанаваў прачытаць і падпісаць. Аляксей Жаліба паспеў убачыць толькі некалькі радкоў, як міліцыянер запытаў яго, ці будзе ён падпісваць паперы, не даўшы дачытаць цалкам. Затрыманы абурыўся, што нічога не прачытаў і не можа проста так падпісаць паперы, аднак яму прыгразілі, што змесцяць у карцэр да суда.

«Мяне ўжо пачалі цягнуць у карцэр, я кажу ім, што калі вы мне хуткую зараз не выклічаце, я проста памру там. Яны запыталіся: «Ты падпісваць будзеш?» Я папрасіў даць прачытаць, а потым падпісаць. Але міліцыянеры сказалі, што не дадуць. І я быў вымушаны згадзіцца і падпісаў паперы, не чытаючы», – скардзіцца Аляксей.

Пасля гэтага яго выкінулі з РУУС. Аляксей Жаліба ўжо звярнуўся са скаргай на парушэнне яго правоў і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў Галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС, а таксама збіраецца падаць адпаведную заяву і ў Следчы камітэт, каб прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці.

КА, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў