«Я даваў прысягу не Лукашэнку, а народу». Старэйшы лейтэнант міліцыі з Гомеля Іван Колас пераехаў у Кіеў


27-гадовы ўчастковы міліцыянт з Гомеля Іван Колас, які запісаў раней відэа з заклікам да беларускіх сілавікоў, пераехаў у Кіеў са сваёй жонкай Настай. Як ягонае рашэнне ўспрынялі калегі і як супрацоўнікі беларускай міліцыі ставяцца да Лукашэнкі – пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю журналісту «Белсату» у Кіеве Марыне Ступак.

Вы, знаходзячыся ў Беларусі, запісалі відэа, у якім папрасілі сілавікоў быць з народам, не чапаць пратэстоўцаў, чаму не пабаяліся і што было пасля запісу гэтага відэа?

Асноўным трыгерам таго, што я запісаў гэта відэа, сталі здзекі супрацоўнікаў (праваахоўных органаў – рэд.) над мірнымі грамадзянамі, якія выходзілі на мірныя пратэсты. Што адбылося пасля таго, як я запісаў відэа? Літаральна хвілін праз 20-30 да мяне прыехалі мае кіраўнікі з маімі ж калегамі, спрабавалі зайсці ў кватэру, я ім не адчыняў дзверы, таму што разумеў чым гэта пагражае. Ўгаворвалі проста пагаварыць. Ну зразумела, я ж працую ў міліцыі, я ведаў што будзе па выніку, калі я ім адчыню дзверы. У выніку яны прыдумалі падставу, што трэба забраць пасведчанне і жэтон. Я ім сказаў, што скінуў гэта ўсё з балкона, скіну пасведчанне і жэтон з балкона. Кіраўнікі з’ехалі, супрацоўнікі засталіся назіраць за пад’ездам, чакалі пакуль я выйду. Я разумеў да чаго ўсё ідзе, і ў гэтую ж ноч ўпотай выбраўся з кватэры і з’ехаў з краіны.

Я разлічваў на вынік, што супрацоўнікі проста адмовяцца выконваць злачынныя загады, як я.

Марына Ступак і Іван Колас.
Фота: «Белсат»

Як наогул калегі ўспрынялі такое ваша рашэнне?

Хтосьці падтрымаў, пасля майго сыходу нават некалькі супрацоўнікаў з майго райаддзела звольніліся, але, вядома, большасць ніяк не адрэагавалі. Большасць людзей напіталіся ідэалогіяй нашай дзяржавы, яны сапраўды вераць, што гэтыя дэманстранты, мірныя грамадзяне, якія выходзяць проста выказаць сваё меркаванне, гэта нейкія ворагі народа.

Праход на Нямігу каля Дому Ураду перакрыты вайскоўцамі. Мінск, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu / vot-tak.tv

Многія шчыра вераць, што гэта нейкая маргінальная меншасць, беспрацоўныя, якім далі 150-300 еўра і яны гэтыя еўра адпрацоўваюць. Так працуе ў нас прапаганда, усё кіраўніцтва за гэта топіць. Яны ўвесь час нам на нейкіх планёрках падчас выбараў распавядалі: «там наркаманы, ніхто не працуе». Хоць, калі людзей затрымлівалі, у кожнага, у каго не спытай: «Дзе працуеш?», чалавек называе месца працы і пасаду. Вядома, страшна, калі людзі не шукаюць нейкую альтэрнатыўную інфармацыю, не могуць неяк крытычна думаць і гэта вельмі дрэнна.

Фота з асабістага архіву Івана Коласа

Вы у інтэрв’ю казалі, што ў Гомелі вас таксама адпраўлялі разганяць пратэстоўцаў. Як гэта было, раскажыце.

На той момант я яшчэ не канчаткова саспеў для такога відэа. Гэта было 9-га жніўня. Толькі-толькі скончыліся выбары, я дзяжурыў на выбарчым участку. І нас сабралі ўсіх у райаддзеле і сказалі: «Так, трэба 30 чалавек для патрулявання ў парку, каб ніхто нічога не перакуліў, не зламаў». А потым высвятляецца, што ў іншым месцы, у кіламетрах двух ад плошчы, сабраліся людзі, якія выйшлі на мітынг. Нам кажуць: «Трэба іх усіх разганяць». Што вось у мяне шчоўкнула ў гэты момант – людзі пачалі крычаць: «Міліцыя з народам», ніхто не выяўляў агрэсію ў наш бок. АМАП затрымліваў людзей, перадаваў іх нам, каб мы ў аўтазак заводзілі. І тых, якіх перадавалі мне, я проста заводзіў крыху далей, адпускаў і казаў: «Бяжы», і чалавек уцякаў. Мне за гэта потым яшчэ людзі з дамоў «дзякуй» крычалі.

Hавiны
Білі па сцёгнах, акуналі галавою ва ўнітаз. Гісторыя аднаго затрымання ў Гомлі
2020.08.24 18:15

Не выканалі загад. За гэта ж ёсць артыкул?

Ёсць артыкул за невыкананне загаду. Але таксама ёсць такая агаворка: «Невыкананне загадзя злачыннага загаду крымінальнай адказнасці не падлягае». Але тут палка з двума канцамі, хто застанецца ва ўладзе, той і будзе трактаваць – гэта быў злачынны загад, ці гэта быў легітымны загад.

Іван Колас. Фота з асабістага архіву

Чаму менавіта цяпер, пасля гэтых падзей (пратэстаў – рэд.) вы вырашылі так публічна заявіць пра сваю пазіцыю, прыняць рашэнне аб пераездзе ў Кіеў. Бо тое, што датычыць сістэмы – было зразумела і раней – якая яна, былі пратэсты, 2006-ы, 2010-ы год… Чаму менавіта цяпер, а не раней?

Па-першае, раней, да прыкладу ў 2010-м годзе, я памятаю, былі пратэсты, але я тады быў яшчэ не вельмі спелы, скажам так, палітычна. Не было нейкай альтэрнатыўнай інфармацыі, для мяне прынамсі. І на той момант мне было 17 гадоў, я нават права голасу не меў. А цяпер, у гэтым годзе, наогул нават у гэтую пяцігодку, дзяржава зрабіла вельмі шмат крытычна няслушных крокаў. Я ў прынцыпе не падзяляў палітыку дзейнай улады, нават знаходзячыся ў міліцыі, будучы супрацоўнікам. І бачачы, што ў мяне ўсе сваякі, сябры прагаласавалі за Ціханоўскую, я таксама прагаласаваў за Ціханоўскую. І тут Ярмошына (Лідзія Ярмошына – кіраўнік ЦВК Беларусі – рэд.) аб’яўляе па тэлевізары: «Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка 80%» і мне інтэрнэт адключаюць, і ўсё – жыві з гэтай інфармацыяй як хочаш. То бок, гэта, напэўна, паслужыла тым трыгерам, што нават людзі выйшлі на вуліцы – усе бачаць, што з іх атачэння ніхто за Лукашэнку не галасаваў, адкуль 80%?

Я даваў прысягу не Лукашэнку, не дзейнай уладзе, я даваў прысягу народу, што я ахоўваю грамадскі парадак. Я чаму не звальняўся? Мне ў прынцыпе праца падабалася і ў маіх службовых абавязках няма такога пункта – «разганяць нейкія мірныя дэманстрацыі».

Як вы думаеце – ці магчыма наогул, што супрацоўнікі праваахоўнай сістэмы могуць перайсці на бок пратэстоўцаў?

Наогул вельмі добра было б, калі б хто-небудзь з эліты перайшоў. Гэта значыць ён бы адразу за сабой забраў касцяк супрацоўнікаў.

На «Маршы новай Беларусі» ў Менску, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu / vot-tak.tv

Хто, напрыклад?

Хтосьці з Міністраў, з начальнікаў УУС абласцей, начальнікаў РАУС. Калі б нейкі начальнік РАУС стаў бы, выступіў канкрэтна на планёрцы, сказаў: «Таварышы, такая ў нас палітычная сітуацыя ў краіне, я бачу, што ўсё-ткі народ не падтрымаў пакуль яшчэ дзеючага, хоць, вядома, яго ніхто не прызнае, прэзідэнта. Я прапаную ўсім прыняць рашэнне прама цяпер – мы будзем выконваць загады: людзей біць, пакідаць у ІЧУ, складаць ліпавыя пратаколы, ці вы, гэтак жа як і я, прыміце прысягу на вернасць народу яшчэ раз». Калі паўстане ўвесь РАУС, што зробяць? На гэты РАУС пойдзе штурмам АМАП ці што?

Ці гэта наогул рэальны сцэнарый?

Нерэальны, таму што, па-першае, эліта ўжо ўся ў крыві сама. І яны разумеюць, што ў іх шанец не быць у турме толькі, калі будзе ва ўладзе Лукашэнка. І яны, як звяры, загнаныя ў кут, будуць біцца да апошняга, пакуль народ не ўстане. Я, вядома, баюся, каб не было крыві.

15 дзень пратэстаў у Беларусі.
Фота: Ян Акулін / Belsat/eu

У мінулую нядзелю прайшоў шматтысячны, самы шматлюдны, мітынг у гісторыі Беларусі. Як вы думаеце, ці ёсць у Лукашэнкі сілы і інструменты, каб разагнаць такую колькасць людзей?

Няма, вядома. Гэта такі стыхійны мітынг, такі натоўп ніколі не разгоняць, нават не будуць спрабаваць. Таму што гэта перарасце ў грамадзянскую вайну потым. Я думаю, што гэта цяпер нават Лукашэнку не трэба.

Што плануеце цяпер рабіць у Кіеве? Плануеце тут застацца?

Буду дапамагаць праваабарончым арганізацыям. Дапамагаць, да прыкладу, тым супрацоўнікаў, якіх звольнілі з-за іх палітычных поглядаў. Усё будзе залежаць ад таго, якая ў нас будзе палітычная сітуацыя ў краіне. Зразумела, што пакуль ва ўладзе Аляксандр Рыгоравіч, я не збіраюся вяртацца.

У канцы я б хацеў звярнуцца да супрацоўнікаў, каб усе ўважліва глядзелі на палітычную сітуацыю, ацанілі ўсе рызыкі, таму што рэжым Лукашэнкі вельмі слабы, ён падтрымліваецца толькі супрацоўнікамі МУС, больш яго ніхто не падтрымлівае. Неабавязкова звальняцца з міліцыі, можна проста не выконваць злачынны загад. І ўсё будзе добра.

Ачапленне каля музея Вялікай Айчыннай вайны, Беларусь. 23 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

belsat.eu

Стужка навінаў