«Я бачыла вочы людзей у балаклавах, яны пустыя»: у Горадні падчас акцыі памяці Бандарэнкі затрымалі лекараў, журналістаў, бізнесоўцаў


У Горадні пачаліся суды над затрыманымі жыхарамі, якія ў нядзелю, 15 лістапада, выйшлі ў цэнтр гораду, каб ушанаваць памяць загінулага ў Менску Рамана Бандарэнкі і сказаць «не» гвалту на вуліцах.

Сярод затрыманых – вядомыя ў горадзе асобы: уладальнік парталу Autogrodno.by і адзін са стваральнікаў найбуйнейшага аўтамабільнага фестывалю Беларусі «SunDay» Міхаіл Кунцэвіч, фатограф Яўген Бузук, радыёвядоўца Сяргей Гадзяеў (выпусцілі), палітычны актывіст Аляксандр Рэйзман, відэааператар-фрылансер сайту Hrodna.life Андрэй Ломаў.

Міліцыя на акцыі ў Горадні. Фота ад чытачоў «Белсату»

«Мужа затрымалі. Як і шмат іншых, хто спакойна стаяў побач. Было страшна. Я бачыла вочы людзей у балаклавах, яны пустыя, з імі немагчымы дыялог, хоць я і спрабавала. Усё, што мяне чакала, – гэта штуршок у спіну», – напісала ў сваім профілі ў «Фэйсбуку» жонка затрыманага фатографа Яўгена Бузука, Святлана.

Былі затрыманыя і чакаюць суда таксама некалькі медыкаў: псіхатэрапеўт Ігар Папеня, лекар Антон Прудко, оталарынголаг Алена Віхарава.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», у Горадні ў нядзелю затрымалі 76 чалавек. У гэты дзень каля 200 гарадзенцаў прыйшлі да народнага мемарыялу каля помніку Фары Вітаўта на акцыю памяці Рамана Бандарэнкі. У міліцыі гэта палічылі «палітычнай акцыяй» – адбыліся затрыманні.

Акцыя ў Горадні. Фота ад чытачоў «Белсату»
Акцыя ў Горадні. Фота ад чытачоў «Белсату»

Афіцыйныя лічбы затрыманых прэс-служба міліцыі даваць адмовілася. Вечарам з Ленінскага РАУС з пратаколамі аб адміністратыўным правапарушэнні адпусцілі некалькіх жанчын, з папярэджаннем адпусцілі мужчыну, які ўтрымлівае хворую маці.

Вядома, што каля дзясятка чалавек адправілі ў Слонім, астатніх адвезлі чакаць суда ў гарадзенскія ізалятары: у ІЧУ на вул. Гая і турму № 1 на вул. Кірава, 1.

Суды над гарадзенцамі адбудуцца 16 і 17 лістапада.

СП belsat.eu

Стужка навінаў