«Я б здохла там ад холаду». Як актывістка Вольга Нікалайчык адседзела 22 дні ў карцары


Грамадскую актывістку і рэжысёрку Вольгу Нікалайчык затрымалі 7 ліпеня падчас пікету па зборы подпісаў на Камароўскім рынку. Агулам за ўдзел у розных «несанкцыянаваных акцыях» жанчыне налічылі 58 дзён адміністрацыйнага арышту. Сёння, 7 ліпеня, роўна праз месяц пасля затрымання, яна раптоўна выйшла на волю.

Вольга Нікалайчык

Вольгу Нікалайчык адпусцілі на волю з менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў. Вызваленне стала нечаканасцю нават для яе самой. За месяц арышту 22 дні яна правяла ў ШІЗА. Умовы там вельмі жорсткія.

«Гэта адзіночка, усяго дзве камеры на паверсе. Бетонны мяшок, вельмі халадно і вільготна. Не вадзілі 30 содняў у душ. Не давалі нават прычасацца», – прыгадвае Вольга.

Перадачы ёй не давалі. Нават кнігі і акуляры. У ШІЗА было так халадно, што ўначы было немагчыма заснуць, і Вольга нават хадзіла, каб сагрэцца. Яна нават захварэла там. Калі з-за аварыі адключылі гарачую і халодную ваду, то адміністрацыя выдавала 2 літры на дзень. Літр для піцця, і літр – на побытавыя патрэбы: змыць унітаз, памыць бялізну. На шпацыр Вольгу выводзілі раз на 5-6 содняў.

«Вядома, калі доўга сядзіш на зэдлічку 20×20 сантыметраў ды на шконцы, прыбітай да сценцы, то і два крокі цяжка зрабіць», – распавядае Вольга.

«Гэта не пакаранне, гэта ціск»

«Мне пастаянна бачылася смерць маіх сяброў», – гаворыць Вольга.

Вольга Нікалайчык

Вольга кажа, што гэта было не пакаранне, але ціск. Яе пазбавілі ўсяго.

«Мяне ўратавала, што перад тым, як мяне перавялі ў ШІЗА, я здолела схапіць дзве цёплыя кофты. Інакш я б проста здохла там ад холаду. Ані матрацу, ані бялізны нават не было», – распавядае пра ўмовы Вольга.

Пакаралі не толькі актывістку, але і ейных суседак. Прыгадвае, што адна з іх, расяянка, наракала, што ўмовы з-за палітычных вельмі пагоршыліся. Але беларусы не далі сябе ў крыўду.

Вольга Мікалайчык.
Фота: асабісты архіў гераіні

«Беларускі сказалі ёй: «Едзь у Маскву, цябе там Жырыноўскі, якога ты любіш, сустрэне. А мы будзем з Воляй».

Аднак у заключэнні актывістка не здавалася: прыдумляла аповеды і дакументальны сцэнар. Думала і пра планы на будучыню.

«Пакуль што буду займацца тым, чым і раней», – абяцае яна.

Яны ўсе баяцца

Ілона Пракаповіч больш за ўсё ўразілася адсутнасцю інфармацыі.

«Яны дзень не гаварылі, дзе мая матуля. Я тэлефанавала ва ўсе РАУСы, даведвалася. Другі раз яе ціха судзілі, мне ізноў не сказалі. Хоць я тэлефанавала і пытала. Мне адказалі, што суда не будзе. Я думала, што маму выпусцяць і паехала яе сустракаць. Але ёй далі чарговыя 15 содняў. Паўсюль падман!», – абураецца Ілона.

Ілона Пракаповіч. Cкрыншот

Вераніка Мішчанка, сяброўка «Народнай грамады», разам з Вольгай Мікалайчык адседзела 30 содняў. Яна мяркуе, што гэта быў першы выпадак, калі жанчынам давалі столькі содняў.

Актывістка Вераніка Мішчанка.
Фота: скрыншот

«Для мяне гэта быў першы адміністрацыйны арышт. І яны намагаліся паказаць усё. Спалі на голых дошках, спрабавалі падсяліць не вельмі адэкватных суседзяў», – распавядае жанчына.

Вераніка кажа, што і сярод адміністрацыі ЦІП меркаванні падзяліліся.

«Я ўначы прачнулася ад іхных размоваў. Спрачаліся, гаварылі: «Паглядзім, што будзе ўвосень». Яны ўсе таксама заведзеныя. Яны ўсе баяцца», – гаворыць яна.

  • Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна» 125 чалавек атрымалі агулам 1800 дзён арышту па адміністрацыйных артыкулах, выкарыстаных у мэтах палітычнага пераследу.
  • Зараз у Беларусі 24 чалавекі прызнаныя палітычнымі вязнямі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў