«Я аднагодак Ніны Багінскай». Аўтар сотні эмацыйных плакатаў распавядае пра свае ўлюбёныя


На пратэставых маршах часта можна сустрэць сталага спадара, які прыносіць рукапісныя пасланні на аркушах. За апошнія паўгода Валер Полацкі зрабіў амаль 100 эмацыйных плакатаў. «Белсату» ён распавёў пра ўлюбёныя.

Валер Полацкі зрабіў амаль 100 эмацыйных плакатаў.
Фота: ТК / «Белсат»
Валер Полацкі зрабіў амаль 100 эмацыйных плакатаў.
Фота: ТК / «Белсат»
Валер Полацкі зрабіў амаль 100 эмацыйных плакатаў.
Фота: ТК / «Белсат»

Спадар Валер нарадзіўся ў горадзе каля Вільні. У вайну ягоную маці з ейнаю сястрою немцы хацелі павезці з Полацку ў Нямеччыну: яны здолелі ўцячы з цягніка і выйшлі на станцыі аднаго з літоўскіх гарадоў. Потым маці вярнулася ў Полацк, гэты горад спадар Валер лічыць калыскаю Беларусі. Цётка засталася ў Літве.

Цяпер спадару Валеру 73 гады, ён пенсіянер:

– Я аднагодак Ніны Багінскай, але не магу афішаваць, хто я такі. Заўсёды кажу, што мяне клічуць Валер Полацкі. Я ніколі не галасаваў за Лукашэнку, але і на пратэсты не выходзіў. Толькі спачуваў. Сёлета пачаў выходзіць у чэрвені.За паўгода спадар Валер стварыў больш за 90 плакатаў. Кажа, што ідэі нараджаюцца імгненна: калі снедае, едзе ў тралейбусе ці проста ідзе. Раней ён насіў з сабою шмат плакатаў, але гэта нязручна, не паспяваў іх мяняць. Цяпер бярэ максімум чатыры: у файл кладзе па два плакаты фармату А4 – з абодвух бакоў. Калі б выходзіў без файлаў, то некаторыя плакаты панішчыў бы дождж. Паперы не набывае: шмат сабралася ўдома, спадар Валер пусціў яе ў справу.

Фота: ТК / «Белсат»

– Раней я хадзіў у нядзелі. Потым сталі ганяць. Як паказаць людзям плакаты, калі ўсе бягуць? І тут зʼявіліся маршы пенсіянераў. Калі першы раз выйшлі – дзяўчаты плакалі ад гонару і страху за іх. Тады я і падумаў, што гэты народ ніколі не пераможаш.

Звычайна спадар Валер ідзе не ўздоўж дарогі, а бліжэй дамоў. Так бяспечней і больш людзей могуць убачыць плакаты, журналісты і мінакі фатаграфуюць. Мужчына не карыстаецца інтэрнэтам, але просіць, каб людзі апублікавалі ягоныя плакаты ў «Тэлеграме».

– Сын пастаянна пытае, ці гатовы я да затрымання. Гатовы. Я пражыў 73 гады, а цяпер вам трэба жыць. Сын ведае, што я вядомая асоба. Ён задаволены, але перажывае за мяне як за старога чалавека. Просіць, каб надзяваў маску.

Сын спадар Валера ўжо адседзеў содні: яго забралі на нядзельным маршы каля Нямігі ў пачатку восені.

– У мяне вельмі шмат ідэяў для плакатаў, але мітынгаў мала. Хваліць сябе нязручна, але мне здаецца, што ўсе мае надпісы добрыя. Калі пераможам – у музей здам! Пакажу вам тыя плакаты, што падабаюцца мне найбольш.

Фота: ТК / «Белсат»

Мяне часта пытаюць, адкуль я бяру гэтую інфармацыю. А я кажу, што з БТ. Недзе паўгода таму я пачаў глядзець БТ, каб даведацца, пра што кажа Лукашэнка і ўся гэтая хеўра. Гэта я напісаў 12 чэрвеня, калі яшчэ толькі галасы збіралі.

Фота: ТК / «Белсат»

Я жыву без інтэрнэту. Калі мяне пытаюць, адкуль я атрымліваю інфармацыю, то адказваю словамі доктара навук з фільму «Масква слязам не верыць»: «А што, я на доктара навук не падобны?» Так і я: што, я не магу напісаць нейкіх думак? Не ведаю, як мне гэта ўдаецца. У дзяцінстве я вельмі шмат чытаў, нават зрок сапсаваў. Можа, праз гэта сфармаваўся кругагляд. Цяпер я гляджу БТ, але ўспрымаю ўсю інфармацыю наадварот. Таксама гляджу «Euronews», расейскія каналы. Калі мне трэба нешта канкрэтнае, то пытаю сына: ён знойдзе ў інтэрнэце і пракаментуе.

Фота: ТК / «Белсат»

Гэта вельмі падабалася людзям. І ля стэлы чарга стаяла, каб сфатаграфаваць. Асабліва дзяўчаткам падабалася.

Фота: ТК / «Белсат»

Мы зноў становімся нацыяй. Гэтага ўжо не выбʼеш, як бы яны ні спрабавалі дыскрэдытаваць нас і бел-чырвона-белы сцяг. Яшчэ да мітынгаў ля стэлы я хадзіў з гэтым плакатам, людзям падабалася.

Фота: ТК / «Белсат»

Адна жанчына зрабіла мне заўвагу, што я пішу Лукашэнка з «а» на канцы. А я ёй адказаў: «Вось як ён з беларускай мовы здзекуецца і выцірае ногі аб яе, так і я з яго буду здзекавацца». Яна сказала, што гэта правільна. Ну скажыце: ці ёсць у чалавека галава? Які сэнс сварыцца з Украінаю? Гэта паказнік ягонага характару.

Фота: ТК / «Белсат»

Я не сяджу, не думаю над плакатамі. Прыйшло ў галаву – пішу. Так і з гэтым плакатам. Я і сам разумею, чаму гэты стаў папулярным: ён кароткі. Мне ўжо рабілі заўвагі, што я зашмат тэксту пішу на плакатах.

Фота: ТК / «Белсат»

У 1654 годзе Расея напала на Беларусь, учыніла крывавы патоп і знішчыла кожнага другога беларуса. Я размаўляў з трыма гісторыкамі, і адзін з іх сказаў, што ў Гомельскай і Магілёўскай вобласцях у тым годзе забілі 80 % насельніцтва. Чым больш я даведваюся, тым часцей пішу «фашысцкая Расея». І цалкам згодны з балтамі і палякамі, што ўлады Расеі ў некаторых пытаннях горшыя за Гітлера.

Фота: ТК / «Белсат»

Гэта адказ на тое, што такое чырвона-зялёны сцяг. Можна было напісаць «Улада і НКВД», але я ўжо не стаў перарабляць. Ну што гэта за сцяг? І ўсе моляцца на яго… А бел-чырвона-белы ўсё жыццё асацыяваўся з абаронаю Беларусі. Калі чырвона-зялёны – гэта наступ, то бел-чырвона-белы – гэта абарона.

Фота: ТК / «Белсат»

Гэтае супастаўленне людзям таксама падабаецца.

Фота: ТК / «Белсат»

Тут я даказваю, што Трамп не ўплывае на ЦВК, на прэсу, суддзяў і настаўнікаў (іх я дадаў спецыяльна), не можа ён і Байдэна пасадзіць у турму. Гэта дэмакратыя.

Фота: ТК / «Белсат»

Ён сказаў, што на нас паклала вока Еўропа. Але фашысцкая Расея паклала на нас вока яшчэ ў 1654 годзе.

У 1927 годзе ў Беларусі каля 80 % насельніцтва гаварыла на беларускай мове, але потым прынялі закон і пачалі барацьбу з беларусізацыяй. Лукашэнка з першых дзён стаў нам расейскую мову навязваць. Сутнасць вось у чым: ён сам ненавідзіць усё беларускае.

Фота: ТК / «Белсат»

Мне не падабаецца, калі маладзёны размаўляюць матам. Але не буду ж я ў гэтым плакаце пісаць «падмануць», гэта не да месца. Калі мне па пальцах малатком б’юць, то чаму б не вылаяцца? Адзін журналіст сказаў, што ўсе мае плакаты на мяжы фолу. Я разумею, але ўсё роўна пішу. Нюх нейкі ёсць.

Фота: ТК / «Белсат»

Як можна галасаваць за чалавека, які кажа, што краіна жабрацкая? На Захадзе ў яго было б 0 галасоў, а тут – 3 %. Ведаеце, дрэнных людзей нельга добрымі словамі называць, таму «касманаўтаў» я называю апалонікамі. І калі мы пераможам, то апалонікі, суддзі, пракуроры, генералы ды іншыя вымушаныя будуць зʼехаць у Расею. І ў нас вызваліцца 3 % працоўных месцаў. Гэта каля 300 тысяч асобаў.

Фота: ТК / «Белсат»

Я не журналіст. Я энергетык-інжынер. Нічога не ведаю пра стыль пісання. Бог даў талент – вось я і пішу. Я і сам ведаю, што трэба пісаць коратка. Але як гэта напісаць у двух словах?

Фота: ТК / «Белсат»

Гэта моладзі таксама вельмі падабалася. Першы раз я з ім выйшаў, калі шмат людзей сабралася на плошчы Незалежнасці, мы ішлі да стэлы. Я задаваў маладым адное і тое ж пытанне, ці маюць яны падтрыманне ад старэйшага пакалення. Шмат хто казаў, што не. Цяпер пенсіянераў усё больш: гэта значыць, што зʼяўляецца падтрыманне ад старэйшага пакалення.

Фота: ТК / «Белсат»

Пакуль мы размаўляем з спадаром Валерам, побач праходзяць дзяўчыны. Мужчына спыняе іх:

– Спадарыні, глядзіце!

– А мы ўжо бачылі гэты знакаміты плакат. Можна сфатаграфаваць?

– Трэба! Я хачу, каб вы сфатаграфавалі і разаслалі сябрам.

Валер Полацкі зрабіў амаль 100 эмацыйных плакатаў.
Фота: ТК / «Белсат»

Напрыканцы спадар Валер кажа:

– Думаю, што за мною сочаць, але пакуль мяне не вылічылі. Ну каму спадабаецца, як нехта кажа, што «на тваю магілу прынясуць гару лайна»?

ТК belsat.eu

Стужка навінаў