«Я адчула сябе пасудзінай, з якой вылілі мутную ваду». Тры жанчыны распавядаюць, як змянілася іх жыццё пасля псіхатэрапіі


У Беларусі, як і ў іншых постсавецкіх краінах, псіхатэрапія часта ўспрымаецца як загадкавая з’ява з амерыканскіх фільмаў. Нават візіт да псіхолага шмат хто лічыць неабходнасцю толькі ў скрайніх выпадках. Але паступова і ў нашых шыротах усё больш людзей, сутыкаючыся з праблемай, вырашаюць разабрацца ў сабе пры дапамозе спецыяліста. Жанчыны, чыё жыццё кардынальна змянілася з прычыны псіхатэрапіі, распавялі пра свой досвед belsat.eu. Спойлер: перамены здзівілі нават саміх гераінь.

Ганна, 28 гадоў (імёны ўсіх герояў змененыя)

Упершыню ў кабінет псіхолага я трапіла два гады таму. У 26 гадоў у мяне было ўсё, да чаго я імкнулася: выдатны муж, цэлыя два дыплома аб вышэйшай адукацыі і някепская праца, у якой давялося зрабіць перапынак па самай цудоўнай прычыне – дэкрэт.

Але пасля нараджэння дачкі нешта ўва мне як быццам зламалася: я ператварылася ва ўласную цень, нервовую і маркотную. Любое неідэальнае дзеянне дзіцяці магло выклікаць у мяне выбух гневу (я сціскала зубы і маўчала), хоць мазгамі разумела, што дачка яшчэ не можа есці акуратна ці не пэцкацца ў пясочніцы, і няма яе віны ў тым, што па начах яна прачынаецца. Я думала: ну ўсё, нармальнае жыццё скончылася, прывітанне, бясконцыя сціркі ды прыборкі, а для адпачынку – мульцікі і пластыкавыя прынцэсы.

Фота мае ілюстрацыйны характар. https://pixabay.com/

Мая ўнутраная выдатніца крычала: ну чаму ты не можаш быць добрай маці? Але сіл не было ні на што: я не магла прымусіць сябе нават сустрэцца з сяброўкамі, хоць раней была галоўным завадатарам у любой кампаніі. Ды што там, нават устаць з ложка часам было цяжка, я быццам пагрузілася ў поўную цемру.

Калі дачцэ споўнілася два гады, я зразумела: хопіць спісваць усё на пасляродавую дэпрэсію. Ідэю пайсці да псіхолага адобрыў і муж, хоць гэта было нятанна, нават улічваючы яго высокую зарплату.

Праз два гады штотыднёвых сеансаў з тэрапеўтам (спачатку ў Менску, потым у Нямеччыне – мы з’ехалі туды па кантракце мужа) я разумею: сама я ніколі не знайшла б прычын сваёй дэпрэсіі (так, гэта была менавіта яна) і, ужо тым больш, не выйшла б з яе.

Праліўшы кубалітры слёз у крэсле тэрапеўта, я выявіла: нараджэнне дзіцяці вызваліла ўва мне неўсвядомленыя эмоцыі з уласнага дзяцінства, схаваныя псіхікай глыбока ўнутр.

Справа ў тым, што ў маёй знешне шчаслівай сямʼі на самай справе была сурʼёзная праблема: мая мама зусім не выказвала сваіх эмоцый і не звяртала ўвагі на мае. Фізічна яна ўвесь час была побач, выдатна клапацілася пра тое, каб я была апранутая і накормленая. Але за ўсё маё дзяцінства мама ні разу (!) не сказала, што любіць мяне. У яе свеце эмоцыі быццам не існавалі. На ўсе мае дасягненні, скажам малюнак у садку або дыплом з адзнакай, мама адказвала аднолькава: «Так, малайчына!». Гэта была дзяжурная, аўтаматычная фраза – ёй як быццам не было справы ні да дыплома, ні да малюнка, ні да мяне самой.

З татам кантакт быў куды лепшым, але бачыла я яго рэдка: ён увесь час зʼязджаў па працы. У выніку, нягледзячы на ​​поўную сямʼю, у мяне былі ўсе прыкметы дэпрывацыі – з гэтым жа сутыкаюцца выхаванцы дзіцячых дамоў, пра якія клапаціліся фізічна, але якім не хапала любові і ласкі.

Фота мае ілюстрацыйны характар. https://pixabay.com/

Дзіўна, але да працы з псіхолагам я нават не ўсведамляла гэтай праблемы, а зразумеўшы яе, адважылася напісаць маме даўжэзнае паведамленне, у якім спытала наўрост: «Мама, ты мяне любіш?» У выніку мы некалькі гадзін прагаварылі па скайпе, плакалі абедзве. Мама нарэшце сказала ўсё тое, чаго мне так не хапала, хоць ёй было вельмі няпроста. Высветлілася, што яна паўтарала мадэль уласнага выхавання: яе бацькі таксама не адрозніваліся сентыментальнасцю.

У выніку тэрапіі ўнутры я адчула сябе пасудзінай, з якой вылілі мутную ваду і якая нарэшце гатовая запаўняцца чымсьці добрым і радасным. Змены праявіліся нават на фізічным узроўні: у мяне выпрасталася пастава, я быццам скінула цяжкую ношу. Я ўсвядоміла, што шмат што з маіх дасягненняў, у тым ліку ўніверсітэцкія дыпломы, былі спробай атрымаць маміна адабрэнне. Толькі цяпер я задумваюся, чым хачу займацца сама.

А яшчэ мы з мужам збіраемся развесціся. У тэрапіі гэта частая з’ява, і ў нас таксама так атрымалася: я мянялася, а муж не, і ў апошнія гады шлюб звёўся да сумеснага існавання. Зараз мы ходзім на сумесныя сесіі, мэта якіх – зрабіць развод максімальна бязбольным для нас і для дачкі. На гэтым месцы вы можаце падумаць: ну вось, дахадзілася да псіхолага. Так, для кагосьці, магчыма, я без пяці хвілін «развядзёнка з прычэпам», без сваёй жылплошчы, з пакуль яшчэ базавым веданнем мовы краіны, у якой жыву і дзе збіраюся застацца. Але я ведаю, што стала больш добраю сама да сябе, у мяне зʼявіліся сілы і ўпэўненасць у сабе і, галоўнае, я стала куды больш шчасліваю. Да таго ж у Нямеччыне ў свае 28 я ўсё яшчэ лічуся маладой жанчынай, так што дакладна ведаю – усё наперадзе.

ВІДЭА
«Прымушалі есці, а пасля назіралі, як мяне ванітуе». Беларусы ўзгадваюць жахі з дзіцячых садкоў
2019.02.27 16:11

Юлія, 38 гадоў

7 гадоў таму я, уся ў сіняках пасля чарговай сваркі з экс-бойфрэндам, залезла ў групу «суіцыднікаў» на «Вконтакте». Сэнсу ў жыцці я не бачыла, ніякай радасці ад яго я не атрымлівала ўжо даўно. Да таго ж я думала: лепш ужо заб’ю сябе сама, чым гэта зробіць Максім. Тры апошнія месяцы мною валодаў жах. Былы хлопец пагражаў забіць мяне, калі не забяру заяву з міліцыі. Ён быў цалкам канкрэтны: казаў, што падпаліць маю кватэру або заплаціць сябрам, каб тыя закапалі мяне ў суседнім яры. У мяне не было прычын яму не верыць – некалькі разоў ён ледзь не задушыў мяне. У органы я звярнулася, калі ў запале сваркі ён разбіў дарагі ноўтбук, на якім захоўвалася амаль скончаная дыпломная праца. Максім быў не першым псіхапатам, з якім я звязвалася, але менавіта ён канчаткова зламаў мяне.

Фота мае ілюстрацыйны характар. https://pixabay.com/

На шчасце, у групах «суіцыднікаў» пішуць і людзі, якія хочуць дапамагчы. Хтосьці з іх – і я да гэтага часу ўдзячная гэтаму чалавеку – размесціў на старонцы спіс літаратуры па псіхалогіі. Я прачытала некалькі кніг і зразумела: выхад ёсць не толькі праз вакно. Але да псіхолага дайшла толькі праз год, калі з розніцай у некалькі дзён у мяне памерла мама і кінуў чарговы хлопец (дарэчы, які жыў за мой кошт, як калісьці той самы Максім).

Запісваючыся да гештальт-тэрапеўта, я разлічвала на чароўны рэцэпт шчаслівага жыцця і думала, што двух-трох сеансаў будзе дастаткова. На самай справе месяцы спатрэбіліся толькі на тое, каб зразумець і прызнаць: праблема не ў саміх хлопцаў, а ў тым, што я выбіраю і прыцягваю менавіта такіх.

Псіхолаг распытвала пра тое, пра што мне хацелася ўспамінаць менш за ўсё – пра дзяцінства. Мой тата быў бандытам. Некалькі разоў ён сядзеў за крадзяжы, а калі вяртаўся з турмы, збіваў маму да паўсмерці. Падставай для скандалу магло паслужыць што заўгодна: прыказка пра «перасол на спіне» ў нашай сям’і працавала даслоўна. Мой першы ўспамін – як я абараняю маму сваім целам. Мяне тата ні разу не крануў, затое мама адыгрывалася напоўніцу – амаль кожны дзень я атрымлівала ад яе скакалкай. Маму раздражняла маё падабенства да бацькі і нават тое, што я нашу яго прозвішча. Ва ўсёй гэтай варʼятні, якую я ўспрымала як норму, маму я лічыла «дрэннай», а тату «добрым». У кабінеце псіхолага я зразумела, што менавіта з-за гэтага падсвядома выбіраю псіхапатаў, з якімі ўсталяваць нармальныя адносіны папросту немагчыма. Дарэчы, псіхолагу аб усіх пабоях, здзеках і прыніжэннях я распавядала без слёз і нават з усмешкай. Усё проста: з дзяцінства маёй галоўнай задачай было маўчаць і ўсміхацца – плакаць я сабе папросту забараніла, як і прасіць, скардзіцца, выказваць уласнае меркаванне.

Праз 6 гадоў тэрапіі я яшчэ не развіталася з усімі псіхалагічнымі праблемамі. Да прыкладу, з уважлівасцю Шэрлака Холмса я заўважаю найменшыя дэталі паводзінаў або знешняга выгляду – як і амаль усе дзеці алкаголікаў, якія прывыклі з дзяцінства кантраляваць усе вакол. Людзей гэта палохае.

Затое я больш не звязваюся з псіхапатамі. Мяне па-ранейшаму часам на іх цягне, але праз некалькі тыдняў зносінаў, калі выяўляюцца першыя прыкметы неадэкватнасці, я завяршаю адносіны. Я цалкам перастала ўжываць алкаголь і наркотыкі, якімі заглушала боль і трывогу раней. Я не стрымліваю сябе, проста неабходнасць здымаць напружанне адпала. Апошні год мне дапамагаюць антыдэпрэсанты, выпісаныя псіхіятрам. А яшчэ я выйшла з вайны: раней свет мне здаваўся варожым, у людзях я заўважала перш за ўсё кепскія рысы – а цяпер, наадварот, заўсёды знаходжу нешта цікавае.

На тэрапіі я прарабіла пякельную працу: разабрала сябе на кавалачкі і паволі збіраю нанова. Псіхолаг не чараўнік – гэта чалавек, які дае мыліцы, але навучыцца хадзіць трэба самому. Да поўнага паўзбаўлення ад прывідаў мінулага яшчэ доўгая дарога, але я бачу, што набліжаюся да гэтай мэты. Хай маленькімі, але ўпэўненымі крокамі.

Ангеліна, 31 год

8 гадоў таму я звярнулася да коўча (менавіта коўча, а не псіхолага) з канкрэтным запытам: як правільна арганізаваць час, каб паспяхова сумяшчаць працу з вучобай. З вучобай на шасці факультэтах. У свае 22 я вучылася адначасова на двух магістарскіх праграмах, на аспірантуры і на некалькіх дадатковых навучальных праграмах, а яшчэ працавала на поўную стаўку – прычым у горадзе, да якога было 2 гадзіны дарогі (і вучоба была там жа). Мой дзень пачынаўся а 5-й раніцы і заканчваўся глыбокай ноччу, і мне гэта здавалася абсалютна нармальным. Спраўляцца я перастала толькі калі з’явіся сардэчныя праблемы: да мяне канчаткова дайшло, што за 8 гадоў адносіны з партнёрам не прасунуліся далей за букетна-цукеркавы перыяд. Я стала спазняцца і прасыпаць, на вучобу не было сілаў – гэта я і хацела выправіць.

Фота мае ілюстрацыйны характар. https://pixabay.com/

Коўч сумленна спрабавала мне дапамагчы, давала ўсялякія творчыя заданні: я то спрабавала складаць графік на дзень, то лавіла бягучы момант, то планавала далёка наперад.

У нейкі момант я зразумела, што ўсё гэта глупства – мне было папросту кепска. Я ўсвядоміла, што ўся мая бурная дзейнасць – гэта ўцёкі, але не разумела, ад чаго канкрэтна – і пайшла да псіхатэрапеўта.

А там я зазірнула ў сябе і сказала «ой». На сесіях прыйшлося ныраць у мінулае і ўслых выказваць тое, чаго не хацелася гаварыць нават пра сябе. Як аказалася – прывет, капітан Відавочнасць – праблемы хаваліся ў адносінах з бацькамі. Мой тата – закрыты, дэпрэсіўны чалавек. На тэрапіі я ўспамінала, як месяцамі ён не размаўляў з сям’ёй, а мне так хацелася яго ўвагі. З дапамогай тэрапеўта я ўсвядоміла, што ў партнёрах – апошні быў на 20 гадоў старэйшы за мяне – шукала менавіта татавай любові і адабрэння. Прычым ніякія перашкоды, канфлікты і рознагалоссі не перашкаджалі мне з усёй палкасцю рухацца да загадзя зададзенай мэты – «пакажы, што ты любіш мяне – ажаніся!». Праз год інтэнсіўнай тэрапіі з сеансамі 2 разы на тыдзень я выйшла з гэтых адносінаў, а заадно і зʼехала з гораду, з якім мяне больш нічога не звязвала.

Фота мае ілюстрацыйны характар. https://pixabay.com/

На жаль, усвядоміць праблему – не значыць яе вырашыць. Праз нейкі час я зразумела, што зноў завязла ў падобных адносінах і зноў празмерна залежу ад ацэнак сяброў, калегаў, кіраўніцтва. І вярнулася на тэрапію. Другое пытанне, якое я збіраюся вырашыць – чым на самай справе хачу займацца. Я дагэтуль актыўна працую ў некалькіх напрамках і практычна не адпачываю, але часам задумваюся – стоп, а навошта мне гэта? Ці сапраўды гэта трэба?

Цяпер у маім коле сяброў і знаёмых – у асноўным гэта людзі 30–35 гадоў – амаль усе ці ходзяць на тэрапію або збіраюцца гэта зрабіць, і мне здаецца, што гэта добра. У горадзе, дзе я жыву, гэта ў нейкай ступені норма для паспяховага чалавека: у цябе ёсць айфон, ты ходзіш на фітнес, у цябе ёсць псіхолаг.

Але ўсё не так салодка. На самай справе ты плаціш грошы, а табе балюча, непрыемна, ты выходзіш з кабiнету, як быццам па табе танк праехаў, і на цэлы дзень вязнеш у сваіх думках. Але працуе гэта так, што ў працэсе неяк нечакана для цябе тваё жыццё перагортваецца дагары нагамі, ты адкрываеш у сабе новыя сілы і, як бы банальна гэта ні гучала, шукаеш шлях да сябе сапраўднай.

Запісала Марына Вашкевіч belsat.eu

Стужка навінаў