Лукашэнка – Маравецкаму: «Нам плот гарадзіць не трэба»


На сустрэчы з віцэ-прэмʼерам, міністрам развіцця і фінансаў Польшчы Матэвушам Маравецкім кіраўнік Беларусі прапанаваў на тле расейскага эмбарга «падымаць планку гандлёва-эканамічнай супрацы».

Аляксандр Лукашэнка заявіў Матэвушу Маравецкаму, што Беларусь і Польшча маюць пэўны ўзровень тавараабароту.

«У эканоміцы мы не страцілі, як у палітыцы, кантакты. Тым не менш планку гэтую трэба падымаць вельмі высока. Таму што, калі мы разлічваем на больш цесныя адносіны з нашай бліжэйшай суседкай, нам, вядома ж, трэба ствараць падмурак гэтых адносін. І гэтым падмуркам можа быць толькі эканоміка», – цытуе Лукашэнку прэсавая служба.

Паводле Лукашэнкі, беларускі бок зацікаўлены ў стварэнні і падтрыманні супольных прадпрыемстваў з Польшчай.

«Змрочныя» факты

Лукашэнка звярнуў увагу, што ў эканамічнай супрацы паміж двума краінамі ёсць «змрочныя факты», якія датычаць антыдэмпінгавага разбіральніцтва, якое Еўракамісія распачала супраць Беларусі.


31 сакавіка Еўракамісія распачала следства па экспарту з Беларусі сталёвай арматуры пасля таго, як Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў сталі (Eurofer) падала скаргу ад імя кампаніяў, на долю якіх прыпадае 25 % рынку арматуры. Адзіны вытворца такой прадукцыі ў нашай краіне Беларускі металургічны завод.

Eurofer заяўляе, што аб’ём і кошты імпарту аказалі адмоўны ўплыў на аб’ём продажу і ўзровень коштаў на рынку Еўразвязу, што прыводзіць да істотнага пагаршэння фінансавага становішча еўрапейскіх прамыслоўцаў.


«Мяркую, што ў ходзе пасяджэння сумеснай камісіі вы зможаце разгледзець іх ды намеціць шляхі, як іх нівеліраваць, як зблізіць нашы пазіцыі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Калі мы ў чымсьці не маем рацыі, мы хацелі б, каб і Польшча, і ЕЗ у цэлым прадставілі пэўныя жалезабетонныя факты, супраць якіх цяжка будзе выступіць».

«Вам як прафесіяналу няма сэнсу тлумачыць рознага роду пікіроўкі з двух бакоў у сферы мытных працэдураў і ўзаемнага гандлю. У кожнай дзяржавы заўсёды на любыя санкцыі знойдзецца захад у адказ. Упэўнены, што нам гэта не трэба», – адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў цяперашняй сітуацыі пакутуе і эканоміка Польшчы, асабліва з прычыны эмбарга з боку Расеі і эканамічных цяжкасцяў у суседніх краінах, перш за ўсё ўва Украіне.

«Таму нам плот гарадзіць з новых нейкіх перашкодаў у сферы эканомікі не трэба. Мы гатовыя да таго, каб нармальна развіваліся нашы адносіны з вельмі блізкай для нас краінай», – сказаў Лукашэнка.

«Калі казаць аб цяперашнім этапе нашай супрацы, намецілася пэўная тэндэнцыя да ўстанаўлення больш цесных дачыненняў паміж нашымі краінамі. Думаю, гэта будзе не столькі залежаць ад Беларусі, колькі ад пазіцыі вашай краіны. Вы бачыце наша імкненне наладзіць добрыя адносіны не толькі з усімі суседзямі, але і з Заходняй Еўропай, ЕС у цэлым», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Матэвуш Маравецкі наведвае Беларусь з афіцыйным візітам. Намеснік кіраўніка польскага ўраду і міністр развіцця і фінансаў прыме ўдзел у адкрыцці ХХ беларуска-польскага эканамічнага форуму «Добрасуседства», а таксама ўзначаліць польскую дэлегацыю на 4-м пасяджэнні сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічнай супрацы.

ДД; фота: president.gov.by

Стужка навінаў