Welcome to BELARUS і аўтазак на цішотцы. Берасцейскія ўлады – супраць

Цішотка з выяваю аўтазака не спадабалася ў Берасцейскім гарвыканкаме. Фота: «Белсат»

Прадстаўнікі аддзелу гандлю Берасцейскага гарвыканкаму настойліва просяць гаспадароў крамы «Князь Вітаўт» прыбраць з продажу цішотку з чорным аўтазакам у аправе «Сардэчна запрашаем у Беларусь».

У краме журналістам «Белсату» расказалі, што прэтэнзіі да вопраткі з выявай аўтазаку з’явіліся яшчэ летась. Тады далей за размову справа не прасунулася. Цішотка засталася ў краме, але прэтэнзіі да яе вярнуліся ў настойлівай форме.

«Гэтую цішотку мы стварылі яшчэ год таму, бо нам не падабаецца, што гэтыя аўтазакі стаяць на плошчах, куды выходзяць мірныя людзі, каб выказаць свае думкі ці адсвяткаваць святы. Напрыклад, Дзень Волі. Таму мы вырашылі зрабіць такую цішотку. Намалявалі МАЗ і напісалі «Welcome to Belarus», гэтая цішотка адразу не спадабалася ўладам», – кажа адзін з гаспадароў крамы «Князь Вітаўт» Алег Чапараў.

Прадпрымальнік Алег Чапараў у краме «Князь Вітаўт». Фота: «Белсат»

Тады прадпрымальнікаў выклікалі ў гарвыканкам ва ўпраўленне гандлю, але не ў ідэалагічны, які пасуе да такога кантэксту.

«Яны хацелі даведацца, што мы хацелі гэтым сказаць. Мы патлумачылі, што, па-першае, цішоткі ўжо зробленыя і трэба іх прадаваць, бо інакш страцім грошы. А па-другое, гэтая выява – нашая пазіцыя. У адказ пачулі, што быццам бы гэтай цішоткай мы падрываем аўтарытэт і рэпутацыю Беларусі ў вачах замежнікаў ды іншых людзей», – адзначае Чапараў.

Сувеніры з выявамі аўтазаку. Фота: «Белсат»

Прадпрымальнікі чыноўнікаў выслухалі, але засталіся пры сваім меркаванні. Некалькі тыдняў таму іх паўторна выклікалі ва ўпраўленне гандлю і ўзнялі гэтае пытанне.

«Потым мы атрымалі ліст, што на нас ёсць скарга: быццам бы нехта заходзіў у краму і пачуў запах клею ад нашых цішотак. Пасля – пачаліся праверкі. Прыходзілі з энерганагляду – спраўдзіць, ці не гарэла праводка, прыходзілі і з МНС і са службы маніторынгу ўпраўлення гандлю. Яны выбралі некалькі рэчаў, папрасілі на іх сертыфікаты і ўсю дакументацыю. Канешне, мы ўсё гэта ім прадставілі, але калі яны думаюць, што мы перастанем прадаваць нейкія цішоткі, то гэта не так. Мы як прадавалі і з «Пагоняю», і з БЧБ сцягам, і з аўтазакам, гэтак і будзем надалей рабіць, бо ў нас ёсць свая пазіцыя і свае думкі, наконт таго, што адбываецца ў Беларусі, – лічыць Алег Чапараў.

АС, Belsat.eu

Hавiны