WADA расчараванае тым, што Расея едзе на Алімпіяду


Паводле антыдопінгавага агенцтва, іх «не пачулі».

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) назвала «расчаравальным» рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту не адхіляць усю зборную Расеі ад Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

«WADA расчараванае тым, што МАК не пачуў рэкамендацыяў нашага выканаўчага камітэту, якія былі заснаваныя на выніках расследавання Mакларэна і забяспечылі б моцны, збалансаваны і своечасовы падыход [у барацьбе з допінгам]», – цытуе прэзідэнта WADA Крэйга Рыдзі (Craig Reedie) агенцтва «Reuters».

Паводле новага генеральнага дырэктара WADA Алівіе Ніглі (Olivier Niggli), адмова МАК выканаць рэкамендацыю ВАДА і адхіліць расейскую зборную можа прывесці «да далейшага паслаблення ў абароне чыстых атлетаў».

Акрамя таго, WADA асобна адзначыла рашэнне МАК не дапускаць да ўдзелу ў Алімпіядзе Юлію Сцяпанаву, якая распавяла пра маштабнае ўжыванне допінгу ў расейскім спорце.

«ВАДА занепакоенае тым сігналам, які МАК накіраваў патэнцыйным інфарматарам, якія захочуць даць паказанні ў будучыні», – кажа Ніглі.

18 ліпеня WADA апублікавала даклад Рычарда Макларэна, у якім гаварылася аб маштабнай допінгавай праграме ў расейскай зборнай. У прыватнасці, у дакладзе паведамлялася, што падчас Гульняў у Сочы ў 2014 годзе допінг-пробы расейскіх спартоўцаў падмяняліся на «чыстыя». WADA заклікала Міжнародны алімпійскі камітэт адхіліць ад Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра ўсю зборную Расеі.

На сёння вядома, што на Алімпіядзе не выступяць расейскія лёгкія атлеты. Выключэннем стане Дар’я Клішына, якой МАК дазволіў выступіць пад алімпійскім сцягам.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў