Выжыўшы Яўген Заічкін пра падзеі 9 жніўня: «Стаў на калені, падняў рукі і атрымаў дубінкай у твар»


Belsat.eu паразмаўляў з хлопцам, якога шмат хто лічыў загінуўшым. На шчасце, ён апынуўся жывы.

Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Вечарам 9 жніўня ў цэнтры Менску – пераважна каля Стэлы – адбыліся жорсткія сутычкі мірных пікетоўцаў з АМАПам. Было шмат крыві, шмат паведамленняў пра параненых, затрыманых і, верагодна, загінулых. Раніцай 10 жніўня ПЦ «Вясна» распаўсюдзіў інфармацыю: ёсць сведчанні пра аднаго загінулага, які атрымаў траўмы ў выніку наезду аўтазакам. У Тэлеграм-каналах, медыях пачалі казаць пра загінулага Яўгена Заічкіна. Шмат хто скідваў і фота параненага вечарам 9 жніўня. Мы высветлілі, што Яўген Заічкін жывы. Важна адзначыць, што Яўген – не той чалавек, на якога наехаў аўтазак (што менавіта зараз з тым, на якога наехала машына, невядома). Тым не менш, Яўген трапіў у кадры фотакораў і шмат хто лічыў менавіта яго загінулым. Мы паразмаўлялі з Заічкіным, які распавёў нам пра падзеі вечара 9 жніўня. Вашай увазе нашая з ім размова.

– Вашае фота, дзе вы ляжыце ўвесь у крыві, абляцелі ўсе медыі і сацыяльныя сеткі. Што з вамі ўчора адбылося?

– Мяне затрымалі, разбілі губу, было страсенне, мне стала кепска, выклікалі хуткую і ў момант, калі мяне пераносілі з аўтазаку ў хуткую, усё, напэўна, і адбылося. Тыя, хто здымаў, напэўна, не ведалі, як усё было і дапісвалі.

– Што было пазней? Вы былі ў шпіталі?

– Так. Мне аказалі першую дапамогу ў горадзе, пакуль хуткая прабіралася да мяне. Потым мяне адвезлі ў больніцу.

– А што з вамі зараз? Як вы сябе пачуваеце? Дзе знаходзіцеся? Склалі нейкі пратакол?

– Я быў у больніцы. Быў супрацоўнік міліцыі, мы з ім паразмаўлялі, я распавёў яму тое, што адбылося, падпісаў пратакол. Прыйшоў доктар, я папрасіўся ў яго дамоў, ён паглядзеў на абследаванні, што мне рабілі і сказаў, што пераломаў няма і ў прынцыпе, калі я жадаю, то магу ісці.

– У профілі пазначана, што вы жылі ў Гданьску.

– Так, я знаходзіўся ў Польшчы і год жыў у Гданьску.

– Былі ў Беларусі апошнім часам?

– Быў у Літве і, калі пачалася сітуацыя з каронавірусам, то я прыехаў у Беларусь. Вось 4 месяцы ўжо знаходжуся тут.

– А чаму вы выйшлі на гэты пратэст, можаце патлумачыць?

– Я як і ўсе – хацеў парадавацца, думаў, што ўсё-такі лічбы будуць не такія.

– Але лічбы розныя. Вы бачылі, што ёсць 86 афіцыйных участкаў, дзе перамагла Ціханоўская. Там не фальсіфікавалі. Што думаеце пра гэта?

– Гэта насамрэч здорава, калі так і ёсць. Але наўрад ці гэта што зменіць. Але так, гэта радасная навіна, харошая.

– Як думаеце, пратэсты будуць працягвацца? Ці скончацца?

– Я думаю, будуць яшчэ некаторы час, але не так, як было ўчора.

– Што вы думаеце пра дзеянні сілавікоў? Вы былі сведкам страляніны?

Фота: Святлана Фар / Belsat.eu

– Так, я быў у аўтазаку да таго, як страціў прытомнасць. Гэта было страшна.

– Вы прытомнасць страцілі, бо вас ударылі? Ці вам стала кепска?

– Я так разумею, што выцекла шмат крыві і страсенне было.

– Але ў выніку чаго была страта крыві і страсенне мозгу? Вас білі? Вы патрапілі пад хапун? Як адбылося, што вас траўмавала?

– Я з братам і дзяўчынай проста рушыліся ў бок Стэлы. Прыехаў аўтобус АМАПу і чалавек 5-6 сталі затрымліваць і прымяняць сілу.

– Вы аказвалі ім супраціў?

– Не. Калі я зразумеў, што яны бягуць за мной, я стаў на калені, падняў рукі.

– І што далей?

– Ну, я бачу замах і дубінкай ударылі. Першы ўдар быў у твар, пацякла кроў, і потым наносілі ўдары па целе.

– Што з братам і дзяўчынай?

– Брата затрымалі. Што з ім не ведаю, дома яго няма, яго дзяўчына сказала, што да 2 гадзінаў ночы ён выходзіў на сувязь. А што з ім зараз, не ведаю.

Стужка навінаў