Выжыць падчас вайны, не памерці ад голаду ў лесе. У Польшчы – першы злёт прэпэраў


Навучыцца карыстацца зброяй і выжываць у сітуацыі, калі ўжо не будзе супермаркетаў. Гэта мэта руху прэпэраў. Назва паходзіць ад англійскага слова «прэпэйр» – рыхтавацца, бо сам рух нарадзіўся ў Злучаных Штатах падчас халоднай вайны, калі амерыканцы баяліся савецкага ядравага ўдару і рыхтаваліся да яго наступстваў.

У суседняй Польшчы ўздым руху прэпэраў пачаўся пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны і вялікіх тэрактаў у Еўропе. Дзясяткі людзей з’ехаліся са ўсёй краіны на Першы канвент прэпэраў пад Варшаву. Свабодных месцаў не было, нягледзячы на немалы кошт удзелу.

«Адна з галоўных прычынаў чаму я сюды прыехаў было стралянне. Я страляў з чатырох розных тыпаў зброі з якіх раней не страляў. Досвед – фантастычны», – гаворыць медычны ратаўнік Марцін Веруш.

Адзін з арганізатараў «Канвенту Прэпэрс», Мацей Трач падкрэслівае, што сёння шмат хто не ўмее карыстацца зброяй і не ведае, што рабіць у экстрэмальных сітуацыях такіх, як напрыклад вайна. «Трэба развіваць свае розныя ўменні. Як карыстацца зброяй, як сябе паводзіць у тэрарыстычных сітуацыях, ці што можна есці ва ўмовах абмежаванага доступу да ежы. То бок гэтыя майстар-класы, гэты з’езд можа прыдацца людзям не толькі ў ваенных сітуацыях», – гаворыць Трач.

«Аказваецца, што пакаленне якое ўвайшло ў дарослае жыццё ў 90-ых не ўмее даць рады нават удома. Прыгатаваць мяса, выпатрашыць жывёлу, здабыць расліны, якіх няма ў супермаркеце», – дадае эксперт па харчаванні ў экстрэмальных умовах Катажына Мікульска.

«Кантакт са зброяй дае адчуванне крохкасці жыцця. Я ўмею страляць і змагу абараніцца. І буду страляць у кагосьці іншага. Тая асоба таксама ўмее страляць і будзе страляць у мяне. Дзякуючы таму, што я цяпер ведаю як лёгка кагосьці застрэліць са ста метраў я маю свядомасць як лёгка застрэліць мяне са ста метраў. Пасля гэтага задумваешся. Глядзіш на справу іначай, з большай пакорлівасцю і павагай да жыцця», – кажа Мацей Трач.

Глядзіце больш – у рэпартажы Сяргея Пелясы і Дзяніса Дзюбы.

Стужка навінаў