Вывучаць мовы і аднаўляць нацыянальную годнасць. Вынікі ды значэнне «Лістапада-2019»


На фестывалі «Лістапад» гран-пры атрымаў украінскі фільм «Атлантыда», прысвечаны вайне паміж Украінай і Расеяй. Беларусы сустракаюць авацыямі такі выбар журы.

На пытанне «Што значыць для вас менскі кінафестываль «Лістапад»?» мне адказалі некалькі ўплывовых чалавек.

Менскі кінафестываль «Лістапад» належыць да міжнароднай катэгорыі «А»?

«Мы непісьменныя ў еўрапейскім сэнсе»

Генеральны прадзюсар папулярнай беларускай стужкі «Крышталь» Валерый Дзмітрачэнка:

Так, на нашым фестывалі пакуль што не бывае вялікіх міжнародных кінапрэм’ераў, таксама няма кінарынку. Але яго арганізацыя – выбітная. Я нават здзіўляюся. Бо бачу ў гасцях шэрагі дырэктараў вялікіх суседскіх кінафестываляў – Варшаўскага, Літоўскага, нямецкага з гораду Котбус ды іншых. Гэта не мала. Гэта падмурак для далейшага развіцця «Лістапада». А потым, глядзіце, нашы кінаадмыслоўцы пачынаюць вывучаць мовы. Мы ж непісьменныя ў еўрапейскім сэнсе, не можам самастойна кантактаваць, не ведаем моваў. Працэс авалодання мовамі зрушыў з месца. Я цешуся, што моладзь пачынае выходзіць на міжнародны ўзровень. У «Лістападзе» я бачу своеасаблівы рухавік, які набліжае культурніцкае жыццё Беларусі да ўзмацнення стасункаў з усім светам.

«За элегію пра чалавечую восень»: Андрэй Куціла атрымаў дзве ўзнагароды на «Лістападзе»

«Гледачы самі набылі квіткі, гэта былі не журналісты»

Вядомы беларускі рэжысёр-дакументаліст Андрэй Куціла:

Які бізнес? Грошай на гэтым фестывалі пакуль што няма. Для мяне галоўнае значэнне – гэта кантакт з гледачамі на радзіме. Я цешуся, бо менскія «Сільверскрыны» [сетка кінатэатраў. – Belsat.eu] нават замянілі залы на больш вялікія для беларускай прэмʼеры маёй апошняй стужкі «Стрыптыз і вайна». Гледачы купілі квіткі, гэта не акрэдытаваныя журналісты, якіх запрашаюць бясплатна глядзець прэмʼеры. Людзі сапраўды цікавяцца тым, што я зняў. Сарафаннае радыё працуе, яны чуюць, што гэта цікава. Гэта і ёсць сапраўдны прыз для мяне.

«Стрыптыз і вайна». Кадр са стужкі

Андрэй Куціла прадставіў на «Лістападзе» дзве стужкі: «Summa» пра сяброўства польскага мастака ветэрана і беларускай дзяўчыны мастачкі, а таксама «Стрыптыз і вайна» – праўнука стрыптызёра і дзеда вайсковага ветэрана. Абодва знятыя з дапамогай тэлеканалу «Белсат». «Summa» атрымала 2 прызы на «Лістападзе» – ад нацыянальнага журы і ад Гільдыі беларускіх крытыкаў, а «Стрыптыз і вайна» – адмысловы прыз журы дакументальнага кіно.

«У Беларусі мае пазіцыі былі лепшыя». Кінааператар – пра пераезд у Польшчу і дэбют у дакументалістыцы

«Мы жывем у пераходны перыяд»

Вядомы беларускі рэжысёр Уладзімір Янкоўскі (на фестывалі ён працаваў сябрам журы ігравога кіно):

На мой погляд, «Лістапад» моцна змяніўся з тых часоў, калі там кіраваў мой бацька – народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі. Тады гэта была такая савецкая імпрэза. Ведаеце, знакамітыя артысты з постсавецкіх мясцін, прэмʼеры фільмаў… Тады медыйнае асяроддзе было іншае. Цяпер мы жывем у пераходны перыяд. Шмат чаго змяняецца. І «Лістапад» пакуль што не мае вялікіх бізнесовых сэнсаў, але пачынае мець адметнасць у нацыянальным культурным жыцці краіны з назваю Беларусь. Дарэчы, мой фільм «Янка Купала» мае такі ж сэнс. Гэта спроба згадаць, што мы беларусы, згадаць сваю мову і культуру. Бо мы амаль што сцёртая нацыя. Нам неабходна паступова аднаўляць сваю нацыянальную годнасць. Фестываль «Лістапад», фільм пра Янку Купалу – гэта элементы такога аднаўлення. Хай нам хопіць цярплівасці на гэтым шляху.

Скандалаў на «Лістападзе-2019» пакуль не чакаецца

Здымкі «Янкі Купалы» завершаныя. Цяпер адбываецца пост-прадакшн фільма. Неўзабаве Валодзя Янкоўскі разам з патрыярхам стварэння фанаграм для кіно Сяргеем Чупровым едуць у Прагу, каб перазапісаць гук для стужкі. Затым плануюць паказваць «Янку Купалу» на міжнародных фестывалях і, безумоўна, беларускай грамадскасці.

Хто атрымаў прызы?

Пералічу некалькі галоўных узнагарод «Лістапада». Польскі фільм «Цела Божае» атрымаў некалькі прызоў: «Выбар гледачоў», «Адмысловы прыз» журы ігравога конкурсу, а таксама «прыз за найлепшую рэжысуру». Гэты фільм уздымае тэму праблемаў унутры касцёла ў Польшчы. Герой крымінальнік робіцца святаром і настаўляе вернікаў. Спрэчны сюжэт, але ён выклікае шмат разваг.

«Цела Божае». Кадр са стужкі

Выканаўцу галоўнай ролі ў грузінскім фільме «А потым мы танчылі» Левана Гельбахіяні вызначылі найлепшым акторам – за смелае ўвасабленне вобраза гея-танцора. Пратэсты з патрабаваннямі забараніць паказы стужкі дасюль працягваюцца ў Грузіі.

«А потым мы танчылі». Кадр са стужкі

Найлепшай акторкай назвалі Саламэ Дэмурыю ў стужцы «Удых і выдых» (Грузія, Швецыя, Расея). Яе гераіня вяртаецца ў сямʼю пасля турэмнага тэрміну.

На фестывалі працавалі шэрагі праграм – ад дзіцячага да моладзевага кіно. Пераможцаў вызначылі ў кожнай катэгорыі. Агульныя спісы чытайце на афіцыйным сайце «Лістапада».

Сяргей Філімонаў Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары