Швейцарская кампанія-вытворца сістэмаў ачысткі паветра «IQAir» апублікавала справаздачу пра стан паветра ў свеце пасля трох тыдняў пандэміі.
Паводле «IQAir», скарачэнне міжнародных авіяпералётаў і іншыя захады барацьбы з распаўсюдам каронавіруснай інфекцыі паспрыялі зніжэнню канцэнтрацыі ў паветры цвёрдых часціц PM 2.5 [ад англ. particulate matter] у такіх буйных гарадах, як Дэлі, Сеул, Лос-Анджэлес і Нью-Ёрк.
PM 2.5 – часціца, якая ў 20-35 разоў меншая, чымся таўшчыня чалавечага воласа.
У самай забруджанай сталіцы свету Нью-Дэлі (Індыя) узровень забруджанасці паветра зменшыўся на 60 %, а ў карэйскім Сеуле паветра стала чысцейшае на 54 %.
Даследаванне таксама паказала, што якасць паветра палепшылася ў амерыканскіх мегаполісах Лос-Анджэлесе і Нью-Ёрку.
У Еўропе чамусьці больш сціплыя вынікі. Так, узровень забруджвання паветра ў Лондане знізіўся на 9 працэнтаў, у Мадрыдзе – на 11.
Нядаўна ў Беларусі запусцілі праект маніторынгу якасці паветра ў гарадах AirMQ. Да яго можа далучыцца кожны.
У Менску, Салігорску, Старобіне і Камарышках ужо працуе 20 датчыкаў AirMQ.
ЮВ belsat.eu