Высылку Ганны Красулінай з Беларусі прыпынілі


Праз скаргу, якую падала актывістка АГП, яе пакуль не будуць высылаць.

«Патэлефанавалі мне з аддзела па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёна, апавясцілі, што раз я скаргу падала, то да атрымання вынікаў яе разгляду мая высылка прыпыненая», – напісала Красуліна.

У каментарах яна дадае, што тэрмін высылкі не змяняецца, а толькі перасоўваецца.

Прэс-сакратарка АГП Ганна Красуліна жыве ў Менску ўжо 16 гадоў, ейны муж і дзеці – беларусы паводле грамадзянства, бацькі таксама даўно перабраліся ў Беларусь. Фармальна яе высылаюць з прычыны трох адміністратыўных парушэнняў. Два гады таму на актывістку склалі пратакол за ўдзел у дазволеным пікеце па зборы подпісаў, летась – за сустрэчу з ізалятару на Акрэсціна затрыманых апазіцыйных актывістаў. І сёлетняе парушэнне – аплачаны штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце.

13 лістапада Ганну Красуліну выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёну Менску і паведамілі пра патрэбу выехаць з Беларусі да канца месяца на адзін год. Яна абскардзіла рашэнне міграцыйнай службы ў судзе.

У Аб‘яднанай грамадзянскай партыі высылку Ганны Красулінай лічаць чарговым парушэннем правоў чалавека ўладамі Беларусі.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў