Выстава-продаж беларускай фатаграфіі ў Менску: кошты за здымак – ад 35 да 4500 рублёў


З 9 да 11 лістапада ў Менску ў Палацы мастацтва праходзіць выстава-продаж аўтарскай беларускай фатаграфіі Minsk Photo Days, на якой можна не толькі пабачыць дасягненні беларускай фатаграфічнай супольнасці, але і пры жаданні – набыць сабе здымак. Калі кошт спадабаецца.

Такая выстава праходзіць штогод. Пра вынікі першага дня і тое, колькі ўвогуле каштуюць здымкі беларускіх фатографаў, Belsat.eu распавёў адзін з арганізатараў падзеі – Сяргей Міхаленка.

– У першы дзень абсалютнае лідарства – у Сяргея Кажамякіна. У яго адбыліся два продажы. Але цэнаў, па якіх адбыліся продажы, аўтар не пажадаў агучваць.

Самы танны здымак на кірмашы каштуе 35 рублёў, а самы дарагі – 4500! Гэта здымак «Дачка», які быў надрукаваны на вокладцы выдання «Photo Manifesto: Contemporary Photography in the USSR» у 1991 годзе.

Сяргей Кажамякін на фоне свайго знакамітага фота. Здымак – самы дарагі на кірмашы

Выгадным набыццём могуць стаць працы Ігара Саўчанкі. Іх кошт на фота-кірмашы – да 1000 рублёў. З улікам таго, што працы Саўчанкі добра прадаюцца за мяжой за значна большыя кошты, то прапанова добрая.

Да 1000 рублёў каштуюць здымкі Саўчанкі

Кошты залежаць ад таго, наколькі здымкі ўнікальныя, дзе яны друкаваліся і колькі экзэмпляраў ёсць у свеце, ад даўнасці здымку і ад вядомасці аўтара. Таксама параўноўваецца, за колькі аўтар ужо прадаваў свае здымкі. Увогуле, коштаўтварэнне ў Беларусі – складанае пытанне. Тым больш, калі гаворка ідзе пра арт-кірмаш. Але ж мы на кірмашы! Таму можна гандлявацца. Пагатоў, прадае здымкі – аўтар.

Здымкі па 150 рублёў кожны

Дарэчы, цяпер у Францыі таксама праходзіць арт-кірмаш Paris Photo – найбуйнейшы фота-кірмаш у свеце. Там здымкі ацэньваюць на тысячы еўраў. Таксама ў Парыжы 9 лістапада адбыўся фатаграфічны аўкцыён Sotheby’s, на якім было выстаўлена 75 фотаздымкаў. Фатаграфіі прадалі за кошты ад 2 да 106 000 еўраў.

ЛП, здымкі Сяргея Міхаленкі, belsat.eu

Стужка навінаў