Вырашыла зламаць нагу, каб атрымаць грошы па страхоўцы. Але страхоўкі ў яе не было


У Полацку асудзілі 44-гадовага жыхара гораду за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, а ягоную 27-гадовую знаёмую – за ілжывы данос аб цяжкім злачынстве. Палачанін пагадзіўся зламаць нагу знаёмай, якая спадзявалася атрымаць страхавую выплату, але міліцыя адразу выкрыла змоўнікаў. Жанчыну чакае турма.

У сярэдзіне траўня 2018 года, пры распіванні спіртных напояў па месцы жыхарства свайго знаёмага, І. Штукіна прапанавала аднаму з сабутэльнікаў зламаць ёй нагу, а потым перанесці яе на абочыну дарогі. Пасля яна планавала паведаміць даішнікам, што яе збіла машына. Палачанка была ўпэўненая, што атрымае страхавую выплату.

Малазнаёмы ёй спадар Ю. Зуеў пагадзіўся на прапанову. Яны выйшлі ў двор дому, дзе жанчына паставіла ў вядро левую нагу, пасля чаго вядро запоўнілі зямлёй. Як сцвярджала асуджаная, яна бачыла такі спосаб у адным з фільмаў.

Мужчына ўдарыў яе па назе металічным ломам. У выніку жанчына атрымала адкрыты пералом вялікагалёнкавай косткі, – падае прэсавая служба Генеральнай пракуратуры.

Пасля гэтага Зуеў аднёс Штукіну на абочыну дарогі, а жанчына паведаміла ДАІ аб тым, што яе збіла машына, а кіроўца з’ехаў з месца дарожна-транспартнага здарэння.

Падчас першапачатковых следчых дзеянняў міліцыянты выкрылі ўдзельнікаў аферы – тыя прызналіся ў хлусні і пакаяліся ў зробленым.

Суд прызнаў Зуева і Штукіну вінаватымі: мужчыну пакаралі трыма гадамі абмежавання волі ўмоўна, жанчыну – 1 годам і 2 месяцамі пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму з ужываннем прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму.

Прысуд суда ўступіў у законную сілу.

ДД

Глядзі таксама
Каментары