Выпрабаваны гіпергукавы «Авангард» – зброя будучыні ці чарговы фэйк расейскай прапаганды?


26 снежня прэс-служба Крамля паведаміла пра паспяховыя выпрабаванні ракетнага комплексу «Авангард» з гіпергукавым планавальным крылатым баявым блокам. За выпрабаваннямі назіраў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Паведамленне выклікала буру радасці ў расейскіх дзяржаўных і калядзяржаўных СМІ.

Гіпергук і з чым яго ядуць

Што гэта за зброя? Для чаго яна? І ці такая яна жахлівая, як яе малююць? Гіпергукавой хуткасцю лічыцца звычайна хуткасць, якая ў пяць і больш разоў вышэй за хуткасць гуку (5 Махаў – больш за 6000 км/г).

У Расеі ідэяй фікс пэўных колаў сярод вайскоўцаў і тэмай для масавай прапаганды стала тое, што ЗША плануюць на яе напасць, выкарыстоўваючы супрацьракетную абарону (СПА) для таго, каб перахапіць удар расейскіх міжкантынентальных ядравых ракет у адказ. Адпаведна цяпер гіпергук лічыцца спосабам пераадолець гэтую абарону і гарантаваць узаемнае знішчэнне.

У тэорыі гіпергукавыя ракеты дазваляюць у мінімальны час нанесці ўдар па практычна любой кропцы Зямлі. Дадайце сюды магчымасць манеўраваць у паветры і пэўныя стэлс-магчымасці, каб ракету заўважылі ў самы апошні момант – і краіна з такімі ракетамі можа дыктаваць сваю волю ўсім астатнім. Канешне, калі ў іншых краін няма такіх ракет.

Што ўсё ж такі выпрабавалі ў Расеі?

Хоць расейская прапаганда трубіць пра чарговую эпічную перамогу, у Расеі выпрабаваная не гіпергукавая міжкантынентальная ракета, але звычайная ракета, якая несла гіпергукавы блок. Гэта ракета савецкай распрацоўкі УР-100Н, па класіфікацыі НАТО SS-19 Stiletto, прынятая на ўзбраенне яшчэ ў 1979 годзе. Пра гэта паведамлялі самі расейскія СМІ.

Наколькі можна зразумець з паведамленняў, калі ракета падыходзіць да пэўнага раёну, яна выпускае баявы блок з меншымі ракетамі, якія ўжо непасрэдна наносяць удар па ворагу. Прычым разганяюцца да гіпергукавой хуткасці і могуць пры гэтым манеўраваць, каб не даць праціўніку сябе збіць.

Малюнак-канцэпт. Амерыканская ракета HTV-2 выходзіць у космас, каб там разагнацца да гіпергукавых хуткасцяў і зноў вярнуцца ў атмасферу.
Фота: DARPA, Агенцыя перспектыўных даследчых праектаў Пентагона

Такім чынам не зразумела, наколькі блізка да цэляў міжкантынентальная ракета павінна наблізіцца, каб выпусціць гіпергукавы баявы блок. А значыць пакуль пад пытаннем і магчымасць зрабіць з «Авангарду» цуда-зброю супраць СПА ЗША. Паведамляецца, што блок «ідзе да мэты ў шчыльных слаях атмасферы». Улічваючы траекторыю балістычнай ракеты, можна зрабіць вывад, што гэты гіпергукавы блок стартуе толькі на фінальным этапе палёту.

Але справа ў тым, што амерыканцы ўжо як мінімум год 20 таму адмовіліся ад ідэі збіваць варожыя ракеты ўжо на падлёце да іхных цэляў. Плануецца перахоп зусім не ў «шчыльных слаях атмасферы», але значна раней, калі балістычныя ракеты ляцяць у дзясятках кіламетраў па-над Зямлёй.

Ракета – падарунак краіне да Новага году

Уладзімер Пуцін назваў выпрабаванне «Авангарду» «адметным, выдатным падарункам краіне да Новага году». Пры гэтым раней ён заяўляў, што блок будзе ляцець з хуткасцю аж 20 Махаў, прычым на даволі нізкай вышыні. Гэтыя словы паўтарыў афіцыйны тэлеканал Мінабароны РФ «Звезда».

Аднак гэта значыць, што тэмпература на паверхні гіпергукавых ракет «Авангард» дасягне празмерна высокіх значэнняў – больш за 6000 градусаў, што зараз не можа вытрымаць аніводны метал ці кампазіт. Самы цяжкаплаўкі метал (вальфрам) плавіцца пры 3420 градусах.

Расейскі блог «Экстрэмальная механіка» лічыць, што «Авангард» – гэта распрацоўка яшчэ савецкага ваенна-прамысловага комплексу пад індэксам «выраб 4202». Распрацоўка была актуальная ў 80-х гадах, калі планавалася для прарыву тагачаснай амерыканскай СПА.

«Амерыканскія супрацьракеты будуць сустракаць нашы за тысячы кіламетраў ад цэляў… Фактычна, працы па праекце 4202 безнадзейна састарэлі. Іх выцягнулі са свірну перш за ўсё дзеля прапагандысцкіх мэтаў, каб быў грунт для малявання натхняючых міфаў і маскіроўкі стану расейскага ядравага шчыта пасля 17 год уставання з каленяў», – адзначае блог.

Аляксандр Гелагаеў/belsat.eu

Стужка навінаў