Вёскі «Беларуснафты» калектывізуюць


Грошы ёсць, прыбыткі высокія. Жыві ды радуйся! Калі, праўда, не папросяць дапамагчы тым, у каго не ўсё так добра. Напрыклад, калгасам і саўгасам.

20 гадоў таму тры сельсаветы на Светлагоршчыне і шэраг вёсак сталі часткаю ўласнасці Беларуснафты. Афіцыйна – у якасці падсобнага гаспадарства.

«Было такое, што прадпрыемства Беларуснафта бярэ нас на 50 гадоў у арэнду. Ну, і пачалася работа – і рамонт, і хлевы старыя выкідваліся, рэканструяваліся», – узгадвае Валянціна Філіпчык, працаўніца светлагорскага аграпрамысловага ўпраўлення.

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што ўсё пачало ажываць – зʼявіліся новыя фермы, сучасная тэхніка, былі заробкі і перспектывы. Але 50-гадовая арэнда скончылася раней. Летась шэраг вёсак вывелі са складу «Беларуснафты». Наступствы адчулі адразу:

«Ураджай быў, так. Атрымлівалі па 2000 тон кукурузы. А летась – 0», – расчаравана кажа спадар Васіль, супрацоўнік былой падсобнай гаспадаркі «Беларуснафты».

Пасля вяртання вёсак у калгасы і саўгасы зніклі фінансавыя датацыі нафтавага прадпрыемства, а таксама зніжкі ды іншая дапамога. Людзей абурае тое, што іх ніхто нават і не спытаў.

Белсат: Вы хацелі самі ісці ў калгас?

Жанчына: Не, не хацелі. Ніхто не хацеў ісці ў калгас.

Больш за тое, як распавяла нам іншая жанчына, якая не хацела паказваць твару на камеру, людзям прыгразілі звальненнем, калі яны не захочуць пераходзіць у калгас.

«Усіх сабралі, сказалі: згодны, не згодны, пайшоў. Патлумачылі, што не ніжэй за Br 2.5 мільёны будзе аклад і ўсё. Пагаджайцеся на скарачэнне ці перавод у калгас», – ананімна абураецца мясцовая жыхарка.

У склад «Беларуснафты» дасюль уваходзіць шэраг гаспадарак у трох вобласцях. З чым можа быць звязана адмова ад вёсак на Светлагоршчыне, даведацца ў прэсавай службе прадпрыемства пакуль не ўдалося. Але нават калі пра крызіс казаць заўчасна, то дадатковая нагрузка – цяжкая нават для самых багатых флагманаў айчыннай вытворчасці.

«Беларуснафта» і «Хімвалакно» – яны рэнтабельныя прадпрыемствы. Але ім цяжка ўтрымліваць сельскую гаспадарку, якая ў іх ёсць, якая цягне іх уніз», – тлумачыць эканаміст Андрэй Кароль.

А гэткая практыка ў нашай краіне распаўсюджаная. Ад прымацавання да іх адсталых калгасаў не застрахаваныя ані дзяржаўныя, ані прыватныя прадпрыемствы. Адныя ж з лідараў сельгасактываў у нашай краіне – банкі і машынабудаўнікі.

Ганна Любакова, «Белсат», фота – budzma.by

Стужка навінаў