«Вёска будучыні»: калгас 5 гадоў залівае кватэры сваіх суседзяў і гадуе цвіль


Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

У доме на вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку Верцялішкі (Гарадзенская вобл.) цягам пяці гадоў працякае дах, што давяло нежылую кватэру на другім паверсе да аварыйнага стану. «Злашчасная кватэра» стала дакучаць суседзям знізу, якія мусяць увесь час рамантаваць столь і змагацца з цвіллю.

«Дому каля 50-ці гадоў. Я набыў гэтую кватэру 13 гадоў таму. За гэты час, як аказалася, дом дае працёкі, бо дах шмат гадоў не рамантаваўся. Спачатку больш вады ішло на другі паверх, дзе жыве сям’я Забароўскіх і да нас не трапляла.

5 гадоў таму калгас пагадзіўся зрабіць рамонт, аднак зрабілі так, што пачало працякаць яшчэ болей.

Забароўскія туды лазілі, нешта рамантавалі самі, але ў выніку пачало больш працякаць над кватэрай сям’і Шапавалавых, у якой доўгі час ніхто не жыве, а яна знаходзіцца над намі. Да нас спачатку не трапляла, але пасля пяці гадоў працёкаў, вада прыйшла і да нас», – тлумачыць Генадзь Піцко, які жыве пад аварыйнай кватэрай.

Павал, даглядчык кватэры, дзе жыла сям’я Шапавалавых, разам з суседам знізу Генадзем Піцко паказалі «злашчасную кватэру», якая нагадвае жытло з фотаздымкаў з чарнобыльскай зоны: цвіль паўсюль, у залі вёдры з вадой, якія амаль кожны дзень трэба выносіць з хаты і знішчаныя пажоўклыя шпалеры, якія ледзь трымаюцца на сценах.

Сябра сям’і Шапавалавых Павал кожны дзень выносіць вёдры з вадой, якая нацякае з даху. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Жонка ляжала на канапе, а з лямпачкі на столі пачала ліцца вада»

«Апошні раз у гэтай кватэры я быў 5 гадоў таму. Былі ў парадку шпалеры, на столях крыху цвілі ў дзіцячым пакоі, бо там раней пачало працякаць.

І вось перад Новым годам а 22 гадзіне жонка ляжала на канапе, глядзела тэлевізар і з лямпачкі проста на галаву пачала ліцца вада.

Спачатку я спужаўся, што можа быць нешта з цэнтральным ацяпленнем, бо вада там адключаная. Гаспадыня кватэры зверху ўжо 6 гадоў жыве ў Пецярбургу. Я хуценька ўзяў чалавека, які даглядае за кватэрай, ключ, і мы пабеглі туды. Я ўбачыў жудасную карціну. Там, аказваецца, не проста нейкі дробны працёк, там проста ішлі вадаспады вады! Стаяла 8 вёдраў і рондаляў. Усё было панішчана.

За 5 гадоў памяшканне пераўтварылася ў хлеў з цвіллю і грыбком самых розных колераў», – распавядае спадар Генадзь, паказваючы жахлівае суседства.

Генадзь Піцко паказвае кватэру зверху, якая пакрылася цвіллю. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Кіраўніцтва калгасу: «рамантаваць не будзем»

Генадзь Піцко, не губляючы часу, выклікаў прадстаўнікоў калгасу, якія прыбылі ў аварыйную кватэру разам з юрыстам. Аднак просьба вырашыць праблему засталася без адказу. Юрыст СПК «Прагрэс-Верцялішкі» заявіў, што, паколькі 3 з 4-х кватэр з’яўляюцца прыватнымі, дах жыхары павінны рамантаваць самастойна.

Дом на вуліцы Маладзёжнай ў Верцялішках. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Мне сказалі: мы нічога рабіць не будзем, падавайце ў суд. Яны з’ехалі. Мы чакалі тыдзень – ніякіх безвынікова. Тады напісалі з жонкай зварот да калгаснага кіраўніцтва. Яго разгледзелі недзе праз месяц. Мы атрымалі адпіску, дзе яны спасылаюцца на розныя артыкулы Жыллёвага кодэкса Беларусі, што не абавязаныя рамантаваць дах над кватэрамі ўласнікаў. Але цэлы дах ніхто і не кажа рамантаваць! Было пытанне, каб адрамантаваць дах над іхнай кватэрай, якая належыць калгасу, і праз якую распаўсюджваецца цвіль і грыбок! Вада цячэ да нас менавіта з калгаснай кватэры!», – эмацыйна тлумачыць спадар Генадзь.

Адпіска кіраўніцтва СПК Генадзю Піцко з паведамленнем, што калгас адмаўляецца рамантаваць кватэру зверху, дзе жылі Шапавалавы. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Як аказалася, арандатарамі занядбанай кватэры была сям’я настаўнікаў Шапавалавых. Пасля таго, як памёр муж і гаспадар кватэры, дачка забрала маці Валянціну Шапавалаву ў Пецярбург. Паводле дачкі, яна некалькі гадоў спрабавала выкупіць кватэру, аднак пасля некалькіх адмоваў, кіраўнік калгасу ў часе кароткай размовы, заявіў, што выкуп кватэры будзе каштаваць каля $ 40 тысяч. У выніку дачка Валянціны Шапавалавай канчаткова з’ехала з краіны і зраклася жадання выкупіць кватэру, дзе жыла ейная маці.

Сцены, пакрытыя цвіллю ў калгаснай кватэры, дзе жыла сям’я Шапавалавых. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Ад цвілі ў маёй дачкі лекары выявілі алергію на пеніцылін»

«Прайшло два месяцы пасля нашай заявы, але ніхто нічога не зрабіў. Там трэба знішчаць грыбок, які ўжо праеў тынк. Вада ж нішчыць не толькі дах. Разбураюцца панэлі перакрыцця. А гэта ўжо пагражае не толькі здароўю, але і жыццю людзей, якія тут жывуць. У адзін момант пліта можа проста абрынуцца. Усе ведаюць, што цвіль – гэта страшны вораг чалавека. У нас праблемы пайшлі са здароўем у дзіцяці. Пачалі правяраць, здаваць аналізы на алергены і аказалася, што ў дачкі выявілася алергія на пеніцылін. А ўсё ад гэтай кватэры», – тлумачыць спадар Генадзь.

Генадзь Піцко паказвае кватэру, дзе жыла сям’я Шапавалавых. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Я не думаю, што ёсць закон, які дазваляе ўласніку жытла (СПК «Прагрэс-Верцялішкі»), даводзіць кватэру да такога стану. Тут на самой справе не віна арандатараў Шапавалавых. Віна толькі ў тым, што цячэ дах і цячэ шмат гадоў. Выхад адзін – суд. Як яшчэ да іх дагрукацца, не маю ўяўлення», – дадае Генадзь Піцко.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў