Вынікі працы ПВТ за 2018-ты: сярэдні заробак IT-адмыслоўца – 4487 рублёў


Усевалад Янчэўскі, фота прэс-службы ПВТ

У той час, як страты нерэнтабельных беларускіх прадпрыемстваў выраслі больш чым да мільярда долараў, Парк высокіх тэхналогіяў паказвае небывалы рост.

Экспарт ПВТ за 2018 год вырас на 38 % у параўнанні з 2017 годам і склаў $ 1 млрд 414 млн.

Паводле прагнозаў сусветных аўдытараў, Парк павінен быў наблізіцца да гэтых паказнікаў толькі ў 2020 годзе. Асноўнымі спажыўцамі прадуктаў ПВТ з’яўляюцца краіны ЕЗ і ЗША (больш за 90 %), адзначаецца ў прэс-рэлізе ПВТ.

«Рост ПВТ у экспарце перасягнуў усе нашы чаканні. Тыя прагнозы, якія давалі нам галоўныя агенцтвы, мы таксама рэзка перавысілі. Гэта поспех не толькі Парку высокіх тэхналогіяў, але і поспех усёй нашай краіны. Беларусь сёння рэальна ператвараецца ў адзін з вельмі магутных IT-кластараў усяго ўсходнееўрапейскага рэгіёну. Баюся сурочыць, але цяпер мы ясна бачым, што ўсе падставы ёсць для працягу магутнага, добрага і імклівага росту», – адзначыў у прэс-рэлізе дырэктар Парку высокіх тэхналогіяў Усевалад Янчэўскі.

Агульны абʼём вытворчасці ПВТ склаў 3 млрд 202 млн рублёў, рост у параўнанні з 2017 годам 47 %. На ўнутраным рынку рэзідэнты Парку распрацавалі і ўкаранілі ІТ-рашэнняў на суму Br 297 млн. Гэта на 59 % больш, чым у 2017 годзе.

Сярэдні заробак IT-адмыслоўца за мінулы год склаў 4487 рублёў. Сярэдні праграміст плоціць у 3,2 разу больш падаходнага падатку, чым сярэдні беларус, і ў столькі ж разоў большы ўнёсак у Фонд сацыяльны абароны насельніцтва.

Пасля падпісання дэкрэту «Аб развіцці лічбавай эканомікі» ў ПВТ уступіла 267 кампаніяў – за 2018 год больш, чым за ўсю 12-гадовую гісторыю Парку.

Пры гэтым актывізавалася праца старых кампаніяў, якія за мінулы год стварылі 5 тыс. новых працоўных месцаў. Парк прырос на 13 тыс. працаўнікоў. Па стане на канец мінулага года ў рэзідэнтаў ПВТ працавалі 45,7 тысячы чалавек.

Год пасля Дэкрэту № 8: ці стала Беларусь ІТ-краінаю?

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары