Вынікі Алімпіяды-2018 для Расеі: золата ў хакеістаў, нейтральны сцяг на закрыцці


Зборная алімпійскіх атлетаў з Расеі ўпершыню за 26 гадоў заваявала залатыя медалі хакейнага турніру зімовай Алімпіяды ў Пхенчхане.

У апошні раз расейцы станавіліся алімпійскімі чэмпіёнамі ў 1992 годзе ў французскім Альбервіле.

Тады гэта была аб’яднаная каманда спартсменаў з краін былога Савецкага саюза, якая выступала пад алімпійскім сцягам.

У фінальным матчы расейцы абгулялі каманду Нямеччыны з лікам 4: 3.

Па-ранейшаму пад нейтральным сцягам

Міжнародны алімпійскі камітэт захаваў у сіле адхіленне Алімпійскага камітэта Расеі ад удзелу ў зімовых Гульнях у Пхенчхане. Такім чынам, зборная алімпійскіх атлетаў з Расеі не зможа прайсці пад нацыянальным сцягам на цырымоніі закрыцця Алімпіяды 25 лютага.

Прычынай падаўжэння забароны МАК называюцца два выяўленыя ў Пхенчхане выпадкі парушэння антыдопінгавых правілаў расейскімі спартоўцамі – керлінгістам Аляксандрам Крушальніцкім і бабслеісткай Надзеяй Сяргеевай.

***

У снежні мінулага году МАК прыпыніў сяброўства АКР і адхіліў зборную Расеі ад удзелу ў зімовай Алімпіядзе ў Пхенчхане пасля таго, як былі выяўленыя факты масавых допінгавых парушэнняў расейцамі на Гульнях у Сочы 2014 года. Расейскія спартоўцы выступаюць у Пхенчхане пад нейтральным алімпійскім сцягам.

 

Стужка навінаў