На многіх прадпрыемствах працаўнікі працягваюць страйкаваць. Адміністрацыя пачынае ціснуць на людзей. Многім пагражаюць звальненнямі, а некаторых ужо звольнілі. У Еўразвязе на пазачарговым саміце заявілі, што не прызнаюць вынікі выбараў і ўвялі персанальныя санкцыі.
«Беларуськалій» спыніў працу, працаўнікі аб’явілі забастоўку. Страйкуе прадпрыемства, якое зʼяўляецца адным з самых буйных у краіне.
Працаўнікі «Азот-Гродна» распачалі страйк з другой паловы дня. Гарадзенцы падтрымалі ініцыятыву працаўнікоў. Тысячы рабочых распачалі перамовы з кіраўніцтвам прадпрыемства. Працаўнікі абяцаюць спыніць вытворчасць, пакуль іх галоўнае патрабаванне: адстаўка Лукашэнкі, не будзе выкананае.
Акцыя салідарнасці адбылася і каля Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Жыхары гораду заклікалі працаўнікоў прадпрыемства далучыцца да страйку.
Вечарам гарадзенцы сабраліся на галоўнай плошчы гораду. Раней улады Горадні пайшлі на саступкі мітынгоўцам, сярод якіх агучаны дазвол на правядзенне масавых акцыяў. Але сёння да пратэстоўцаў выйшаў міліцыянт, які папярэдзіў, што акцыя несанкцыянаваная. Людзі асвісталі міліцыянта. Агулам на плошчу выйшлі каля 10 тысячаў гарадзенцаў.
У другой палове дня да агульнанацыянальнай забастоўкі далучыліся працаўнікі Берасцейскага прадпрыемства «Гефест».
Берасцейцы патрабуюць расследавання катаванняў сілавікамі, якія мелі месца з 9 жніўня.
Працаўнікі «Гефесту» разам з берасцейцамі, што прыйшлі іх падтрымаць, калонай прайшліся па вуліцах гораду.
На месцы, дзе быў паранены Генадзь Шутаў і пра смерць якога стала вядома сёння, людзі ў Берасці пачалі прыносіць кветкі.
У Бабруйску ўлады сабралі мітынг за Лукашэнку. Над плошчай лётаў верталёт з дзяржаўнымі сцягамі. Людзі скандуюць «Лукашэнка», «Бацька».
Яшчэ адзін праўладны мітынг сабралі ў Менску каля станцыі метро «Магілёўская».
Тым часам жыхары сталіцы сабраліся на плошчы Незалежнасці ў Менску. Цягам дня мітынгоўцы наблізіліся да будынку МУС, дзе патрабавалі вызвалення палітычных вязняў.
У Бруселі адбыўся пазачарговы саміт ЕЗ, на якім разглядалі пытанне палітычнай сітуацыі ў Беларусі. Кіраўнікі краінаў Еўразвязу заявілі, што не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у нашай краіне. І заклікалі ўлады правесці новыя выбары. У дачыненні да тых, хто фальшаваў вынікі выбараў і адказвае за гвалт, ЕЗ увёў персанальныя санкцыі. Акрамя таго краіны аб’яднанай Еўропы заклікалі афіцыйны Менск знайсці мірны выхад з крызісу. Дзеля гэтага ЕЗ гатовы суправаджаць мірны пераход улады ў Беларусі.
Каардынацыйная рада сабралася на першае паседжанне. Па выніках прадстаўнікі рады агучылі рэзалюцыю, у якой заклікалі спыніць палітычны пераслед грамадзянаў Беларусі, вызваліць палітвязняў і прызналі, што выбары не з’яўляцца сапраўднымі.