Вынесены прысуд яшчэ аднаму сяржанту з Печаў


Сёння, 18 траўня, суд Барысаўскага раёну Менскай вобласці прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі 23-гадовага сяржанта тэрміновай службы вайсковай часці 39 864 у Печах за «злоўжыванне ўладай, спалучанае з гвалтам» (арт. 455 КК РБ).

Пра гэта паведамляе сайт Вярхоўнага суду. Пры гэтым імя падсуднага і абставіны ягонага злачынства не паведамляюцца.

Адбываць пакаранне вайсковец будзе ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Хлопца таксама пазбавілі звання «сяржант» і забаранілі на працягу 5 гадоў будзе займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў.

Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны ў Менскі абласны суд.

Нагадаем, пасля гібелі ў Печах жаўнера Аляксандра Коржыча былі распачатыя шэраг крымінальных справаў за дзедаўшчыну ў дачыненні да сяржантаў і афіцэраў. Некаторым з іх ужо вынесены прысуды. Аднак гэтыя судовыя працэсы ніяк не звязаныя са смерцю Коржыча – справа аб яго гібелі вынесена ў асобную вытворчасць.

Паводле Следчага камітэту, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў