Вылучэнцу ў парламент, які патрабуе ад Лукашэнкі пакінуць пасаду, вынеслі папярэджанне


Васіль Курушын, жыхар Магілёва, які вылучаецца кандыдатам у дэпутаты на парламенцкія выбары, атрымаў папярэджанне ад акруговай выбарчай камісіі за плакат з патрабаваннем, каб Аляксандр Лукашэнка пакінуў пасаду прэзідэнта Беларусі. Пра гэта паведамляе сайт mspring.online.

Плакат з патрабаваннем да кіраўніка краіны Васіль Курушын размясціў на сваім інфармацыйным стэндзе. Апрача інфармацыі пра самога сябе,Курушын размясціў партрэт Мікалая Статкевіча, які мае намер прымаць удзел у прэзідэнцкай кампаніі ў 2020 годзе.

Парламент, як палата маўчання

Але на вылучэнца ў парламент паскардзіліся некаторыя гараджане. Прынамсі пра гэта заявіў сакратар акруговай выбарчай камісіі (АВК) Сяргей Казлоўскі, які прыбыў на месца пікетавання Курушына і здымаў стэнд на відэа.

На наступны дзень АВК вынесла папярэджанне патэнцыйнаму кандыдату.

Чым займаюцца беларускія сенатары, і хто насамрэч іх абірае?

«Пікет не адпавядаў мэце свайго прызначэння, падчас яго правядзення выкарыстоўвалася інфармацыя, якая не мае дачынення да вылучэння асобы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання шляхам збору подпісаў. Гэтыя факты пацвярджаюцца відэаматэрыяламі», – адзначаецца ў рашэнні камісіі.

У выпадку, калі Курушыну вынесуць яшчэ адно папярэджанне, то яго могуць не зарэгістраваць кандыдатам у дэпутаты.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада 2019 года. У Палаце прадстаўнікоў засядаюць 110 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў аднамандатных выбарчых акругах на 4 гады.

Актывісты ідуць у палітыку – паслухайце, навошта ім гэта трэба

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары