«Выкладчыкі – без масак, дэканат – без масак». Студэнты распавядаюць пра пандэмічную сітуацыю ва ўніверсітэтах


Інфармацыя пра смяротныя выпадкі ад каронавіруса перастала шакаваць. Рэч не ў тым, што людзі зрабіліся абыякавымі ці чэрствымі, проста яны звыкліся, што на COVID-19 хварэюць і ад яго паміраюць. Да групы рызыкі прылічваюць людзей сталага веку і тых, хто мае хранічныя праблемы са здароўем. Звесткі пра смерць 21-гадовага студэнта Акадэміі музыкі Арцёма К. стала трывожным напамінам пра тое, што каронавірус нясе небяспеку і для маладых людзей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Данат Сарокін / TASS / Forum

Згодна з афіцыйнай версіяй, 18 лістапада тэст на COVID-19 у студэнта Акадэміі музыкі даў станоўчы вынік. Хлопца паклалі на ізаляцыю ў адзін з інтэрнатаў БНТУ, спецыяльна адведзены пад гэтыя мэты. Пад раніцу 25 лістапада Арцёму стала дрэнна. На выклік прыехала брыгада хуткай дапамогі, якая доўгі час спрабавала яго рэанімаваць. На жаль, уратаваць маладога чалавека не ўдалося. Цяпер Першамайскі аддзел Следчага камітэту праводзіць правяранне па факце смерці.

Аднак заўчасная смерць Арцёма К. прымусіла задумацца, ці дастаткова робіцца для бяспекі і папярэджання распаўсюду віруснай хваробы ў вышэйшых навучальных установах. Belsat.eu паразмаўляў з прадстаўнікамі студэнцкіх супольнасцяў у розных беларускіх універсітэтах пра пандэмічную сітуацыю і захады, якія робяцца ў ВНУ.

Павел і Кацярына, студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту

З пачатку лістапада ў БНТУ ўвялі дыстанцыйную форму навучання, а некаторыя інтэрнаты ператварылі ў ізалятары для хворых на COVID-19. У той час, паводле Паўла, шмат выпадкаў захворвання было на кафедры фізічнай культуры, у людзей былі станоўчыя вынікі тэстаў на каронавірус. Але да выхаду на бальнічны выкладчыкі працягвалі праводзіць заняткі са студэнтамі.

«Калі наш універсітэт адзін з першых перайшоў на дыстанцыйнае навучанне, то, відавочна, захварэлых шмат. Але дакладная іх колькасць сярод студэнтаў і выкладчыкаў – невядомая! Такую статыстыку нам ніхто не кажа», – распавядае Кацярына.

Ніякіх асаблівых захадаў для павышэння бяспекі да гэтага часу адміністрацыя навучальнай установы не ўводзіла. Акрамя хіба што абмежавання доступу на тэрыторыю ўніверсітэту праз закрыццё некаторых уваходаў ды ўсталявання дазатараў з антысептыкам у прыбіральнях. Як сцвярджаюць суразмоўцы, наяўнасці масак ніхто не правяраў і не патрабаваў.

«Выкладчыкі – без масак, дэканат – без масак, многія кашляюць. На кафедры машынабудаўнічага факультэту не так даўно хварэў выкладчык. Хвароба працякала ў цяжкой форме, але ён паправіўся. З улікам, што працу выкладчыкі наведваюць без масак, верагодна, людзі працягнуць хварэць», – дадае Павел.

Перавод навучальнага працэсу з вочнай на дыстанцыйную форму студэнты ўхваляюць. Як зазначае Кацярына, праблемаў асаблівых няма, наадварот, стала лягчэй: спакойная атмасфера, не выдаткоўваеш час на дарогу да ўніверсітэту, зручна слухаць лекцыі і выконваць заданні. Праўда, здараюцца праблемы з сувяззю.

Відаць, з 1 снежня студэнтам давядзецца вярнуцца да вочнай формы навучання. Звязваюць гэта не са змяншэннем колькасці захварэлых, а з юбілеем – 100-годдзем БНТУ. Да такога меркавання схіляецца і выкладчык установы, які пракаментаваў нам сітуацыю на ўмовах ананімнасці:

«Усім зразумела, што дыстанцыйнае навучанне адменяць праз 100-годдзе, раз яны праграму выкацілі. Але на многіх кафедрах мінімум палова выкладчыцкага складу хварэе. Усё даволі сумна».

Студэнты і бацькі абураныя перспектывай вярнуцца да навучання ў сцены ўніверсітэту пасярод каронавіруснай пандэміі ды выступаюць супраць сканчэння дыстанцыйнай формы. Аднак дэканаты разводзяць рукамі і прапаноўваюць звярнуцца да рэктарату.

Аля, студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў

На тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў увялі абавязковы масачны рэжым. Спачатку асабліва ніхто не глядзеў за выкананнем гэтага правіла. Толькі з пагаршэннем пандэмічнай сітуацыі на ганак універсітэту могуць не пусціць нават выкладчыкаў, якія ігнаруюць нашэнне маскі.

«Прыкладна з верасня сітуацыя з вірусам выглядае не вельмі добра. З чым гэта звязана? Магчыма, з тым, што пачаўся вучэбны год: людзі сталі сустракацца, быць у цесным кантакце – адпаведна, пачалі хварэць», – распавядае Аля.

Адначасова з каронавірусам па ўніверсітэце гуляў яшчэ адзін вірус, дзяўчына і сама перахварэла бранхітам. Датычна ж пандэмічнай сітуацыі ў навучальнай установе Аля сцвярджае, што як мінімум перахварэла ўся адміністрацыя і дэканат аднаго з факультэтаў, максімум – у кожнай групе ёсць выпадкі каронавіруснай інфекцыі.

«Пры захворванні аднаго студэнта ўсю групу пераводзяць на два тыдні на дыстанцыйнае навучанне, а вось на самаізаляцыю трапляюць толькі непасрэдныя кантакты: хто сядзіць разам з ім за партай ці абдымаўся. А вось пастаяў побач – гэта ўжо не лічыцца. І ўвогуле, ці пойдзеш ты на ізаляцыю, залежыць ад твайго чыстасардэчнага прызнання пра ўзровень блізкасці з хворым чалавекам», – кажа дзяўчына.

Hавiны
«Ён прасіў: «Ратуйце!» Памёр 22-гадовы студэнт Акадэміі музыкі, у яго быў каронавірус
2020.11.25 16:07

Наколькі пільна адсочваюць строгае прытрымліванне ізаляцыі, суразмоўца не ведае. Але мяркуючы з таго, што групы, пераведзеныя на дыстанцыйную форму, вяртаюць да вочнага навучання па сканчэнні вызначанага тэрміну 14 дзён, а не па выніках тэстаў першых кантактаў, мяркуе, што ніхто асабліва не глядзіць за студэнтамі.

«У мяне ў групе цяпер некалькі чалавек чакаюць вынікаў тэстаў. А ў дэканаце нам сказалі, што раз пакуль няма станоўчых вынікаў, то і адсутнічаюць падставы, каб трымаць групу на дыстанцыйнай форме навучання. Пры ўсім, што і мы самі, і выкладчыкі схіляемся да таго, каб трымацца на адлегласці адно ад аднаго», – зазначае Аля.

У дыстанцыйным навучанні дзяўчына не бачыць праблемаў. Кажа, што цяпер самі навучэнцы сталі больш адказнымі, чым былі ў першую хвалю, калі маглі папросту не з’яўляцца на пары ці спаць на іх. У тэхнічным плане навучанне стала больш простым, бо не трэба шукаць спецыяльна абсталяваных апаратурай аўдыторыяў, увесь неабходны матэрыял транслюецца да кожнага навучэнца на кампʼютар.

Аб’ектыў
Медыкі Паставаў кажуць пра хуткі рост выпадкаў каронавіруса
2020.11.21 23:39

Смерць Арцёма К. узняла хвалю абмеркавання пра неабходнасцьувесці абавязковую дыстанцыйную форму навучання ў БДУКіМ. Вядома, адыход з жыцця маладога хлопца выклікаў і смутак, спачуванні родным і сябрам.

«У цяперашніх падзеях (студэнцкі пратэст. – Заўв. belsat.eu) мы вельмі блізкія ў стасунках з Акадэміяй мастацтваў і Акадэміяй музыкі. Таму асабліва кранула, што памёр нехта са свайго асяроддзя. І страшна, бо гэта якраз мой узрост, страшна, што гэта можа здарыцца і з табой. Таму мы гатовыя ісці ў міні-забастоўку і не выходзіць з дыстанцыйнай формы навучання. Ужо працуем над гэтым пытаннем», – паведамляе Аля.

Валянціна, студэнтка Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту

Навучанне ў Медычным універсітэце на дыстанцыйную форму пераводзіць пакуль не збіраюцца.

«Колькі хварэе людзей, не ведаю, такой статыстыкай не валодаю, але хворыя дакладна ёсць. На адным цыкле нам увялі дыстанцыйнае навучанне – і тое, гэта было выключэнне, бо пахварэла шмат выкладчыкаў, іх не было кім замяніць. Таму яны хворыя займаліся з намі онлайн», – распавядае Валянціна.

Не бяруцца ізаляваць групу навучэнцаў і ў выпадку захворвання аднаго. На каранцін сыходзіць толькі сусед па парце, астатнія працягваюць наведваць лекцыі і заняткі.

У БДМУ праводзілі апытанне пра пераход на дыстанцыйнае. Крыніца: @ruparbdmu

«Гэта звышглупства, на курсах ад чацвёртага і вышэй шмат студэнтаў, хто працуе. Выходзіць, ноччу яны на дзяжурствах у ковідных аддзяленнях, а з раніцы едуць на вучобу», – падкрэслівае дзяўчына.

Пры ўсім гэтым ва ўмовах універсітэту немагчыма забяспечыць дыстанцаванне, усім даводзіцца сядзець блізка адзін ля аднаго, бо кабінеты невялікія. Студэнты вымушаныя насіць маскі, але гэта выклікае нязручнасці і дыскамфорт. А з улікам таго, што кожныя дзве гадзіны маску трэба мяняць, то за дзеньу медыкаў выходзіць істотная іх колькасць, абураецца дзяўчына.

Заняткі студэнтаў-медыкаў у больніцах і паліклініках праходзяць у так званых чыстых зонах. Але наколькі іх можна лічыць чыстымі, Валянціна і сама задаецца пытаннем.

«Дыстанцыйная форма навучання, на жаль, не зберажэ ад смерці, – мяркуе дзяўчына. – Сэнс толькі ў тым, каб знізіць нагрузку на ахову здароўя, бо больніцы перапоўненыя, дактары перагружаныя, і адпаведна зніжаецца якасць іх працы».

Таццяна і Яўген, студэнты Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту

Сітуацыя з COVID-19 у Лінгвістычным універсітэце не выклікае аптымізму ў студэнтаў. Ёсць выпадкі захворвання як сярод навучэнцаў, так і сярод выкладчыкаў. Паводле Яўгена, хворы на каронавірусную інфекцыю не наведвае лекцыяў да моманту выздараўлення, а ягоныя аднагрупнікі трапляюць у ізаляцыю на 10 дзён.

«Ніхто, падаецца, не адсочвае, ці прытрымліваецца чалавек правілаў ізаляцыі. Бо неяк я бачыла сваю аднакурсніцу, у якой выяўлены каронавірус, у гандлёвым цэнтры. Шмат хварэе выкладчыкаў. Часам яны вымушаныя замяняць адзін аднаго, бо проста няма каму весці пары», – распавядае Таццяна.

З прынятых захадаў бяспекі і Таццяна, і Яўген згадваюць масачны рэжым на тэрыторыі навучальнай установы. У холе корпусу нават можна ўзяць маску. Але ніхто не кантралюе, ці носяць іх студэнты.

На некаторых факультэтах для трэцяга і чацвёртага курсаў увялі поўную дыстанцыйную форму навучання, малодшым курсам – частковую: два дні з пяці студэнты вучацца на адлегласці, адзін дзень прысвячаюць самападрыхтоўцы і тры праводзяць за партай.

Нашыя суразмоўцы не хаваюць, што ў такім падыходзе ёсць свае цяжкасці. Найперш, шмат матэрыялу аддаецца на самастойнае вывучэнне.

«У нас забіраюць адзін выходны, застаецца толькі нядзеля. Неверагодная колькасць матэрыялу, нібы на дыстанцыйным навучанні зʼяўляецца больш вольнага часу», – скардзіцца Яўген.

Узнікаюць праблемы і тэхнічнага характару, калі выкладчыкі не ўмеюць карыстацца праграмамі для відэаканферэнцыяў ці кампʼютарам у цэлым, а ўніверсітэт не лічыць патрэбным іх вучыць, зазначае Таццяна.

Hавiны
Сям’я схавалася ў лесе, каб выратавацца ад каронавірусу, а іх шукалі міліцыянты
2020.11.21 16:50

На смерць Арцёма К. ва ўніверсітэце адрэагавалі па-рознаму. Яўген абураецца, але зазначае, што гэтага варта было чакаць, усе разумелі: рана ці позна такое здарыцца. «Думаю, цяпер студэнты зразумеюць, што смерць пагражае не толькі сталым людзям, але і ім таксама», – падкрэслівае Таццяна.

Група дзяўчыны нават пастанавіла прымаць рашучыя захады і з панядзелка збіраецца сыходзіць на самаізаляцыю незалежна ад рашэння адміністрацыі навучальнай установы.

Алена, магістрантка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту

«Цяжка сказаць, як выглядае сітуацыя з каронавіруснай пандэміяй ва ўніверсітэце. Наш факультэт больш за месяц як перавезены на дыстанцыйнае навучанне. Тое, што хварэе шмат выкладчыкаў ды персаналу, дык гэта дакладна, бо вельмі часта неабходныя табе спецыялісты адсутнічаюць на працоўным месцы. У маёй групе ёсць людзі з пацверджаным COVID-19. І гэта ўлічыце, што мы не штодня на пары хадзілі. Што ж тады казаць пра студэнтаў?» – разважае Алена.

З увядзеннем дыстанцыйнай формы навучання ва ўніверсітэце знялі пытанне пра неабходнасць ізаляцыі. У сярэдзіне кастрычніка такія захады рабіліся на некаторых факультэтах, дзе выяўлялі хворых на COVID-19. Аднак за ізаляцыяй не глядзелі строга ні тады, ні цяпер, кажа дзяўчына. На факультэце, дзе навучаецца Алена, таксама намагаліся арганізаваць рассадку студэнтаў, каб забяспечыць 1,5 м адлегласці між імі.

Аб’ектыў
Няма тэмпературы – няма праблемы?
2020.11.19 23:14

Навучанне на адлегласці не выклікае дыскамфорту ці праблемаў, акрамя тэхнічных.

«У БДУ няма платнага ZOOM. Цяжка звязацца з выкладчыкам, калі не маеш яго асабістага кантакту. Не ўсе на дастатковым узроўні валодаюць праграмамі. Даводзілася некалькі параў прысвяціць навучанню выхаду ў онлайн», – кажа Алена.

Хрысціна Чарняўская, Belsat.eu

 

Стужка навінаў