Выказалі салідарнасць – закрыла санстанцыя і МНС. Кафэ «MonkeyFood» просіць аб дапамозе


«На нас вісяць штрафы і запазычанасці, якія растуць, пакуль мы не працуем», – кажа працаўнік кавярні. Міністэрства надзвычайных сітуацыяў закрыла ўстанову і выпісала штрафы на Br 11,5 тыс. За тое, што не працавалі. Хоць працаўнікі ў гэты дзень частавалі гасцей гарачымі напоямі.

Супрацоўнікі кафэ «MonkeyFood» напісалі ў сацсетках пост з просьбай аб дапамозе з аплатай штрафаў, якія ўстанове выпісалі прадстаўнікі МНС. Сума штрафаў – Br 11 510. Праверкі ў абодвух установах брэнда прайшлі пасля таго, як 26 кастрычніка кафэ «салідарызавалася з тымі, хто выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю».

Прадстаўнікі ўстановы распавялі, што 26 кастрычніка кафэ не працавала: частавалі гасцей гарачымі напоямі. Так у «MonkeyFood» выказвалі салідарнасць з тымі, хто выйшаў заявіць сваю пазіцыю. Нагадаем, што на 26 кастрычніка быў аб’яўлены агульнанацыянальны страйк: тыя, хто не згодныя з праведзенымі ў жніўні выбарамі, з дзеяннямі сілавікоў падчас мірных акцый, вырашылі не выходзіць на працу цягам дня. Пасля бізнес, які страйкаваў, завалілі праверкамі. Патрапілі пад дзяржаўныя санкцыі і два кафэ «MonkeyFood».

30 кастрычніка ў абедзве ўстановы брэнда (на Кастрычніцкай, 16, і Багдановіча, 128а) адначасова прыйшлі дзве праверкі санстанцыі, якія зачынілі ўстановы. На наступны дзень таксама ў абедзве ўстановы адначасова прыйшлі дзве праверкі МНС, якія таксама зачынілі ўстановы.

Вось, што распавядаюць у «MonkeyFood» пра парушэнні, якія знайшлі прадстаўнікі МНС:

– У кафэ на Багдановіча быў адзін вогнетушыцель замест пяці; паміж стэлажом і шафай у калідоры было менш метра. У кафэ на Кастрычніцкай не было дамовы на тэхабслугоўванне, – удакладняюць прадстаўнікі кафэ. – Усе праверкі праходзілі так, каб фізічна немагчыма было падаць усе неабходныя паперы, бо кафэ два, а многія дакументы ў адным экзэмпляры на прадпрыемстве (часопісы, інструктажы, загады).

Знойдзеныя недахопы былі выпраўлены праз некалькі дзён і санстанцыя дала ўстановам дазвол на працу абодвух кафэ. У той жа час МНС выпісалі ўладальнікам штрафы на суму Br 11 510.

– 4 лістапада ў абодва кафэ паўторна прыйшлі праверкі санітарна-эпідэміялагічнай службы (СЭС). Атрымліваецца, што на Кастрычніцкай – гэта трэцяя праверка СЭС за пяць дзён, а на Багдановіча – другая. Яны зноў прыйшлі сінхронна, у аднолькавы час і ў абодва кафэ. Зноў зачынілі ўстановы, – пералічваюць няшчасці супрацоўнікі «MonkeyFood».

Зараз абодва кафэ і дастаўка не працуюць.

– На нас вісяць штрафы і запазычанасці, якія растуць, пакуль мы не працуем. А гэта ровар. Пакуль педалі круціш, ён едзе. Зараз наш ровар спыніўся.

Кафэ «MonkeyFood».
Фота: старонка ў Facebook

Нагадаем, «MonkeyFood» – першы ў Беларусі веганскі фаст-фуд. Гэта два кафэ і дастаўка на ровары. Супрацоўнікі прасоўваюць ідэі сацыяльнай справядлівасці, падтрымлівалі многія праекты і, як кажуць самі, ніколі не прасілі аб дапамозе для сябе. У першую хвалю COVID-19 месяц бясплатна кармілі супрацоўнікаў грамадскага харчавання, якія страцілі працу з-за пандэміі, раздавалі аптэчкі першай дапамогі.

Як можна падтрымаць установы:

пералічыць сродкі праз АРІП (банкаўскія паслугі – банкі НКФО – Альфа-Банк – папаўненне рахунку) BY11 ALFA 3014 6307 7300 4027 0000

пералічыць сродкі праз АРІП (банкаўскія паслугі – банкі НКФО – Альфа-Банк – папаўненне рахунку) BY 56 ALFA 3014 6307 7300 1027 0000

пералічыць сродкі на карту Альфа-Банк 5370 0099 8015 5875 да 09/23

Перадгісторыя пытання

На мінулым тыдні ў сталічныя ўстановы, якія па розных прычынах не працавалі 26 кастрычніка, пачалі масава зачыняць па рашэнні санітарна-эпідэміялагічнай службы і Міністэрства аховы здароўя. Парушэнні знаходзілі як у маленькіх установах, гэтак і ў вялікіх сетках. Ім выпісвалі загады і паказвалі на парушэнні, якія павінны быць ліквідаваны. Так, правяраючыя знайшлі хібы ў «Svobody 4», «Post Bar», «OʼPetit», «Brioche Bistro», «Umami», некаторых піцэрыях «Dominoʼs Pizza» і «Піца Лісіца» і ў іншых установах, якія па тых ці іншых прычынах не працавалі 26 кастрычніка.

На Кастрычніцкай закрытыя адразу некалькі ўстаноў рэстаратара Уладзіслава Луневіча. Гэта «ENZO», «Лаўка», «Дэпо», «Let it be», «Underdog». Часова не функцыянуе і рэстарацыя «Simple» на вуліцы Свярдлова. Рэстаратар у Twitter пералічыў некалькі парушэнняў, з-за якіх яго праекты зачынілі да іх ліквідацыі: няма асобнай швабры для халадзільнай камеры, у аптэчцы адсутнічалі кроплі для вачэй.

Студэнты БДУ страйкуюць.
Фота: Агата Квяткоўска «Белсат»

Ад 31 кастрычніка не працуе кандытарская «Moulin» у менскім мікрараёне Брылевічы.

– Мы будзем старацца адкрыць нашы дзверы для вас як мага хутчэй, а пакуль зоймемся ўстараненнем недахопаў, каб стаць лепш, – падзяліліся ў кандытарскай.

Паведамлялася і аб закрыцці рэстарана «Бярозка» на плошчы Перамогі.

Як доўга не будуць працаваць пералічаныя ўстановы, пакуль незразумела. Мяркуецца, што яны змогуць вярнуцца да працы, калі ліквідуюць парушэнні, знойдзеныя правяраючымі.

«Цяпер на першае месца становіцца не эканоміка, а адданасць»

Як такія адносіны з бізнесам адабʼюцца на эканоміцы краіны ў цэлым мы даведаліся ў старэйшага навуковага супрацоўніка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Льва Львоўскага.

– Узаемаадносіны бізнесу і ўлады некалькі змяніліся. Раней уладу сапраўды цікавілі эканамічныя паказнікі. Умоўныя «па пяцьсот» былі галоўным абяцаннем. Так ці інакш улада ўвесь час думала пра эканоміку і ў меру сіл старалася яе паляпшаць. Цяпер мы бачым, што эканоміка практычна цалкам сышла ў цень. Так, прэмʼер-міністр Галоўчанка ўсё яшчэ нешта зрэдку кажа пра эканоміку, але Лукашэнка ўжо практычна не ўдаецца ў эканамічныя пытанні. Было знакамітае пасяджэнне, дзе ён з некалькімі сілавікамі абмяркоўваў пытанні эканомікі, як яны наладзяць вытворчасць у краіне. Такое адчуванне, што ўлада пераходзіць на нейкія рэйкі «ваеннага камунізму», чым дзяржаўнага капіталізму, які быў раней. І ў гэтым жа ключы мы бачым іншыя падзеі.

Тут і закрыццё бізнесаў – калі кафэ не згоднае з уладай, то яно не патрэбнае эканоміцы Беларусі. Калі працоўныя не згодныя з уладай, то Лукашэнка пагражае, што закрые гэтыя заводы. Калі лекары не згодныя з уладай, то няхай зʼязджаюць у Еўропу і тады ім забароняць уязджаць назад таму што яны не патрэбныя.

– Яны ўспрымаюцца не як эканамічныя агенты, а як здраднікі. Гэта значыць, што на першае месца становіцца не эканоміка, а нейкая лінія партыі, адданасць. Гэта падобна на «ваенны камунізм», дзе галоўнае не эканоміка, не вырабіць прадукт, каб у людзей была больш высокі заробак, а галоўнае, каб усе былі згодныя з цэнтральнай ідэалогіяй.

Hавiны
Як прайшоў першы дзень агульнанацыянальнага страйку. Галоўнае
2020.10.26 22:04

– Які гэта пацягне эканамічны эфект?

– Зразумела, што тыя кафэ, якія зачыненыя, не складаюць вялікі адсотак ВУП Беларусі. Гэта страта для эканомікі, але не нейкая гіганцкая страта. Што на самой справе вядзе да страт – тое, якім чынам улада паказвае сваё стаўленне. То бок, калі вы нейкі патэнцыйны бізнесмен, то вы разумееце, што цяпер уладзе не патрэбныя вашая ініцыятыва, крэатыўнасць, рэсурсы, а патрэбная адданасць. І па выпадковым прычынах могуць зачыніць усё што заўгодна. Ад гэтага жаданне нейкіх патэнцыйных бізнесменаў займацца бізнесам не павялічваецца, а памяншаецца. І гэта адбываецца ва ўсіх сферах. У нас ствараецца менш новых стартапаў у IT, будзе адчыняцца менш новых прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Усё гэта ў няпростых эканамічных умовах дадае яшчэ вялікі палітычны ціск і пагаршае і без таго дрэнную эканамічную сітуацыю. Мы памятаем, што ў перыяд каронавірусу ўлады не дапамагалі бізнесу, хоць ён гэтага актыўна чакаў. А цяпер, падчас нашага новага фінансавага крызісу, улада нічога не робіць для звычайнага бізнесу і ў той жа час запусціла палітыку дырэктыўнага крэдытавання, калі крэдыты выдаюцца дзяржпрадпрыемствам.

ІК Belsat.eu

Стужка навінаў