Выйшаў з друку Новы Запавет па-беларуску. Яго рыхтавалі 25 гадоў


Афіцыйны беларускі пераклад Новага Запавету ўвабраў у сябе досвед перакладчыцкай працы з усёй Еўропы. Беларускую версію тлумачылі з грэцкае мовы і спраўджвалі з ангельскай, нямецкай, чэшскай і іншымі мовамі. Прэзентацыя – заўтра ў Горадні і Полацку. Ужо ў гэтым месяцы перакладчыкі возьмуцца за працу над Старым Запаветам.

Яшчэ на пачатку 90-х гадоў мітрапаліт Філарэт блаславіў стварэнне Сінадальнай перакладчыцкай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, якая цягам 25-ці гадоў займалася перакладам Новага Запавету на беларускую мову. З ініцыятывы Брацтва Трох віленскіх мучанікаў была створана камісія з 10-ці чалавек, якія працавалі над перакладам, узяўшы за аснову арыгінал на старажытнагрэцкай.

Горадня. Настаяцель Свята-Пакроўскага сабору ў Горадні айцец Георгій Рой паказвае выданне сіноднага перакладу Новага Запавету. 2-га верасня 2017 года. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Падчас працы перакладчыкі старанна параўноўвалі беларускі Новы Запавет з перакладамі на расейскую, польскую, украінскую, чэшскую, балгарскую, сербскую, ангельскую, нямецкую і французскую мовы.

25 гадоў працы

«Спачатку працавалі на Евангеллямі, перакладалі, потым карэктавалі, выпраўлялі, удакладнялі. Гэта была надзвычай складаная праца. І потым ужо пачалі працаваць з дзеямі і пасланнямі апостальскімі, і летась цалкам завяршылі пераклад. У рэшце рэшт Беларуская праваслаўная царква мае свой сінадальны пераклад. Зразумела, ёсць пераклады Новага Запавету і Бібліі на беларускую мову, але аўтарскія. Мы можам узгадаць пераклад Васіля Сёмухі, ці спадара Клышкі, пераклад брата Якуба Коласа. Але пераклад – гэта надзвычай не простая справа, якая вымагае сур’ёзнай кампетэнцыі і сапраўды вымагае працы не аднаго чалавека, а цэлага калектыву. Тут ёсць такія тэксты ў Новым Запавеце, што над імі трэба разважаць і разважаць. Найлепей, калі пераклад робіцца калегіяльна», – тлумачыць удзельнік перакладчыцкай камісіі, настаяцель Свята-Пакроўскага сабору ў Горадні айцец Георгій Рой.

Для ўсіх канфесіяў

Паводле святара, новы пераклад на беларускую мову ўвабраў ў сябе вынікі перакладчыцкай працы ўсёй еўрапейскае прасторы. Перакладалі на класічную беларускую, што дае магчымасць карыстацца ім прадстаўнікам іншых хрысціянскіх канфесіяў, якія прымаюць Новы Запавет.

Выданне першага афіцыйнага перакладу Новага Запавету на беларускай мове. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Айцец Георгій, кажа, што ў беларускіх праваслаўных і каталікоў няма агульнае рэлігійнае тэрміналогіі, бо існуюць дзве традыцыі – усходне- і заходнехрысціянская, якія развіваліся са сваймі асаблівасцямі.

«Лексіка, канешне, больш зразумелая праваслаўным вернікам, але гэта зусім не абмяжоўвае канфесійна, – кажа айцец Георгій. – Пераклад абсалютна зразумелы вернікам іншых хрысціянскіх канфесіяў».

Паводле айца Георгія, у верасні распачнуцца працы над перакладам на беларускую мову Старога Запавету.

Прэзентацыя адразу ў двух гарадах

Агулам выйшла 6 тысяч асобнікаў Новага Запавету. Выдаваліся асобнікі ў Беластоку ў тыпаграфіі «Orthdruk».

На 500-годдзе першага выдання скарынаўскай Бібліі беларусы атрымалі яшчэ адзін падарунак. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Афіцыйная прэзентацыя выдання па-беларуску ў Горадні плануецца 3-га верасня, падчас святкавання Дня беларускай пісьменнасці. Святкаванне распачнецца беларускай літургіяй а 10-й гадзіне ў Свята-Пакроўскім саборы, пасля а 15-й вернікі збяруцца на руінах Ніжняй замкавай царквы, дзе будуць чытаць Акафіст, складзены Францыскам Скарынам. Сама прэзентацыя распачнецца а 18-й у актавай зале прыходскага дому Свята-пакроўскага сабору. Айцец Георгій абяцае таксама паказаць друкарскі станок Скарыны, які адмыслова аднавілі праваслаўныя святары са Шчучына.

Адначасова 3-га верасня беларускую Біблію прэзентуюць у Полацку.

Паўліна Валіш

Стужка навінаў