«Выйшаў з дому, значыць, удзельнік пратэсту». Пенсіянер, якога жорстка затрымалі на Нямізе, атрымаў 12 содняў


8 лістапада 63-гадовы жыхар Дзяржынску Аляксандр Тамашэвіч паехаў у Менск па справах. На Нямізе ён пабачыў, як людзі ў цывільным збіваюць маладога чалавека. Аляксандр не змог прайсці міма і зрабіў заўвагу, пасля чаго сілавікі перакінуліся на яго самога. Момант затрымання Тамашэвіча трапіў на відэа мінакоў: спачатку невядомыя людзі ў балаклавах яго збіваюць, а пасля нясуць тварам уніз.

Родныя доўга не маглі знайсці Аляксандра. Спачатку яны дзяжурылі ля Цэнтральнага РУУСу, потым ля Савецкага. А 4-й гадзіне ночы ім паведамілі, што Тамашэвіча адвезлі ў ізалятар у Жодзіна. Паводле родных, пры затрыманні Аляксандру пашкодзілі скуру на руцэ і ў яго быў моцны крывацёк. У сувязі з гэтым яны хвалююцца, што Тамашэвіча ў такім стане маглі паставіць ля сцяны з узнятымі ўгару рукамі, як гэта зрабілі з астатнімі затрыманымі.

9 лістапада сям’я Тамашэвічаў паехала чакаць Аляксандра пад ізалятар у Жодзіна.

«Многім давалі штрафы і адпускалі ў той дзень, але Аляксандра не выпусцілі. Увечары 10 лістапада нам паведамілі, што яго перавялі ў ізалятар пры Дзяржынскім РАУСе. Відаць, па месцу прапіскі, бо ён пражывае ў Дзяржынску», – сказала сваячка Тамашэвіча.

Суд над пенсіянерам адбыўся 11 лістапада. Да Аляксандра пусцілі адваката і яны разам змаглі азнаёміцца з матэрыяламі справы да суду. З боку Аляксандра было двое сведкаў, з боку міліцыі быў толькі адзін сведка – нехта Уладзімір Любімаў.

«Мы не верым, што такі чалавек увогуле існуе. На суд гэты сведка не з’явіўся і ў пастанове суду ягоныя імя і прозвішча не згадваюцца. Мяркуем, што яны адмыслова выкарыстоўваюць несапраўдныя імёны, каб зашыфраваць супрацоўніка», – кажуць сваякі Аляксандра.

Згодна з пратаколам, Аляксандр Тамашэвіч браў удзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці і быў затрыманы на праспекце Пераможцаў ля дому № 8. Але ж родныя Тамашэвіча знайшлі сведкаў і нават відэа таго, што мужчына быў жорстка затрыманы зусім у іншым месцы – на Нямізе.

Сам Тамашэвіч сваёй віны не прызнаў і сказаў, што ні ў якім мерапрыемстве ўдзелу не браў. А толькі зайшоў у гандлёвы дом «На Нямізе», каб наладаваць свой фітнэс-браслет.

Аляксандр Тамашэвіч. Фота з архіву

Адвакат Тамашэвіча падаў хадайніцтва аб выкліку сведкі, які нібыта затрымліваў пенсіянера, і ўчастковага, які на яго складаў пратакол, у суд. Суддзя Сяргей Крупец адхіліў хадайніцтвы і пастанавіў прызнаць Тамашэвіча вінаватым.

Сяргей Крупец у судовай пастанове адзначыў наступнае: той факт, што Тамашэвіч быў затрыманы на Нямізе, а не на праспекце Пераможцаў, не зняпраўджвае факт прыняцця ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Сёння, калі чалавек выходзіць з дому, міліцыяй і судом гэта аўтаматычна расцэньваецца, як удзел у мітынгу. Канешне, гэта ненармальна. У Аляксандра не было пры сабе ніякай сімволікі. Увогуле ў людзей побач з ім не было ніякай сімволікі», – кажа сваячка Тамашэвіча.

Тым не менш, 63-гадовы пенсіянер з Дзяржынску Аляксандр Тамашэвіч атрымаў 12 содняў арышту. Родныя збіраюцца пры дапамозе адваката абскарджваць гэтае рашэнне.

Вольга Васільева, belsat.eu

Стужка навінаў