Выйграла падарункі – і атрымала вялізны крэдыт у прыдачу


Жыхарка Вялейкі трапіла на майстар-клас па масажы, дзе выйграла падарункі. Але атрымаць іх змагла толькі пасля набыцця вібранакідкі за Br 4400. Якую ёй прапанавалі ўзяць у крэдыт.

Месяц таму спадарыні Тэрэзе патэлефанавалі на хатні нумар, піша «Рэгіянальная газета». Прыемны голас спытаў, ці ўваходзіць яна ў катэгорыю 37+ і ці мае праблемы з хрыбтом. Пачуўшы станоўчыя адказы, добразычлівец запрасіў жанчыну на майстар-клас па масажы ў выставачную залу імя Сілівановіча, што ў Вялейцы.

«Мама ішла на майстар-клас, а трапіла на рэкламную прэзентацыю так званых вібранакідак – прыстасаванняў, якія кладуцца на крэсла і робяць масаж, – расказвае Юры, сын Тэрэзы.

На прэзентацыі жанчына быццам бы выйграла падарункі – коўдру і падушкі. Вядоўцы патлумачылі спадарыні Тэрэзе, што аддадуць іх пры ўмове, што жанчына набудзе масажную накідку з цудадзейнымі тэрапеўтычнымі якасцямі.

Вібранакідка, якая нашкодзіла здароўю

«Маці – жанчына разумная. Шмат гадоў працуе ў краме. Але пачала афармляць дакументы. Ёй паказвалі, дзе падпісаць, і ўвесь час прыспешвалі: маўляў, ужо вечар, нам трэба з’язджаць», – расказвае Юры.

Аказалася, што жанчына падпісала крэдытную дамову на Br 4400.

Юры не разумее, як гэта маглі зрабіць. Заробак ягонай маці – Br 300. Але пра яго памер банк нават не запытаўся.

У сям’і палічылі, што такія грошы з заробкам у трыста рублёў маці не выплаціць. Пачалі думаць, як скасаваць дамову. Больш за тое, праз некалькі дзён пасля выкарыстання пакупкі ў жанчыны значна пагоршылася здароўе. Яна звярнулася ў паліклініку, што пацвярджае даведка. Аказалася, цудадзейная накідка мае шмат супрацьпаказанняў. І Тэрэзе са сваймі захворваннямі такім прыстасаваннем карыстацца забаронена, пра што ў даведцы ёсць запіс.

Сям’я стала тэлефанаваць у фірму «Базіс поспеху», якая ладзіла той майстар-клас у Вялейцы. Трубку вельмі доўга не здымалі. Калі ж атрымалася дазваніцца расказаць пра праблему, пачулі адказ:

«На пытанне пра супрацьпаказанні адказаць не магу. Я не медык. А вярнуць накідку ў вас не атрымаецца, бо гэта тавар медычнага прызначэння. Трэба было лепш думаць перад пакупкай.

Аналагічны адказ атрымалі падчас асабістай сустрэчы з прадстаўнікамі фірмы. Сям’я напісала прэтэнзіі ў пракуратуры Вялейскага раёну і Менскай вобласці, у фірму «Базіс поспеху». Цяпер чакаюць адказаў.

Юры ўжо знайшоў людзей, якія пацярпелі ад гэтай фірмы. Некаторыя пагадзіліся напісаць агульную скаргу, некаторыя – не: кажуць, раз падпісалі крэдытную дамову – самі вінаватыя. Цікава, што ў Вялейцы фірма працавала пад назвай «Базіс поспеху», у іншых гарадах – «Каралева-сіці», або «Аляўціна плюс».

«Са сваёй праблемай мы будзем разбірацца самі, – кажа Юры. – Але вельмі не хацелася б, каб у такія сітуацыі траплялі іншыя сталыя людзі. Калі мы прыязджалі ў тую фірму разбірацца, на стале я бачыў вялізны стос такіх запрашэнняў, якія атрымала маці. Гэта ж столькі патэнцыйна падманутых людзей!

Таварыства аховы спажыўцоў: «Шкада людзей, але хто ж вінаваты?»

Старшыня Беларускага таварыства аховы спажыўцоў Ганна Суша кажа, што падобныя звароты ў іх службу вельмі частыя:

«Такая практыка называецца прамым продажам. Людзей запрашаюць на прэзентацыю і адразу там прадаюць нейкі тавар. Атрымліваецца, самі прыйшлі, самі падпісалі… Канешне, шкада людзей. Але ж хто ж тут вінаваты?».

Паводле Ганны Сушы, магчымасць вяртання залежыць ад тавараў. Калі гэта посуд або нявыкарыстаныя коўдры і падушкі, вярнуць тавар можна. Адзі­нае, такія тавары трэба вяртаць або падчас іншай прэзентацыі гэтага прадаўца ў вашым ці бліжэйшым горадзе, або самастойна везці на фірму. Перад гэтым трэба даць на адрас арганізацыі тэлеграму, што тавар не падыходзіць і вы б хацелі скасаваць дамову. Не варта адпраўляць тавар па пошце. Па словах Ганны Уладзіміраўны, паштовыя аддзяленні ў Горадні проста заваленыя вернутымі таварамі, але іх ніхто не забірае.

У таварыстве абароны спажыўцоў тлумачаць, што масажную вібранакідку вярнуць увогуле нельга, бо гэта складанае тэхнічнае прыстасаванне.

Падчас такіх прэзентацыяў адмысловец раіць патэнцыйным пакупнікам абавязкова раіцца з роднымі па мабільным тэлефоне. Але вядомыя ўжо і такія выпадкі, калі на падобных прэзентацыях тэлефоны могуць папрасіць адключыць.

Ва ўпраўленні Следчага камітэту журналістам паведамілі, што падобныя справы пакуль не разглядалі.

ДД; паводле артыкулу Аксаны Ярашонак, фота анонсу – MegaAgency/Forum

Стужка навінаў