«Выходзьце – на расстрэл». Затрыманыя ў КДБ распавялі, як падача хадайніцтва за Бабарыкаў прывяла на Акрэсціна

28 ліпеня пад сценамі КДБ у Менску сабраліся людзі, якія хацелі падаць хадайніцтва аб змене меры стрымання для Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Чын закончыўся затрыманнем прынамсі 38 чалавек. Большасць дакументаў прынятая не была, затое АМАП «прыняў» тых, хто прасіў выпусціць палітвязняў.

Пайшоў падаваць хадайніцтва ў кабінет, які аказаўся аўтазакам

Адзін з затрыманых – Андрэй Мікрюкоў, чалец ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Мужчына прыйшоў да КДБ 28 ліпеня каля 16-й гадзіны. Акрамя міліцыянтаў у цывільным людзей ля будынку на той момант было няшмат. На вачах Андрэя схапілі журналістаў, якія меліся асвятляць калектыўную падачу прашэння аб замене меры стрымання. Андрэя пусцілі ўнутр і завялі ў кабінет, дзе нібыта мелі прыняць хадайніцтва.

«З прыёмнай мяне запрасілі ў кабінет. Там быў АМАП. Папрасілі выключыць тэлефон, забралі пашпарт. Пазней павялі калідорам нібыта падаваць хадайніцтва ў іншы кабінет. Калідор апускаўся ў падвал. А з падвалу лесвіца выходзіла ва ўнутраны дворык, дзе адразу пад дзвярыма стаяла спецаўта. Вось так пайшоў падаваць хадайніцтва ў кабінет, які аказаўся аўтазакам».

Затрыманыя 28 ліпеня ў КДБ падчас падачы хадайніцтва аб змене меры стрымання для Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда. Фота https://www.facebook.com/viktoria.shapran.7

Разам з Андрэем затрымалі 18 чалавек – 5 жанчын і 13 мужчынаў. Кабета сталага веку прасілася дадому, бо не ўзяла лекаў, якія мусіць піць рэгулярна. Вядома, ёй адмовілі, кажа Андрэй. Мянчук дадае, што праваахоўнікі адмаўляліся адказваць на пытанні, хоць і паводзіліся карэктна. У аўтазаку яго закрылі з сямю асобамі ў боксе, разлічаным на чацвярых. Праз дваццаць хвілінаў кудысьці павезлі. Як пазней выявілася – у Кастрычніцкі РУУС.

«Паўсюль было вельмі шмат супрацоўнікаў органаў у масках. Усіх [затрыманых] сабралі ў актавай зале і выклікалі па адным на дачу паказанняў. Складалі пратакол «апытання асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністратыўны працэс».

Сёння ў Менску затрымалі 50 чалавек. Сярод іх – журналісты «Белсату»

Паводле Андрэя, адзін з начальнікаў у цывільным вёў сябе задзірліва. На ягонае рашэнне тры асобы забралі на Акрэсціна. Наш суразмоўца пералічыў імёны: Дзмітрый Барайчук, Юрый Кузняцоў, Аляксей Скрыпнік.

«Аднаго хлопца праверылі па базе, у 2017 годзе ён удзельнічаў у маршы недармаедаў. На яго склалі такі ж пратакол, што і два гады таму – непадпарадкаванне міліцыі. Мы абурыліся, сказалі, што выступім сведкамі. Яны гэта пачулі, зноў забралі, ён вярнуўся і сказаў, што стары пратакол парвалі і склалі новы, што лаяўся, выкрыкваў лозунгі «Свабоду Бабарыкам». Нас усіх адпусцілі пасля 19-й».

АМАП і аўтазакі на праспекце. Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Андрэй Мікрукоў раней удзельнічаў у акцыях і ланцугах салідарнасці, за што ў траўні атрымаў папярэджанне. Цяперашняе затрыманне стала для мужчыны першым.

«Я не шкадую і не баюся. Калі трэба, пайду яшчэ раз. Баяцца гэтага гнілога рэжыму – сябе і сваю краіну не паважаць».

«Выходзьце – на расстрэл!»

Іван Ярашэвіч таксама быў у ліку «шчасліўчыкаў», якія з будынку КДБ без тлумачэння трапілі ў аўтазак. Мужчына некалькі разоў спытаў праваахоўнікаў, ці ён у статусе затрыманага, але адказу не было.

«Пазней у РУУС міліцыянты мне сказалі: маўляў, мы вас не затрымлівалі, вы дабравольна прыйшлі. Але я ж разумею, калі б я адмовіўся ісці, гэта было б разгледжана як непадпарадкаванне».

Фота «Белсат»

Падрабязней мужчына распавёў і пра двух чалавек, якіх забралі на Акрэсціна. Ён пацвярджае словы Андрэя Мікрукова пра хамскія паводзіны аднаго з міліцэйскіх чыноўнікаў.

«Пасля апытання жанчын запрасілі выйсці ва ўнутраны дворык, дзе, як мы думалі, іх адпусцяць. І гэты міліцыянт, звяртаючыся да кабет, нібыта ў жарт сказаў: «Выходзьце – на расстрэл!» У кантэксце выказванняў Лукашэнкі гэта гучала недарэчна і недапушчальна. Яму было смешна, нам – не. Я і Дзмітрый Барайчук зрабілі заўвагу. А да гэтага Дзмітрый, бацька чатырох дзяцей, дарэчы, адмовіўся падпісваць пратакол. Міліцыянт раззлаваўся, указаў на Дзмітрыя і сказаў вывесці. Больш ён не вярнуўся. Яшчэ адзін затрыманы бачыў, як яго моцна ўдарылі ў спіну».

Усіх журналістаў, якія меліся весці стрым з-пад будынку КДБ, затрымалі

Іван адзначыў, што рэчы, якія ва ўсіх забралі ў аўтазаку, пасля ляжалі ў актавай зале на стале. Аднак тэлефоны былі ў асобнай скрынцы, і іх кудысьці выносілі. Пазней аказалася, што смартфоны ў некаторых былі ўключаныя, хаця ў КДБ іх прасілі адключыць.

«Нам сказалі, што ўсе пытанні – да КДБ. Гэта маё першае затрыманне. Непрыемна, але баяцца не варта. Шкадаваць пра свае рашэнні я не маю звычкі. Пайшоў у КДБ, каб падтрымаць Віктара і паказаць уладзе, што я адзін са шматлікіх, хто не згодны з яго затрыманнем».

Супрацоўнікі АМАПу ў цэнтры Менску, 14 ліпеня. Фота: ТК / Belsat.eu

28 ліпеня АМАП затрымаў каля 50 чалавек, у тым ліку журналістаў «Белсату». Грамадзяне прыйшлі да КДБ, каб разам са штабам Віктара Бабарыкі падаць хадайніцтва аб змене меры ягонага стрымання. Аднак улады палічылі чаргу несанкцыянаваным мітынгам і зладзілі зачыстку. Большасць выпусцілі праз пару гадзінаў нават без складання пратаколаў, але некаторых пакінулі ў РАУСе на ноч.

За час выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых, сярод якіх удзельнікі акцый салідарнасці, чальцы ініцыятыўных груп, блогеры, журналісты, актывісты, палітыкі і звычайныя мінакі. У крымінальных справах за пратэсты супраць нерэгістрацыі Бабарыкі 13 фігурантаў.

Што вядома пра фігурантаў «справы 14 ліпеня» і ці прызнаюць іх палітвязнямі?

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Hавiны